Імя беларуса ўключылі ў базу ўкраінскага сайту «Міратворац» за яго ўдзел у баявых дзеяньнях на баку Расеі і замах на тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.
26-гадовы грамадзянін Беларусі Павал Пецюлевіч, які ваяваў на баку Расеі і трапіў ва ўкраінскі палон. Фота з базы ініцыятывы BelPol
Павал Пецюлевіч паходзіць з Ашмянаў Горадзенскай вобласьці. Ён зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнка па дапамогу ў вызваленьні з украінскага палону і назваў падпісаньне кантракту з расейскай арміяй «няправільным рашэньнем». Апроч таго, ён папрасіў Лукашэнку яго памілаваць, бо ведае, што ў Беларусі наёмніцтва ёсьць крымінальным злачынствам.
Беларус трапіў у палон пры выкананьні свайго першага баявога заданьня. Ён расказаў украінскім вайскоўцам, якія ўзялі яго ў палон, што расейцы адпраўляюць сваіх вайскоўцаў «на мяса» без усялякай падтрымкі. Апроч таго, ён расказаў, як выглядаюць месцы баявых дзеяньняў — зьнішчаныя дамы, спалены лес і шмат целаў загінулых расейскіх вайскоўцаў, якіх не вывозяць з поля бою.
Павал Пецюлевіч паведаміў, што ў ліпені 2025 году ён прыехаў у Расею на заробкі — валіў дрэвы, але яго падманулі і ня выплацілі грошы, таму ён мусіў шукаць яшчэ працу і ўрэшце падпісаў кантракт аб службе ў расейскай арміі. Яму абяцалі 2,5 мільёна расейскіх рублёў.
Як паведамілі Свабодзе ў арганізацыі былых сілавікоў BelPol, Пецюлевіч паходзіць з шматдзетнай сям’і — мае трох старэйшых сясьцёр і аднаго брата. У 2019 годзе Паўла Пецюлевіча судзілі разам з бацькам і братам за абмежаваньне асабістай свабоды чалавека з выкарыстаньнем супраць яго гвалту. Эпізод адбыўся ў гарадзкім парку Ашмяны.
У Беларусі Павал працаваў няшмат: у 2014 годзе — на сельскагаспадарчым прадпрыемстве «Кракоўка» (вёска Кракоўка, Ашмянскі раён), у 2017 — на прыватным будаўнічым прадпрыемстве «ЖалдарТрансБуд» (пасёлак Сонечны, Менскі раён), а ў 2019 годзе, ужо як асуджаны, — у замежным ТАА «Кранаспан», якое вырабляла драўляныя пліты.
Згодна з інфармацыяй BelPol, да вайны Павал Пецюлевіч не выяжджаў за межы Беларусі.
Колькі беларусаў ва ўкраінскім палоне
Цяпер з улікам Паўла Пецюлевіча ва ўкраінскім палоне знаходзяцца 14 грамадзян Беларусі. Астатнія:
- Вадзім Зайкоўскі з Гомля, нарадзіўся 5 лістапада 1966 году.
- Ігар Сакалоўскі, нарадзіўся 23 чэрвеня 1994 году, служыў у 82-м мотастралковым палку Ўзброеных сілаў Расеі. Сам здаўся ў палон.
- Артур Аракелян, нарадзіўся 13 сьнежня 2004 году, паходзіць з Гомельскай вобласьці, Сьветлагорскага раёну, з аграгарадку Печышчы.
- Іван Шабунька, нарадзіўся 17 траўня 1977 году, паходзіць з Мастоў Горадзенскай вобласьці. Падпісаў кантракт з расейскай арміяй 10 чэрвеня 2024 году.
- Сяргей Шустаў, нарадзіўся 12 студзеня 1981 году. Як вынікала зь ягонага аповеду, яго сем разоў судзілі за крадзяжы, апошні раз ён, імаверна, сядзеў у Расеі, і яго забралі ў расейскае войска з калёніі. У палон беларус трапіў пад Тарэцкам у Данецкай вобласьці празь сем дзён пасьля таго, як пачаў ваяваць.
- Андрэй Лапатнёў зь Віцебску меў праблемы з законам праз наркотыкі, і, каб унікнуць перасьледу, вырашыў зьехаць праз Расею ў Польшчу. У Маскве яго затрымалі і прымусілі падпісаць кантракт зь Міністэрствам абароны Расеі. 2 красавіка 2024 году ён падпісаў кантракт на службу ў 123-й мотастралковай брыгадзе і падаў заяву на расейскае грамадзянства. У пачатку сакавіка трапіў ва ўкраінскі палон таксама ў Данецкай вобласьці.
- Артур Яфрэмаў паходзіць з Касьцюковічаў Магілёўскай вобласьці, чатыры разы суджаны за крадзяжы. Апошні раз быў затрыманы ў Расеі. Трапіў ва ўкраінскі палон у сьнежні 2024 году, імаверна, пад Купянскам Харкаўскай вобласьці.
- Міхаіл Шалгун родам з Ушацкага раёну Віцебскай вобласьці, ён нарадзіўся 10 сакавіка 1974 году, ваяваў у штурмавым палку, служыў кантрактнікам у палявой частцы, прыпісанай да Каменкі Ленінградзкай вобласьці. Чатыры разы асуджаны за хуліганства, разбойны напад і крадзяжы. Да адпраўкі ва Ўкраіну праходзіў рыхтаваньне ў Белгарадзкай вобласьці. Абвестку аб яго пошуках апублікавалі сёлета ў лютым у расейскай сацыяльнай сетцы «ВКонтакте»..
- Мікалай Жураўлёў нарадзіўся 27 траўня 1982 году. Ягонага імя бракуе ў раней апублікаваных сьпісах беларусаў, якія ваююць на баку Расеі супраць Украіны. Згодна з інфармацыяй «Кібэрпартызанаў», Мікалай нарадзіўся пад Віцебскам. Пасьведчаньне аб нараджэньні яму выдалі ў Бабініцкім сельскім савеце, а пашпарт — у 1999 годзе ў Віцебскім РАУС. Хутчэй за ўсё нежанаты, бо зьвестак пра шлюб на 2021 год у дакумэнтах няма. Мае сярэднюю спэцыяльную адукацыю — у 2005 годзе скончыў ПТВ-57. Працаваў на розных будаўнічых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах, на Смаленскім рынку ў Віцебску. З 2011 па 2013 год быў беспрацоўным. У 2013 годзе працаваў у віцебскіх папраўчай калёніі № 3 і ў лячэбна-працоўным прафілякторыі № 4. Ад 2014 году значыцца зноў беспрацоўным. Ніякіх зьвестак пра ягоную актыўнасьць у Беларусі, пачынаючы з 2014 году, няма.
- Сяргей Кузьменка нарадзіўся 22 ліпеня 1971 году. Да кантракту з расейскай арміяй жыў у расейскім горадзе Яраслаўлі. Ваяваў стралком у другім батальёне 102-га мотастралковага полку 150-й дывізіі. Хоць жыў у Расеі, меў беларускі пашпарт. У Беларусі жыве ягоная 81-гадовая маці Лідзія Кузьменка. Дэталі падпісаньня ягонага кантракту з расейскай арміяй невядомыя.
- Віктар Азямблоўскі нарадзіўся 20 ліпеня 1977 у Менску. Падпісаў кантракт з расейскай арміяй 15 траўня 2025 году. Мае 25-гадовага сына, з жонкай разышоўся. Суджаны за крадзяжы, нясплату алімэнтаў, ухіленьне ад адбыцьця пакараньня і за парушэньне правілаў знаходжаньня ў папраўчых установах.
- Уладзіслаў Карлоўскі нарадзіўся 11 верасьня 2001 году ў Дзяржынску. Падпісаў кантракт з расейскай арміяй ў ліпені 2025 году. Яго судзілі за шмат эпізодаў збыту псыхатропаў у складзе арганізаванай групы.
- Руслан Купрацэвіч нарадзіўся 31 кастрычніка ў пасёлку Чырвоны Гомельскага раёну. Пачаў ваяваць супраць Украіны на баку Расеі ў ліпені 2025 году.
Колькі беларусаў у расейскім палоне
У расейскім палоне, імаверна, знаходзяцца двое грамадзян Беларусі:
- Ян Дзюрбейка,
- Сяргей Дзёгцеў.
Яны ваявалі ў складзе палку Кастуся Каліноўскага і трапілі ў палон пасьля бою пад Лісічанскам 26 чэрвеня 2022 году. Але з таго моманту так і не ўдалося знайсьці інфармацыі аб дакладным месцы іх знаходжаньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі журналіст: у расейскі палон трапіў беларус, які ў 2022 годзе пешшу ўцякаў з Украіны ад вайныУлады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь не зьяўляецца ўдзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны.