Згодна з інфармацыяй праекту, у сьпісе 1292 расейскія вайскоўцы, сярод якіх ёсьць і беларусы.
Сярод дэзэртыраў — грамадзянін Беларусі Віталь Віктаравіч Шэўчык, нарадзіўся 15 траўня 1989 году, паходзіць зь вёскі Гаранавічы Берасьцейскай вобласьці, Віталь Аляксандравіч Юсін, нарадзіўся 13 сьнежня 1970 году ў Берасьці, а таксама Сяргей Віктаравіч Усьцінаў, нарадзіўся 18 красавіка 1977 году ў Быхаве Магілёўскай вобласьці. Усе яны ваявалі ў расейскай арміі на падставе кантракту.
Раней паведамлялі, што з пачатку поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі прынамсі 314 грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Расеі. Сёлета ўкраінскі праект «Хачу жыць» двойчы публікаваў сьпісы грамадзян Беларусі, якія ваююць на баку Расеі: у красавіку пералічылі прозьвішчы 742 беларусаў, а ў верасьні — яшчэ 596.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мар’інай Горцы вайскоўцаў урачыста звольнілі ў запас. Экс-байцоў гэтай брыгады раней заўважылі на фронце ва ЎкраінеШто вядома пра дэзэрціраў
Грамадзянін Беларусі Віталь Віктаравіч Шэўчык, які дэзэрціраваў з расейскага войска. Фота з базы ініцыятывы BelPol
Як паведамілі Свабодзе ў арганізацыі былых сілавікоў BelPol, з трох апублікаваных прозьвішчаў у базе грамадзян Беларусі да 2021 году ёсьць інфармацыя толькі пра аднаго зь іх — Віталя Шэўчыка.
Ён мае чатыры судзімасьці — за крадзяжы, махлярства і ўхіленьне ад папраўчых работ. За свае 36 гадоў ён шматкроць мяняў месца працы і працаваў газазваршчыкам, электразваршчыкам і мантажнікам у шэрагу прадпрыемстваў Баранавічаў. Адбываў пакараньне ў калёніі № 5 у Івацэвічах — з 2009 да 2011 год, потым яшчэ ў 2013-2014 гадах.
Інфармацыі пра Віталя Юсіна і Сяргея Ўсьцінаве няма. Як мяркуюць у BelPol, яны могуць быць толькі ўраджэнцамі Беларусі і мець расейскі пашпарт або ў іхных зьвестках — прозьвішчы ці даце нараджэньня — ёсьць памылкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўкраінскі палон трапіў яшчэ адзін беларус. У Беларусі яго судзілі за абмежаваньне волі чалавека- Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
- Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
- У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
- За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за 300 тых, хто ваяваў на баку Расеі.