У палацы ў Сьвяцку рэстаўратары знайшлі жывапіс XVIII стагодзьдзя

Палац у Сьвяцку

У інтэр’ерах палацу вядуцца маштабныя работы: рэстаўратары працуюць у трох асноўных залях.

Рэстаўруюць залю № 6, пэйзажную залю, залю імпэратарскіх партрэтаў, а таксама парадную лесьвіцу, піша mlyn.by.

У кожным з памяшканьняў знойдзены жывапіс XVIII стагодзьдзя, нанесены тэмпэрнай фарбай на тынк.

Асабліва каштоўны жаночы партрэт у залі імпэратарскіх партрэтаў. Ён найвышэйшага ўсясьветнага ўзроўню, варты і Эрмітажу, і Люўру, і кожнага музэю сьвету, — адзначыў дырэктар дызайн-студыі «Пальмета» Ігар Ганяеў.

Сярод аўтараў партрэтаў вядомыя мастакі, пачынальнікі беларускай, літоўскай, польскай школаў жывапісу.

Палац Валовічаў месьціцца ў Сьвяцку Горадзенскага раёну. Пабудаваны ў 1779 годзе. Аўтар — італійскі дойлід Джузэпэ Сака. На пачатку ХХ стагодзьдзя палацава-паркавым комплексам валодалі Гурскія. У часе І Усясьветнай вайны палац быў моцна панішчаны. У 1930-я палац перабудавалі. У ім быў пансіянат для нарказалежных. Ад марфінавай і іншай залежнасьці тут лекаваліся і прадстаўнікі горадзенскіх творчых колаў.

За савецкім часам тут зрабілі санаторыю для хворых на сухоты. Старадаўні інтэр’ер зьнішчылі. У 2005 санаторыя адсюль выехала, палац перадалі на балянс управы адукацыі Горадзенскага райвыканкаму. Аб палацы і парку дбаць перасталі. Пазьней комплекс перадалі на балянс санаторыі «Азёрны». Палац доўгі час быў занядбаны.

Пры рэстаўрацыі палацу ўжо бывалі знаходкі. Напрыклад, тут знайшлі закапанае віно вытрымкай 200 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палац Валовічаў развальваецца пад аховай дзяржавы