На прадпрыемстве «Беларуськалій» адбыўся выбух праз уцечку салянай кіслаты, пацярпелі 4 супрацоўнікі

ААТ «Беларуськалій». Ілюстрацыйнае фота

На прамысловай пляцоўцы цэху мэмбраннага электролізу 4 рудаўпраўленьня ААТ «Беларуськалій» разарвалася ёмістасьць з-пад салянай кіслаты.

Як паведамілі ў Міністэрстве надзвычайных сытуацый Беларусі, папярэдне пацярпелі 4 чалавекі, пашкоджаньні атрымала суседняя ёмістасьць з салянай кіслатой.

На месцы здарэньня працуюць 8 адзінак тэхнікі ведамства.

У Міністэрстве аховы здароўя адзначылі, што на прадпрыемства накіравалі мэдычную брыгаду для наданьня дапамогі пацярпелым.

«Пацярпелі чатыры працаўнікі прадпрыемства: усе яны зь хімічнымі апёкамі, камбінаванымі траўмамі знаходзяцца ў Салігорскай ЦРБ», — адзначылі ў ведамстве.

Органы дзяржаўнага нагляду цяпер праводзяць маніторынг паветра на прамысловай пляцоўцы.

ААТ «Беларуськалій» у сваім тэлеграм-канале пацьвердзіла ўцечку салянай кіслаты на прадпрыемстве.

Падкрэсьліваецца, што «выцек прыпынены, ажыцьцяўляецца перапампоўка вадкасьці з абвалаваньня пры дапамозе помпаў у чыгуначную цыстэрну».

«Адміністрацыя ААТ „Беларуськалій“ паведамляе, што ў зону хімічнага заражэньня пры выкідзе салянай кіслаты горад Салігорск не трапляе», — заявілі на прадпрыемстве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На «Беларуськаліі» тушылі пажар, а на «Гродна Азот» на дзень спынялі адзін з цэхаў