Урачыстае адкрыцьцё прайшло 31 кастрычніка ў Палацы Рэспублікі. Паведамляецца, што для ўдзелу ў фэстывалі было пададзена больш за 3,6 тыс. заявак са 120 краін, адабрана 157 фільмаў з 41 краіны. На «Лістападзе» прадстаўлены работы ўдзельнікаў з Расеі, Кітая, Індыі, Ірана і Пакістана, а таксама з краін Эўропы, перадае БЕЛТА.
Спэцыяльны прыз Лукашэнкі «За захаваньне і разьвіцьцё традыцый духоўнасьці ў кінамастацтве» на «Лістападзе» прысудзілі расейскаму актору і былому дэпутату Дзярждумы Расеі Дзьмітрыю Пяўцову. Пяўцова завочна прысудзілі да дзесяці гадоў турмы ва Ўкраіне за «неаднаразовы распаўсюд антыўкраінскіх наратываў і заклікаў да захопу дзяржаўнай улады і ўсёй тэрыторыі Ўкраіны». Сярод іншых расейскіх гасьцей «Лістапада» — кінэматаграфісты Карэн Шахназараў, Уладзімір Граматыкаў, Мікалай Бурляеў.
Паведамляецца, што можна будзе купіць квіткі па сымбалічным кошце — 1 рубель — на калекцыю фільмаў краінаў СНД, прысьвечаную 80-годдзю перамогі.
Прэмʼеру беларуска-сэбскага праекта — тэлевізійнай вэрсіі спэктакля «Ідыёт» з удзелам актораў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага — пакажуць 6 лістапада ў кінатэатры «Перамога». Аб гэтым журналістам 31 кастрычніка паведаміла начальніца аддзела па кінэматаграфіі Міністэрства культуры Беларусі Ірына Дрыга, перадае карэспандэнт агенцтва «Мінск-Навіны».
- Першы «Лістапад» прайшоў у беларускай сталіцы ў 1994 годзе. У лепшыя часы кінафорум наведвалі дзясяткі тысяч гледачоў і мноства зорных гасьцей з усяго сьвету. Сярод іх былі Фані Ардан, Клер Дэні, Кшыштаф Занусі, Андрэй Зьвягінцаў, Дэні Катэ, Вахтанг Кікабідзэ, Эмір Кустурыца, Арнэля Муці, Сяргей Лазьніца, Брыльянтэ Мэндоза.
- Цяпер фэстываль моцна зьмяніўся. Як казала раней у інтэрвію Свабодзе кінакрытык Ірэна Кацяловіч, «Лістапад» да 2020-га і «Лістапад» пасьля 2020 году — гэта дзьве абсалютна розныя гісторыі, „Лістапад“ стаў пляцоўкай, якая адлюстроўвае замежнапалітычны вэктар краіны, гэта цалкам ідэалягічная гісторыя зь вельмі сумнеўным выбарам».