Для барацьбы з мэтэазондамі Літва перакідвае на мяжу стралкоў

Мэтэазонд з кантрабандай зь Беларусі. Ілюстрацыйнае фота.

Члены Літоўскага саюза стралкоў (ЛСС) далучацца да мабільных групаў, якія будуць змагацца з мэтэазондамі, якія запускаюцца з тэрыторыі Беларусі, паведаміў саветнік прэм’ер-міністра Літвы Інгі Ругінене Ігнас-Альгірдас Дабравольскас.

Паводле яго словаў, якія прыводзіць Delfi, мабільныя каманды «будуць дзейнічаць і будуць гатовы да прыняцьця рашэньняў».

Чакаецца, што Камісія па нацыянальнай бясьпецы ў наступным годзе абмяркуе «вынікі таго, што адбудзецца за гэты час».

Інфармацыйнае агенства «Позірк» нагадвае, што раней паведамлялася, што ў сувязі з беларуска-расейскімі ваеннымі вучэньнямі «Захад-2025» Літва ўзмацняла ўзровень кантролю сваёй граніцы, у тым ліку за кошт прыцягненьня структур нацыянальнай абароны і ЛСС.

Саюз стралкоў зьяўляецца непалітычнай грамадзкай ваенізаванай арганізацыяй пад кіраўніцтвам урада Літвы. Абʼяднаньне налічвае больш за 16 тыс. чальцоў.

На ўзбраеньні ў стралкоў аўтаматычныя і снайпэрскія вінтоўкі рознай мадыфікацыі, пісталеты, кулямёты.

  • У Вільні пасьля чарговага закрыцьця аэрапорта з прычын фіксацыі ў паветранай прасторы Літвы зондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі на паўсутак былі затрыманыя асобныя авіярэйсы.
  • Аэрапорт не працаваў менш за тры гадзіны, яго кіраўніцтва папярэдзіла, што «на працягу дня магчымы затрымкі асобных рэйсаў з прычыны парушэньня ратацыі экіпажаў і паветраных суднаў».
  • Усе пункты пропуску на беларуска-літоўскай мяжы будуць закрыты на працягу месяца — такое рашэньне прынята на пасяджэньні ўрада балтыйскай краіны 29 кастрычніка. Магчыма падаўжэньне абмежаваньняў пасьля 30 лістапада.
  • Позна ўвечары 26 кастрычніка Літва закрыла мяжу зь Беларусьсю на нявызначаны тэрмін, такім чынам, зараз тэрмін падоўжаны да канца восені.
  • Да гэтага Літва закрывала мяжу некалькі разоў. Прычынай сталі паветраныя шары з кантрабанднымі цыгарэтамі, якія ў тым ліку пагражалі рабоце аэрапорта ў Вільні. Упершыню мяжа была зачынена ў ноч на 22 кастрычніка.