Надмагільны помнік Зьмітраку Бядулю ў Менску адкрылі праз 5 гадоў пасьля перапахаваньня. ФОТА

Помнік клясыку беларускай літаратуры Зьмітраку Бядулю на яго магіле ў Менску

3 лістапада на Ўсходніх могілках у Менску адкрылі помнік клясыку беларускай літаратуры Зьмітраку Бядулю.

Помнік Зьмітраку Бядулю быў створаны пры падтрымцы неабыякавых беларусаў, якія прынялі ўдзел у дабрачынным зборы грошай.

Афіцыйнае адкрыцьцё помніка адбылося роўна празь пяць гадоў пасьля перапахаваньня парэшткаў паэта.

Адкрыцьцё помніка было прымеркавана да дня памяці пісьменьніка: ён памёр 3 лістапада 1941 году ў эвакуацыі каля Ўральску ў Казахстане, там яго і пахавалі на гарадзкіх могілках. Зьмітраку Бядулю было 55 гадоў.

Помнік Зьмітраку Бядулю адкрылі на Ўсходніх могілках у Менску

Сын пісьменьніка Яфім Плаўнік расказаў, што было шэсьць спробаў перавезьці прах бацькі на радзіму ў Беларусь, і толькі на сёмы раз гэта ўдалося. У лютым 2020 году парэшткі Бядулі эксгумавалі і даставілі самалётам з Казахстану ў Беларусь. 3 лістапада 2020 году прах пісьменьніка перапахавалі на Ўсходніх могілках у Менску.

Дзяржаўны музэй гісторыі беларускай літаратуры выступіў ініцыятарам дабрачыннага збору сродкаў на стварэньне надмагільнага помніку. У выніку ўдалося сабраць палову неабходнай сумы. Рэшту вылучылі зь дзяржаўнага бюджэту.

Помнік Зьмітраку Бядулю адкрылі на Ўсходніх могілках у Менску

Аўтары помніка — скульптары Сяргей Гумілеўскі і архітэктар Віктар Карака. Помнік адкрыюць а 12-й гадзіне, паведамляе Дзяржаўны музэй беларускай літаратуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 нечаканых фактаў пра Зьмітрака Бядулю, які нарадзіўся 135 гадоў таму

Сяргей Гумілеўскі раней расказваў, што помнік будзе ў выглядзе асымэтрычнай пліты з каштоўнага зялёнага граніту, якая формаю нагадвае ніву пад парывам ветру, на пліце бронзавая скульптурная выява паэта. Падыход да помніка прапануецца зрабіць з брукаванкі, якая сымбалізуе складаны жыцьцёвы шлях Бядулі. Вышыня помніка 180 см — такое абмежаваньне вызначана законам аб пахаваньнях.

Зьмітрок Бядуля

  • Зьмітрок Бядуля (сапраўднае імя Самуіл Плаўнік) нарадзіўся ў 1886 годзе.
  • Беларускі празаік, паэт, крытык.
  • Найбольш вядомы апавяданьнямі.
  • Перакладаў на беларускую мовы творы Шолам-Алейхема, Тараса Шаўчэнкі.
  • Памёр 3 лістапада 1941 году.
  • На Ўсходніх могілках Менску прах Зьмітрака Бядулі перапахавалі 3 лістапада 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менск прывезьлі парэшткі Зьмітрака Бядулі, яго перапахаваюць «у годным месцы»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як на Ўсходніх могілках Менску перапахавалі прах Зьмітрака Бядулі. Фота
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Музэй гісторыі беларускай літаратуры зьбірае сродкі на надмагільны помнік Зьмітраку Бядулю, якога перапахавалі ў Менску