Падтрымку свабоднай і дэмакратычнай Беларусі Новай Зэляндыяй абмяркоўвалі 3 лістапада на сустрэчы міністар замежных справаў гэтай дзяржавы Ўінстан Пітэрс і Сьвятлана Ціханоўская.
У выніку сустрэчы Пітэрс адзначыў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х, што Ўэлінгтан «працягвае заклікаць рэжым у Беларусі гарантаваць захаваньне асноўных правоў чалавека для ўсіх беларусаў».
Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка паведамляў «Позірку», што на перамовах падчас візыту ў Новую Зэландыю (3 лістапада) і Аўстралію (4–8 лістапада) будуць паднятыя пытаньні: прыцягненьня рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да адказнасьці за саўдзел у вайне і злачынствы супраць чалавечнасьці; санкцыяў супраць асобаў, якія маюць дачыненьне да рэпрэсіяў у Беларусі і вайны ва Ўкраіне; падтрымкі гуманітарных ініцыятываў, незалежных мэдыя.
Акрамя таго, плянуецца вывучыць патэнцыял рэгіёну як будучага партнэра і інвэстара ў дэмакратычную Беларусь (энэргетыка, адукацыя, інавацыі, рэформы дзяржаўнага кіраваньня).
За падтрымку раскйскай агрэсіі ва Ўкраіне Вэлінгтон наклаў санкцыі на Лукашэнку, дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Аляксандра Вальфовіча, кіраўніцтва Міністэрства абароны Беларусі, Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў, Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту, а таксама шэрагу банкаў, беларускіх прадпрыемстваў структуры ВПК і інш.
30 кастрычніка 2025 году сьпіс папоўнілі ААТ «Нафтан» і канцэрн «Белнафтахім», якія ў Новай Зэляндыі лічаць датычнымі да незаконнага гандлю расейскай нафтай.
Гэтая дзяржава таксама ўвяла шэраг абмежаваньняў на гандаль з Беларусьсю ў экспарце і імпарце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Без рэальных саюзьнікаў мы вядзем прайграную бітву». Ціханоўскія выступілі ў Эўрапарлямэнце