Хроніка перасьледу 4 лістапада: інжынэра зь Берасьця асудзілі ў палітычнай крымінальнай справе

Суд у Берасьці. Архіўнае фота

Свабода працягвае храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Інжынэра зь Берасьця асудзілі ў палітычнай справе

Ігара Бахаўчука зь Берасьця сёлета асудзілі паводле двух артыкулаў — «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361‑2 Крымінальнага кодэксу) і «абраза прадстаўніка ўлады» (ч. 1 арт. 368 КК). Пра вырак стала вядома толькі цяпер. Бахаўчуку прысудзілі «хатнюю хімію». Зьмест абвінавачаньняў і дакладны прысуд невядомыя. Імя Ігара зьявілася ў «сьпісе экстрэмістаў».

Берасьцейцу Ігару Бахаўчуку 48 гадоў, ён скончыў Менскі энэргетычны тэхнікум, пазьней — Берасьцейскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, мае жонку і сына.

Ігар працаваў у некалькіх кампаніях у Менску і Берасьці. Апошняя вядомая ягоная пасада — інжынэр тэхнічнага агляду ў адной зь менскіх кампаніяў. З траўня 2022 году ён шукаў працу ў Літве, піша «Наша Ніва».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 3 лістапада: вырак гомельскаму пастару пакінулі бязь зьменаў