У Славаччыне адновіць працу беларуская амбасада

Аляксандар Лукашэнка і Робэрт Фіца, Пэкін, 3 верасьня 2025

Амбасаду Беларусі ў Славаччыне плянуецца адкрыць да 1 верасьня 2026 года, адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністар Аляксандр Турчын.

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Беларусь закрыла амбасаду ў Браціславе ўвосень 2023 году. Апошнім амбасадарам Беларусі ў Славаччыне быў Ігар Ляшчэня, які падаў у адстаўку ў жніўні 2020 году. Тады дыплямат, былы памочнік Аляксандра Лукашэнкі, выступіў у падтрымку беларусаў, якія выйшлі на мірныя пратэсты пасьля выбараў прэзыдэнта.

Прэмʼер-міністар Славаччыны Робэрт Фіца сустракаўся з Лукашэнкам у верасьні падчас у Пэкіне, ішла гаворка пра візыт Фіца ў Беларусь.

Фіца і Лукашэнка наведвалі Кітай для ўдзелу ў цырымоніях з нагоды 80-годзьдзя перамогі над Японіяй і заканчэньня Другой сусьветнай вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці ўручыць славацкі амбасадар даверчыя лісты Лукашэнку — камэнтар экспэрткі да выбараў у Славаччыне

Да нядаўняга часу Славаччына была пасьлядоўным крытыкам рэжыму ў Менску. Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская некалькі разоў наведвала гэтую краіну, сустракалася з папярэдняй славацкай прэзыдэнткай Зузанай Чапутавай (кадэнцыя якой завяршылася 15 чэрвеня 2024 года) і чальцамі ўраду.

Аднак увосень 2023 году на парлямэнцкіх выбарах у Славаччыне перамагла левацэнтрысцкая партыя «Напрамак — сацыяльная дэмакратыя» на чале з Фіца, які чацьвёрты раз стаў прэмʼер-міністрам краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пачынаюць працаваць новыя амбасадары Ватыкану і Славаччыны

Пасьля прыходу да ўлады Фіца Браціслава вярнула амбасадара ў Беларусь. Славаччына і Вугоршчына, урад якой узначальвае прэмʼер Віктар Орбан, зьяўляюцца адзінымі краінамі Эўразьвязу, прадстаўленымі ў Беларусі на ўзроўні амбасадараў. Астатнія дзяржавы ЭЗ пасьля падзеяў 2020 году абмежавалі дыпляматычную прысутнасьць да ўзроўню часовых павераных.