Як паведаміла выданьне «Рэспубліка», адным з ключавых патрабаваньняў будзе ўключэньне зьвестак аб маркетплейсе ў Гандлёвы рэестар, як гэта прадугледжана ўжо для ўласьнікаў інтэрнэт-крамаў, аб’ектаў гандлю і грамадзкага харчаваньня, гандлёвых цэнтраў і рынкаў.
Апроч таго, калі ўласьнік інтэрнэт-пляцоўкі замежная юрыдычная асоба або грамадзянін, то яны абавязаныя будуць стварыць у Беларусі арганізацыю або філіял замежнай арганізацыі, зьвесткі аб якой будуць уключаць у Гандлёвы рэестар.
«МАРГ будзе мець кампэтэнцыю выносіць рашэньне аб абмежаваньні доступу да інтэрнэт-пляцоўкі пры выяўленьні нашымі спэцыялістамі [...] фактаў невыкананьня ўласьнікамі інтэрнэт-пляцоўкі прадугледжаных указам патрабаваньняў. Парадак прыпыненьня і аднаўленьня працы вызначыць урад», — сказала Сьвятлана Караткевіч.
Прапануюць увесьці забарону на дзеяньні, якія «абмяжоўваюць канкурэнцыю, шкодзяць правам, свабодам і законным інтарэсам гульцоў рынку і спажыўцоў, а таксама ствараюць дыскрымінацыйныя умовы». Усе маркетплэйсы абавяжуць прымаць назад няякасныя тавары і адказваць за шкоду, нанесеную праз разьмяшчэньне непраўдзівай інфармацыі пра тавар.
Згодна зь інфармацыяй МАРГ Беларусі, у 2024 годзе частка інтэрнэт-гандлю ў розьнічным тавараабарачэньні склала амаль 12 %, што ў два разы перавысіла паказьнікі 2022 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замест Amazon і eBay. Чаму расейскія плятформы Wildberris і Ozon пануюць на беларускім рынку