На Нацыянальным праўным партале апублікавалі прапановы зьменаў у падаткаабкладаньне ад Міністэрства падаткаў і збораў (МПЗ) Беларусі.
У выпадку прыняцьця паправак Беларусь фактычна пяройдзе з „пляскатай“ да прагрэсіўнай шкалы налічэньня падаходнага падатку. Калі раней падаходны падатак складаў 13% ад сумы даходаў для ўсіх, пасьля 2024 году — 13% пры гадавым даходзе да 200 тысяч рублёў і 25% ад сумы даходаў, якія перавышаюць 200 тысяч, то цяпер могуць увесьці трохузроўневую шкалу падаходнага падатку.
«...Калі такія даходы налічаныя за падатковы пэрыяд у памеры звыш 600 000 беларускіх рублёў, падатковыя стаўкі вызначаюцца ў наступных памерах: з даходаў звыш 350 000 беларускіх рублёў, але ня больш за 600 000 беларускіх рублёў — у памеры 25% зь перавышэньня над мяжой у 350 000 беларускіх рублёў; з даходаў звыш 600 000 беларускіх рублёў — у памеры 40% з сумы перавышэньня над мяжой у 600 000 беларускіх рублёў», — запісана ў прапанове МПЗ.
Такім чынам фактычна руйнуецца «падатковы рай» для заможных грамадзян Беларусі й іншаземцаў, якія вялі ў Беларусі бізнэс, карыстаючыся мінімальным у рэгіёне падаходным падаткам.
Раней Менскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў выказваў нязгоду з такімі зьменамі. Ня ставячы пад сумнеў увядзеньне прагрэсіўнай шкалы, Саюз накіраваў ліст-хадайніцтва ў МПЗ, у якім адзначае занепакоенасьць
«...прапановамі МПЗ аб зьмене парадку адміністраваньня падаходнага падатку зь фізычных асобаў. Чатыры выпадкі выклічуць праблемы пры рэалізацыі: складанасьць мэтаду запаўненьня дэклярацыяў, праблема пры наяўнасьці запазычанасьці ў заработнай плаце, дадатковая справаздачная нагрузка, брак праграмнага забесьпячэньня».
Прадпрымальнікі прапануюць абмеркаваць і дапрацаваць гэтыя зьмены ў падатковым заканадаўстве ў лістападзе, бо іх азнаёмілі з законапраектам занадта позна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы пражытковы мінімум і ліміты цэнаў на гародніну. Што зьменіцца для беларусаў у лістападзе