Былы віцэ-прэзыдэнт ЗША (2001–2009 гг.) Рычард (Дык) Чэйні памёр ва ўзросьце 84 гадоў. Пра гэта паведамляе CNN з спасылкай на сям’ю палітыка.
У заяве сямʼі Чэйні гаворыцца, што ён памёр ад ускладненьняў пнэўманіі і сэрцава-судзінных захворваньняў.
У 2012 годзе палітыку правялі апэрацыю перасадкі сэрца, а да таго ён перанёс пяць сардэчных прыступаў.
Чэйні, ураджэнец штату Нэбраска, з 2001 па 2009 год быў віцэ-прэзыдэнтам пры прэзыдэнту Джорджу Бушу-малодшым. Яго называлі самым уплывовым віцэ-прэзыдэнтам у амэрыканскай гісторыі.
Таксама ён займаў пасаду кіраўніка апарату Белага дому за прэзыдэнцтва Джэральда Форда. Быў міністрам абароны ЗША ў адміністрацыі прэзыдэнта Джорджа Буша-старэйшага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Група рэспубліканцаў, апанэнтаў Трампа, падтрымае на выбарах 2022 года дэмакратаў