Праваабаронцы паведамілі пра 182 палітвязьняў, якія «знаходзяцца ў асабліва ўразьлівым становішчы»

Ілюстрацыйная выява

У падобнай групы зьняволеных з палітычных прычынаў людзей побыт у турме абцяжарваецца пастаяннай патрэбай у мэдычнай дапамозе, інваліднасьцю ці іншымі падобнымі чыньнікамі.

Праваабаронцам з цэнтру «Вясна» вядома як мінімум пра 182 палітвязьні, якія знаходзяцца ў асабліва ўразьлівым становішчы.

У ліку гэтай групы:

  • 66 чалавек маюць цяжкі стан здароўя;
  • 37 чалавек знаходзяцца ў складаных сямейных абставінах (гэта самотныя і шматдзетныя бацькі, а таксама сем'і, у якіх абодва бацькі знаходзяцца ў зьняволеньні);
  • 25 чалавек старэйшыя за 60 гадоў (большасьць маюць праблемы са здароўем);
  • 9 чалавек з мэнтальнымі разладамі;
  • 8 чалавек з інваліднасьцю.

Акрамя іх ёсьць палітвязьні, якія дыскрымінуюцца на розных падставах. Гэта можа быць рэжым інкамунікада і выпадкі, калі чалавек не выходзіць са зьняволеньня, хаця тэрмін пакараньня скончыўся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каля 15% асуджаных — палітычныя». Былы вязень «Воўчых нораў» пра парадкі ў турме
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Група былых беларускіх палітвязьняў напісала ліст Трампу, просіць працягваць намаганьні для вызваленьня астатніх палітычных зьняволеных