«Свежыя» сустрэчы Пуціна працягваюць запісваць загадзя. Дзеля гэтага адмыслова адзяваюць чыноўнікаў

Уладзімір Пуцін

Крэмль адвёў удзельнікам сустрэчаў з Пуціным асаблівую ролю — у дзень выхаду загадзя запісаных «кансэрваў» яны зьяўляліся на іншых мерапрыемствах у тых жа строях, што і ў Крамлі. Так прэс-служба спрабуе выдаць старыя запісы за сьвежыя. Але дробязі — упрыгожаньні, гадзіньнікі, кнігі на паліцах — зноў выдалі пастаноўку, піша Настоящее время.

У 2025 годзе прэс-служба Крамля неаднаразова выдавала зьнятыя загадзя сустрэчы Ўладзіміра Пуціна за сьвежыя. Такія запісы называюць «кансэрвамі»: іх выпускаюць у тыя дні, калі Пуцін насамрэч не выходзіць на публіку.

Расьсьледніцкі праект «Сыстэма» ўжо паказваў, як выявіць такія падмены па расстаноўцы кніг на паліцах у працоўным кабінэце або па знаходжаньні асадак на стале. Цяпер журналісты выкрылі яшчэ адзін выкрут Крамля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крэмль за 2025 год ужо пяць разоў публікаваў відэа з Пуціным, запісаныя раней. У тым ліку перад сустрэчай з Уіткафам

У дзень, калі выходзіць чарговая «кансэрва» з Пуціным, чыноўнікі, што ўдзельнічалі ў запісе, зьяўляюцца і на іншых мерапрыемствах — публічна і ў рэальным часе. Мяркуючы з пэўных прыкметаў, каб схаваць падмену, яны атрымліваюць інструкцыі адзявацца гэтак сама, як на «кансэрвах». Але ідэальна трапіць у выяву не заўсёды атрымліваецца — службоўцаў выдаюць дробязі.

Расьсьледнікі знайшлі некалькі такіх прыкладаў.

Дзьмітрый Грыгарэнка, намесьнік старшыні ўраду, удзельнічаў у запісе «кансэрвы»: не пазьней за сярэдзіну жніўня 2025 году. Дата публікацыі «кансэрвы»: 25 жніўня 2025 г.

Дзьмітры Грыгоранка на запісанай сустрэчы з Пуціным і на рэальнай сустрэчы ў той дзень

На сустрэчу ў Крэмль Грыгарэнка прыйшоў у цёмна-сінім гальштуку ў бобачку, а таксама з масіўным гадзіньнікам на левай руцэ. «Кансэрвавы» фармат гэтай сустрэчы паказвае тое, што на кніжнай паліцы Пуціна ў момант сустрэчы не было зборніка паэзіі кастрамскіх дэсантнікаў, які ўпершыню зьявіўся на паліцы ў публікацыі Крамля ад 13 жніўня.

Тая самая кніга пра дэсантнікаў выкрыла «кансэрву», запісаную з удзелам кіраўніцы «Росприроднадзора» Сьвятланы Радзівонавай. Таксама чыноўніца ў той дзень зьявілася ў Савеце Фэдэрацыі зь пярсьцёнкам і гадзіньнікам на руцэ, а ў запісе з Пуціным на ейнай левай руцэ толькі бранзалет. Гэта паказвае на тое, што запіс з Пуціным — «кансэрва».

Сьвятлана Радзівонава на запісанай сустрэчы з Пуціным і на рэальнай сустрэчы ў той дзень

Акрамя таго, на «кансэрвы» паказвае і разьмяшчэньне асадак і алоўкаў. Напрыклад, на другой сустрэчы Пуціна з кіраўніцай Агенцтва стратэгічных ініцыятыў Сьвятланай Чупшавай у верасьні 2025 году пісьмовае прыладзьдзе на стале ў Пуціна стаіць гэтак сама, як і на сустрэчы з Радзівонавай у кастрычніку. Паміж гэтымі дзьвюма сустрэчамі прайшло амаль паўтара месяца і дзевяць іншых мерапрыемстваў у крамлёўскім кабінэце. І штораз асадкі і алоўкі стаялі па-рознаму, акрамя гэтых дзьвюх сустрэчаў.

Крэмль ані разу не адказаў на пытаньні «Сыстэмы» аб выкарыстаньні «кансэрваў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспарт расейскага газу ў Эўропу зьменшыўся да 50-гадовага мінімуму