Прэцэдэнт Падлеўскай. Былую палітзьняволеную маглі дэпартаваць у Беларусь праз памылкі польскіх службоўцаў

Наталья Падлеўская

Былую палітзьняволеную Натальлю Падлеўскую, якая жыла ў Польшчы, польскія ўлады перадалі ў Літву, бо яна ўяжджала ў Эўразьвяз зь літоўскай візай. Праз шэраг адміністрацыйных памылак яе ледзь не дэпартавалі ў Беларусь.

Натальля Падлеўская расказала Свабодзе, што варта рабіць у падобных выпадках. З словаў юрыстаў, прэцэдэнт Падлеўскай дапаможа вырашаць наступныя падобныя справы.

Гэтая сытуацыя нагадала затрыманьне ў Беларусі, кажа Натальля Падлеўская. Ёй пагражалі кайданкамі, у яе моцна падскочыў ціск. Праз два дні пасьля яе перадачы ў Літву польскі суд вырашыў, што жанчына магла б заставацца жыць у Польшчы. Але цяпер хутка вярнуцца назад яна ня можа.

Натальля Падлеўская цяпер у Літве, у Вільні. Яе прыняў прытулак для ўцекачоў «Замак». На нейкі час яна прыехала пагасьціць да сяброўкі, зь якой разам сядзела ў турме ў Жодзіне.

«Усё добра. Я ўжо адаптуюся патроху», — кажа Натальля ў размове са Свабодай.

Яна ўжо падала дакумэнты на ўцякацтва ў Літве. Іх прынялі. Яна мяркуе, што разгляд справы можа заняць паўгоду. Юрысты кажуць, што працэдура, бывае, займае і год. Цяпер Натальля адзначае, што пачуваецца лепш, чым калі яе перадавалі з Польшчы ў Літву.

Лічыць Польшчу другім домам

Натальлі Падлеўскай 60 гадоў. Яе затрымалі ў Беларусі ў лістападзе 2021 году нібыта за «абразу Лукашэнкі» і некалькіх прадстаўнікоў улады. У траўні 2022 году яе асудзілі на год калёніі. Жанчына вызвалілася ўлетку 2022 году. Пасьля гэтага Натальля зьехала ў Польшчу і год таму падала заяву на міжнародную абарону.

Натальля Падлеўская расказала Свабодзе, што лічыць Польшчу сваім другім домам. Яна ведае польскую мову, бо чула яе зь дзяцінства. У Польшчы жыве ейная 80-гадовая маці, хворая на анкалёгію, якая мае дазвол на жыхарства ў Польшчы. Маці нарадзілася ў польскім Жырардаве пад Варшавай. Сваю дачку Натальля таксама нарадзіла ў Польшчы, тая мае польскае грамадзянства.

Аднак Падлеўская выяжджала зь Беларусі зь літоўскай візай, і паводле Дублінскага пагадненьня ейную справу меліся б разглядаць у Літве. Таму ёй двойчы адмовілі ў міжнароднай абароне ў Польшчы. Беларуска спрабавала абскардзіць гэтае рашэньне. Аднак да таго, як суд разглядзеў ейную скаргу 24 кастрычніка і прыняў рашэньне на яе карысьць, Падлеўскую перадалі ў Літву.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не далі спакаваць рэчы. Былую палітзьняволеную хочуць выслаць з Польшчы ў Літву

«Не вымушайце нас ужыць сілу»

За два дні да суду, які пазьней вырашыць-такі, што Падлеўская можа заставацца жыць у Польшчы, Натальля з стрыечнай сястрой паехала ў краму. Сястры пазванілі памежнікі і папрасілі Натальлю вярнуцца дадому, расказвае Падлеўская. Калі яна прыехала, каля дому чакаў аўтамабіль з памежнікамі ў цывільным.

«Я не сказала б, што гэта памежнікі, пакуль яны мне не паказалі свае значкі. Я іх запрасіла дадому. Яны мне сказалі, што я мушу пільна зьбірацца і ехаць зь імі. Я ім паказваю паперы, што пасьлязаўтра ў мяне суд. „Не, вы паедзеце з намі, вы паедзеце ў Літву“. Я кажу, што так ня робіцца, што я мушу пазьбіраць рэчы. Я была настолькі ў шоку, што ўспомніла, як мяне арыштавалі ў Беларусі. Гэта было амаль ідэнтычна», — кажа суразмоўца.

Прадстаўніца ініцыятывы юрыдычнай дапамогі Partyzanka (мы не называем яе імя дзеля бясьпекі. — РС) расказала Свабодзе, што паводле правілаў Натальлю мусілі папярэдзіць за сем дзён да таго, як перадаваць яе ў іншую краіну. Але гэтага не было. Ёй не далі ані дня на зборы.

Падчас зьбіраньня рэчаў, кажа Натальля, адна памежніца хадзіла за ёю «і ў спальню, і ў прыбіральню».

«Я спакавала свой „трывожны заплечнік“, зь якім выяжджала зь Беларусі. Сястра кажа: „Так ня робіцца“. — „Не, вы мусіце паехаць з намі“. Я пытаюся: „А што будзе, калі я адмоўлюся з вамі паехаць?“ — „Не вымушайце нас ужыць сілу, бо паедзеце ў кайданках“», — пераказвае Падлеўская размову падчас яе затрыманьня.

Беларуску вывозілі разам з двума ўкраінцамі, якіх плянавалі дэпартаваць. Ейная дарога заняла паўтара дня. Яе везьлі з Познаня ва Ўроцлаў, потым у Варшаву, адтуль — у Вільню. У дарозе ў яе падскочыў ціск да 220. Ёй выклікалі мэдыкаў у аэрапорце Познаня, на ноч адвезьлі ў шпіталь. Аднак Натальля заўважае, што калі яна яшчэ не ачуняла, яе забралі з шпіталя і пераправілі ў Літву.

«У мяне былі настолькі апухлыя ногі, калі я прыехала, што я не магла ніякі абутак надзець. Але ўжо вяртаюся да прытомнасьці», — кажа яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусаў могуць дэпартаваць з Польшчы? Тлумачым з Гурневічам

«Правая рука ня ведае, што робіць левая»

Натальля Падлеўская мяркуе, што такая сытуацыя склалася праз «страшны балаган» у польскіх органах улады.

«Правая рука ня ведае, што робіць левая. Памежнікі парушылі правілы і працэдуры… Яны ня хочуць уваходзіць у індывідуальную сытуацыю, валяць справы ў адну кучу», — камэнтуе яна.

Натальля Падлеўская

Натальля Падлеўская рэкамэндуе людзям, якія апынуліся ў падобным становішчы, паспрабаваць выйграць час, каб вырашыць, што рабіць. Яна раіць зьвярнуцца да беларускіх юрыстаў, адвакатаў, бо самому сябе бараніць у такой сытуацыі складана, а польскія юрысты, паводле яе, горш валодаюць інфармацыяй у такіх выпадках.

Таксама Натальля кажа, што варта зьвяртацца да беларускіх супольнасьцяў за мяжой. Яна выказвае падзяку за падтрымку беларусам, у тым ліку ініцыятыве «Партызанка» і Натальлі Калегавай з шэлтэру «Замак» у Вільні.

«Такія справы дапамагаюць мяняць падыход»

Над разьвязаньнем сытуацыі Падлеўскай працуюць юрысты ініцыятывы «Партызанка» ў Польшчы, а таксама калегі зь Літвы. Гэта першы такі выпадак. На падставе яго можа зьявіцца новы альгарытм разьвязаньня падобных выпадкаў.

«Такія справы дапамагаюць мяняць падыход», — кажа прадстаўніца «Партызанкі».

Яна адзначае, што заява Падлеўскай на прыпыненьне выкананьня рашэньня перадаць яе ў Літву вельмі доўга ляжала ў судзе, «яе проста не разглядалі».

«Я ранкам у чацьвер, у дзень перадачы Натальлі (у Літву), паехала ў суд і маліла, каб дзяжурная судзьдзя разгледзела гэтую заяву Але яна адмовілася, спаслалася на тое, што ў яе вельмі шмат справаў», — кажа юрыстка.

Суразмоўца дадае, што калі выпадак Падлеўскай займеў розгалас, падобныя заявы людзей, якіх маглі перадаць у Літву, у польскім судзе адразу разгледзелі.

Пры перадачы Натальлі на мяжу з Літвой, расказала прадстаўніца ініцыятывы «Партызанка», польскія памежнікі зрабілі памылку і не паведамілі літоўцам, што яе перадаюць у межах Дублінскай працэдуры. Праз гэта цягам тыдня беларуска знаходзілася ў Літве безь легальнага статусу. Яе маглі дэпартаваць у Беларусь.

Калі юрысты гэта высьветлілі, яны паведамілі літоўскаму боку дэталі справы. Падлеўская падала заяву на ўцякацтва і яе прынялі, таму цяпер яна знаходзіцца ў Літве ў легальным статусе. Складанасьць у тым, працягвае суразмоўца, што няма працэдуры, каб вярнуць Натальлю зь Літвы ў Польшчу.

«Цяпер трэба паведаміць літоўскаму дэпартамэнту міграцыі, што яна хоча зьехаць у Польшчу, бо Польшча адказная за разгляд ейнай справы пра абарону. Потым літоўскі бок, хутчэй за ўсё, падасьць запыт у Польшчу. Польша мае пацьвердзіць, што было рашэньне суду (дазволіць Падлеўскай жыць у Польшчы. — РС). І яе павінны зноў перадаць яе ў Польшчу паводле Дублінскай працэдуры. Гэта ў тэорыі. Мы ня ведаем, будзе гэта мець вынік ці не», — апісвае прадстаўніца «Партызанкі» далейшы бюракратычны шлях.

Нават калі Падлеўская атрымае дазвол на жыхарства ў Літве, яна ня зможа аўтаматычна легалізавацца праз гэта ў Польшчы. Ёй патрэбна будзе дзеля гэтага, прыкладам, уладкавацца на працу, нягледзячы на пэнсійны ўзрост. Атрымаць польскую візу дзеля легалізацыі ў Польшчы на тэрыторыі Эўразьвязу Натальля таксама ня зможа, бо польскія консульствы іх не выдаюць. Ёй трэба будзе выяжджаць за межы ЭЗ, напрыклад, у Грузію і атрымліваць візу там, тлумачыць прадстаўніца «Партызанкі». На гэта можа пайсьці яшчэ з паўгоду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Накінуліся гурмой і змаглі выцягнуць з турмы Артура Сянько і Анатоля Бокуна». Як беларусы сталі ахвярамі барацьбы зь мігрантамі ў ЗША