Дырэкцыя аўтатранспарту пакуль ня будзе працягваць старыя і выдаваць новыя дазволы на рэгулярныя аўтобусныя маршруты ў Беларусь і Расею, перадае Delfi.lv з спасылкай на агенцтва LETA.
У дырэкцыі лічаць, што Кабінэт міністраў краіны павінен выдаць распараджэньне пра спыненьне міжнародных рэгулярных пасажырскіх перавозак у Беларусь і Расею. Гэтага, маўляў, вымагае геапалітычная сытуацыя і пагрозы нацыянальнай бясьпецы Латвіі.
На сёньня з Латвіі ёсьць рэйсы па трох маршрутах у Беларусь:
- У Віцебск — да 31 студзеня 2026 году,
- у Менск — да 26 лютага 2026 году,
- у Гомель — да 27 чэрвеня 2026 году.
Таксама дзейнічаюць дазволы маршруты ў Расею. Два — у Санкт-Пецярбург і адзін — у Маскву.
Паводле латвійскай дырэкцыі аўтатранспарту, забарона будзе эфэктыўнай, калі яе ўвядуць усе балтыйскія краіны. Бо пасажыры змогуць скарыстацца маршрутамі церазь Літву і Эстонію, каб дабрацца ў Латвію зь перасадкай.
Таксама ў дырэкцыі зьвяртаюць увагу на тое, што можа павялічыцца колькасьць перавозак мікрааўтобусамі да дзевяці месцаў, якія яшчэ не падпадаюць пад рэгуляваньне.
З 1 лістапада Латвія ўжо забараніла нерэгулярныя міжнародныя аўтобусныя рэйсы зь Беларусі і Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія забараніла нерэгулярныя пасажырскія перавозкі ў Беларусь