За пяць гадоў — пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году і да 31 кастрычніка 2025-га — у Беларусі зьліквідавана ня менш за 1977 НКА — аб’яднаньняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў, асацыяцый. Такая статыстыка вынікае з новага агляду праваабарончай арганізацыі Lawtrend.
На канец верасьня было зьліквідавана ня менш як 1970 НКА, жніўня — 1950, ліпеня — 1948, чэрвеня — 1944, траўня — 1936, красавіка — 1926, сакавіка — 1917, лютага — 1905, студзеня — 1896, а на канец 2024 году — 1891. За мінулы год — мінімум 382 арганізацыі.
Паводле інфармацыі Lawtrend, на канец кастрычніка 2025 году ў працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзіліся ня менш як 1214 некамэрцыйных арганізацый.
Рашэньне пра самастойную ліквідацыю прынялі па меншай меры 763 НКА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З 2020 году зьліквідавалі ня менш за 1944 некамэрцыйныя арганізацыі, у 2025-м зарэгістравалі 15 новых, — LawtrendУ справаздачы за кастрычнік адзначаецца, што актывізаваўся працэс рэгістрацыі некамэрцыйных арганізацый. Так, у кастрычніку 2025 году зарэгістравана як мінімум шэсьць грамадзкіх аб’яднаньняў: «Габрэйскае культурнае таварыства „Шорашым“, „Спартовы клюб Самба — 07“, таварыства дапамогі і падтрымкі людзей з дыябэтам „Дыягард“, „Спартовая сям’я“, „Фэдэрацыя вулічных відаў спорту. Самакат. Скейтборд. ВМХ“ і „Вайскова-патрыятычны клуб „Русічы“.
6 ліпеня 2025 году ў Беларусі завяршыўся працэс перарэгістрацыі рэлігійных арганізацый. Аднак да гэтага часу агульная статыстыка па арганізацыях, што прайшлі або не прайшлі перарэгістрацыі, не апублікаваная, адзначаюць праваабаронцы.
Паводле даных справаздачы, падрыхтаванага ўладамі Беларусі ў рамках чацьвёртага цыклю Ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду ў межах Рады правоў чалавека ААН (прадстаўлены на пачатку жніўня 2025 году), колькасьць рэлігійных арганізацый ад студзеня 2024 году скарацілася з 3592 да 3426, рэлігійных суполак — з 3419 да 3257, арганізацый агульнаканфэсійнага значэньня — з 173 да 169.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская адукацыя за апошнія пяць год істотна калянізаваная Расеяй — экспэрты