Беларускі «Альфа-Банк», які трапіў пад санкцыі ЭЗ, паведаміў аб спыненьні супрацы з сэрвісам Apple Pay

Ілюстрацыйнае фота

Платныя карты ўключанага 23 кастрычніка ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу беларускага «Альфа-Банку» (брэнд «Альфа Банк у Беларусі») будуць працаваць у Беларусі й за мяжой і пасьля ўступленьня абмежаваньняў у сілу 2 сьнежня, паведамілі ў фінансавай установе.

Аднак, як адзначаецца ў паведамленьні банку, магчымыя «лякальныя праблемы ў Эўропе праз пэрсанальныя рашэньні замежных контрагентаў у дачыненьні да беларускіх картаў».

Паведамляюць, што з банкам перастане працаваць сэрвіс Apple Pay (сыстэма мабільных платаў і электронны гаманец ад карпарацыі Apple).

«Мы ведаем, наколькі гэта важна для ўладальнікаў iPhone, таму распрацавалі рашэньне, каб звыклы спосаб аплаты застаўся з вамі. Ужо ў сьнежні мы выпусьцім аплатныя стыкеры», — заявілі ў банку.

Банк таксама паведаміў, што недаступныя стануць падпіскі Apple — аплаты, якія ідуць праз Apple ID. У банку заявілі, што прыкладаюць «усе намаганьні», каб разьвязаць гэтае пытаньне, і парэкамендавалі пакуль «скарыстацца картай іншага банку для аплаты падпісак».

Астатнія аплатныя сэрвісы (Samsung Pay, Swoo Pay) будуць працаваць, аплікацыя INSNC таксама, гаворыцца ў паведамленьні.

У 19-ы санкцыйны пакет ЭЗ супраць Расеі і Беларусі ўнесеныя тры беларускія банкі — «Альфа-Банк», «Сбер Банк (Беларусь)» і «Банк ВТБ (Беларусь)». Беларускі «Альфа-Банк» знаходзіцца пад санкцыямі Вялікай Брытаніі.

У 2022 годзе, пасьля пачатку расейскай ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне, ЗША і ЭЗ наклалі санкцыі на расейскі «Альфа Банк».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Банкі, кіраўнік «Белнафтахіму», холдынг «Гарызонт». Хто трапіў у 19-ы пакет санкцый Эўразьвязу супраць Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нацыянальны банк патлумачыў, чаму ў Беларусі пачаліся праблемы з аплатай Apple Pay і аналягамі