У аэрапорце Вільні на паўгадзіны спынялі рух з прычыны дрону. Яго не знайшлі

Напярэдадні праз дроны спынялі рух у некалькіх аэрапортах Бэльгіі. Ілюстрацыйнае фота

Раніцай 5 лістапада Віленскі аэрапорт часова закрывалі, бо на яго тэрыторыі заўважылі дрон.

Як паведаміла выданьне LRT, гэта адбылося прыблізна а 9:50, працу аэрапорту аднавілі праз амаль паўгадзіны — а 10:18.

Прадстаўніца Службы грамадзкай бясьпекі Інгрыда Страгене паведаміла, што гэта быў цывільны дрон. «Ён знаходзіўся ў паветры, з узьлётам і пасадкай, менш за хвіліну», — удакладніла яна і дадала, што сам бесьпілётнік і ягонага апэратара не знайшлі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарга на выезд у Польшчу зноў вырасла, цяпер у ёй стаіць каля 3000 легкавых машын і аўтобусаў

Што папярэднічала

Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы падчас залёту балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі двойчы цалкам закрывала мяжу зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы. А з 27 кастрычніка закрыла яе для беларусаў цалкам. Закрыцьцё мяжы будзе дзейнічаць да першай гадзіны ночы беларускага часу 1 сьнежня — з магчымасьцю падаўжэньня.

Праз палёты балёнаў за восень 9 разоў закрывалі паветраную прастору над Віленскім аэрапортам. У тым ліку адзін раз ужо пасьля поўнага закрыцьця мяжы — 30 кастрычніка.