Гэта вынікае з абноўленых правілаў допуску, апублікаваных 4 лістапада Міжнароднай фэдэрацыяй водных відаў спорту. Новыя правілы набываюць моц з 1 студзеня 2026 году.
Воднае пола ўключана ў пералік відаў, у якіх расейцы і беларусы могуць прэтэндаваць на выступленьне ва ўсіх узроставых катэгорыях. У сьпісе таксама пазначаныя індывідуальныя віды: плаваньне, плаваньне на адкрытай вадзе, сынхроннае плаваньне, скачкі ў ваду.
Пры гэтым у дакумэнце захаваныя абмежаваньні, да якіх адносяцца нэўтральны статус атлетаў дзьвюх краін, забарона на выкарыстаньне дзяржаўнай сымболікі, недапушчальнасьць сувязяў зь сілавымі структурамі сваіх дзяржаў і іншае. Як неаднаразова даводзілі ўкраінскія журналісты, апошняя норма не заўсёды выконваецца, і да спаборніцтваў часам дапускаюць атлетаў, якія мелі сувязі зь сілавымі структурамі.
Такім чынам, воднае пола стала першым гульнявым алімпійскім відам ад часу паўнамаштабнага нападу Расеі на Ўкраіну ў лютым 2022 году, у якім расейская зборная дапушчаная да выступленьняў. Як і беларуская, якая была адлучаная ад стартаў праз дапамогу рэжыму Лукашэнкі расейцам у вайне.
Зрэшты, воднае пола ў Беларусі не карыстаецца папулярнасьцю, якіх-кольвек прыкметных міжнародных посьпехаў ня мае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне ўключылі двух беларускіх атлетаў у сьпіс для ўвядзеньня санкцыяў і забароны ўдзелу ў турнірахТаксама Міжнародная фэдэрацыя коннага спорту (FEI) дапусьціла спартоўцаў з Расеі і Беларусі да ўдзелу ў камандных спаборніцтвах. Згодна з абноўленымі правіламі, гэта таксама будзе магчымым ў нэўтральным статусе з 1 студзеня 2026 году.
4 красавіка 2023 году FEI пацьвердзіла забарону на ўдзел у сваіх спаборніцтвах для спартоўцаў зь Беларусі і Расеі, а таксама афіцыйных асобаў з гэтых краінаў. Аднак у лістападзе таго ж году FEI дапусьціла беларускіх і расейскіх вершнікаў да спаборніцтваў у нэўтральным статусе.
28 лютага 2022 году, празь некалькі дзён пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў спартовыя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з Расеі і Беларусі. Гэтая рэкамэндацыя была неадкладна і масава прынятая да выкананьня, у выніку чаго расейскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асобным беларускім спартоўцам дазволяць удзел у Алімпіядзе-2026 у Італіі ў нэўтральным статусе