Украіна плянуе замяніць назву «копійка», каб пазбавіцца сымбалю былога дамінаваньня Масквы, заявіў Reuters кіраўнік Цэнтральнага банка Ўкраіны Андрэй Пышны, дадаўшы, што спадзяецца, што зьмены будуць завершаныя сёлета.
Украіна ўвяла сваю грыўню ў 1996 годзе, празь пяць гадоў пасьля атрыманьня незалежнасьці ад Савецкага Саюза, і біла ўласныя манэты, але захавала былую савецкую назву «копійка».
Манэты пад гістарычнай украінскай назвай «шаг» стануць чарговым крокам адыходу ад Расеі амаль праз чатыры гады пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Масквы.
«Мы павінны нарэшце завяршыць... грашовую рэформу і пазбавіцца ўсякай блізкасьці, усякай сувязі з Масквой. Бо маем сваю назву. І прыйшоў час нарэшце вярнуць яе», — сказаў Пышны ў інтэрвію Reuters.
Грашовы купон часоў УНР
Паводле яго, Вярхоўная Рада рыхтуецца абмеркаваць праект закону аб замене манэты, а Цэнтральны банк арганізуе публічныя дыскусіі, выставы і іншыя захады, каб павысіць дасьведчанасьць грамадзтва.
Маркі УНР 1918 года
Шаг быў назвай грошай ва Ўкраіне ў XVI і XVII стагодзьдзях. Банкноты з назвай «шаг» былі ў абарачэньні падчас украінскай рэвалюцыі 1917–1921 гадоў, сказаў Пышны, дэманструючы купюры таго пэрыяду.
«Важна сказаць, што капейка захавалася толькі ў трох з 15 былых рэспублік Савецкага Саюзу. У Расеі, Беларусі і Ўкраіне», — сказаў Пышны.
У сотнях гарадоў, вёсак і мястэчак Украіны зьмянілі назвы вуліц, а помнікі савецкім або расейскім дзеячам дэмантавалі. Мэмарыяльныя дошкі расейскім аўтарам, мастакам або навукоўцам, якія бывалі, працавалі або жылі ва Ўкраіне, былі прыбраныя.
Украінцы, асабліва маладзейшыя, нанова адкрываюць для сябе нацыянальную гісторыю й ідэнтычнасьць, вяртаючы памяць пра ўкраінскіх пісьменьнікаў, паэтаў, мастакоў і музыкаў і іншых вядомых асобаў.
Апытаньне, праведзенае Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялёгіі ў верасьні, паказала, што каля 91% украінцаў нэгатыўна ставяцца да Расеі, а 4% — станоўча.
Некаторыя крытыкі паставілі пад сумнеў дарэчнасьць замены манэты ў той час, калі бюджэт ваеннага часу і так напружаны. Пышны заявіў, што гэта не пацягне дадатковых выдаткаў, адзначыўшы, што адзіная дробная манэта, якая зараз знаходзіцца ў абарачэньні, а менавіта 50 капеек — крыху больш за адзін цэнт ЗША, — будзе замененая паступова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колер надзеі: Фотагісторыя ўкраінскай Аранжавай рэвалюцыі