Палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, якая была вымушана пакінуць Беларусь і цяпер жыве ў Польшчы, атрымала ў Празе прэмію «Гісторыі беззаконьня».
Названая чэская прэмія прысуджаецца асобам, якія актыўна супраціўляліся камуністычнаму рэжыму, займалі мужную пазыцыю і заслугоўваюць за гэта павагі і прызнаньня. Пераможцаў штогод выбірае студэнцкае журы.
З 2020 году гэтая ўзнагарода таксама прысуджаецца за межы Чэхіі. У 2021 годзе яе атрымалі Паліна Шарэнда-Панасюк, Ксенія Сырамалот і Мікіта Емяльянаў за тое, што былі неабгрунтавана зьняволеныя і праявілі надзвычайную мужнасьць у змаганьні за свабоду і правы чалавека ў Беларусі.
Дырэктарка Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэскай Рэспубліцы Крысьціна Шыянок прыйшла на цырымонію ўручэння ў саколцы dissident.by з выявай Мікіты Емяльянава, каб нагадаць чэскаму грамадзтву пра яго і многіх іншых, хто дагэтуль застаецца за кратамі ў Беларусі.
У прамове прамове ляўрэаткі Паліны Шарэнды-Панасюк прагучалі гісторыі сьмелых беларускіх жанчынаў, якія знаходзяцца за кратамі.
У апошні вечар сваёй паездкі ў Прагу Паліна Шарэнда-Панасюк сустрэлася з чэскімі творцамі, якія актыўна ўдзельнічалі ў кампаніі за яе вызваленьне. У час яе зьняволеньня яны распаўсюджвалі лісты з партрэтам Паліны і цэтлікам #FreePalina і публікавалі па-мастацку апрацаваныя ўрыўкі з судовага працэсу на сайце svabodupropalinu.cz. Сустрэча адбылася ў Офісе дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі пры дапамозе чэскага тэатрала Рэнэ Левінскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што цяпер патрэбна палітвязьням? Адказваюць былыя зьняволеныя і праваабаронцы. ВІДЭА