Інга Ругінене цьвёрда паўтарыла, што, нягледзячы на цяперашнюю сытуацыю, памежныя пераходы зь Беларусьсю адкрытыя ня будуць.
«Мы шукаем рашэньне. Я ведаю, што ў міністра ўнутраных спраў дадатковая сустрэча наконт гэтага пытаньня, таму мы як урад павінны прыняць рашэньне і дазволіць некаторым нашым літоўскім грузавікам вярнуцца ў Літву», — сказала Інга Ругінене журналістам, яе цытуе LRT.
«Мяжа ня будзе адчыненая», — запэўніла прэм’ер-міністарка Літвы.
Як паведамлялася раней, LINAVA неаднаразова зьвярталася да Ругінене стасоўна сытуацыі зь літоўскімі грузавікамі ў Беларусі і на мяжы зь Літвой. Паводле зьвестак асацыяцыі, у Літву не дапускаюцца 2 тысячы грузавікоў і 3 тысячы паўпрычэпаў, якімі кіруюць асобы, што маюць права вяртацца ў Літву.
Прадстаўнікі перавозьнікаў патрабуюць ад ураду тэрміновых дзеяньняў для вырашэньня сытуацыі і прапануюць тэрмінова правесьці сустрэчу з кіраўніцай ураду.
Пасьля наплыву кантрабандных паветраных шароў, зафіксаваных у кастрычніку, Кабінэт міністраў Літвы вырашыў закрыць мяжу зь Беларусьсю на месяц, то бок да 30 лістапада.
Апошнія памежныя пункты ў Медніках і Салечніках зачыніліся, але было вырашана ўжыць выняткі для грамадзян краіны, якія вяртаюцца ў Літву, і асоб з часовымі дазволамі на пражываньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Літва закрыла мяжу цяпер, хоць балёны зь Беларусі лятаюць ужо даўно?