Вэтэраны спэцназу РБ дастаўляюць гуманітарную дапамогу расейскім захопнікам ва Ўкраіне

Спэцназаўцы зь Беларусі пасьля дастаўкі грузу расейцам. Сваю арганізацыю яны назвалі па-расейску «Честь», што азначае «Гонар»

У Беларусі існуе асацыяцыя вэтэранаў падразьдзелаў спэцназу ўнутраных войскаў МУС «Гонар», якую ўзначальвае Дзьмітры Паўлічэнка, якога лічаць датычным да зьнікненьня апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі.

Нядаўна арганізацыя паінфармавала аб зборы групы добраахвотнікаў — яны фатаграфаваліся пад банэрам з сымболікай ПВК Вагнэра.

Сябры названай асацыяцыі дастаўляюць гуманітарную дапамогу расейскім войскам, якія ваююць супраць Украіны.

Збор групы добраахвотніцкага атраду «Гонар» праходзіў у Цэнтры спэцыяльнага прызначэньня ўнутраных войскаў 1 лістапада. Перад вэтэранамі выступаў Дзьмітры Паўлічэнка, піша «Zerkalo».

«Ва ўмовах максымальна набліжаных да баявых, групы адпрацоўвалі навыкі вайсковай выведкі выкарыстаньнем пазадарожнай навігацыйнай праграмы мабільнага прыкладаньня. Група падрыхтоўкі апэратараў бесьпілётных лятальных апаратаў працягнула ўдасканальваць навыкі кіраваньня малымі дронамі, у тым ліку і БЛА зь пікіраваньнем», — расказалі ў арганізацыі.

Па выніках сустрэчы апублікаванае фота, дзе ўдзельнікі стаяць на фоне сьцягу з сымболікай ПВК Вагнэра і расейскага спэцпадразьдзелу «Віцязь».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі-ўцякачкі ўзялі ўдзел у стварэньні спэктаклю пра ПВК «Вагнэр». Яго паказалі ў Нямеччыне

Акрамя таго, «Гонар» інфармуе, што ў лістападзе «байцы асацыяцыі» Антон Рыбчонак, Вадзім Б. і Вадзім Д. «даставілі гуманітарны груз для братоў-расейцаў».

«Лекавыя сродкі, рыштунак, прадукты, сабраныя Антонам і яго камандай, былі адрасна перададзеныя аднаму з баявых падразьдзелаў, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасьці да лініі баявога крананьня», — расказалі ў арганізацыі.

У верасьні груз пры ўдзеле Яўгена Кулака байцы дастаўлялі дапамогу жыхарам Курскай вобласьці, а ў жніўні на Белгарадчыну пры падтрымцы фонду Аляксея Талая — адрамантаваны і абабіты бранёй аўтамабіль для эвакуацыі.

У складзе ўнутраных войскаў, якімі кіруе Мікалай Карпянкоў, працуюць інструктары ПВК Вагнэра з баявым досьведам. Сам Карпянкоў дазваляе сабе насіць «вагнэраўскі» шаўрон.

У 2022–2023 гадах ва ўнутраных войсках былі створаныя новыя атрады, у тым ліку атрад «Рысь», — іх прыцягваюць у тым ліку да «палітычных» затрыманьняў — напрыклад, летась у ліпені ў Горадні яны затрымалі чалавека, які зьняў чаргу ў ДАІ. У сьнежні яны затрымлівалі тых, хто «фінансаваў ЗСУ і экстрэмісцкія арганізацыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы палітвязень распавёў, што ў Магілёўскай калёніі шылі форму для расейскіх салдат і матрацы для вагнэраўцаў