Кіраўнік МУС Беларусі Іван Кубракоў заявіў, што значна пабольшала іншаземцаў, якія прыбываюць у Беларусь. Ягоныя словы падае БелТА.
Кубракоў падкрэсьліў, што іншаземцы прыходзяць у аддзелы грамадзянства й міграцыі, дзе зь імі праводзяць прафіляктычную работу.
«Да кожнага мы даводзім асаблівасьці нашага заканадаўства. Папярэджваем, што ў выпадку яго парушэньня вінаватыя пакідаюць нашу краіну», — растлумачыў міністар.
Паводле статыстыкі МУС, за дзевяць месяцаў сёлета ўжо больш за 3,6 тыс. іншаземцаў былі дэпартаваныя зь Беларусі. У іх ліку 1,3 тыс. мігрантаў, якія парушылі памежны рэжым.
На мінулым тыдні намесьніца міністра працы і сацыяльнай абароны Тацяна Астрэйка заявіла, што ў Беларусі рэкордна нізкі ўзровень беспрацоўя — 2,4%. Яна адзначыла, што цяпер у краіне працуюць 32 тысячы працоўных мігрантаў, што ў паўтара раза больш, чым год таму.
У сярэднім доля працоўных мігрантаў у структуры занятага насельніцтва краіны меншая за 1%. Геаграфія краін — донараў замежнай працоўнай сілы шырокая і ўключае каля 114 дзяржаваў, але больш за палову мігрантаў складаюць грамадзяне Туркмэністану і Ўзбэкістану.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за палову працоўных мігрантаў у Беларусі — з Узбэкістану і Туркмэністану