ЭЗ можа зрабіць стражэйшымі візавыя правілы для расейцаў. Беларусаў гэта ня тычыцца

Ілюстрацыйнае фота

У выпадку ўступленьня ў сілу новых правілаў расейцы змогуць атрымліваць толькі аднаразовыя візы.

Эўрапейскі Зьвяз рыхтуецца зрабіць візавыя правілы для грамадзян Расеі яшчэ стражэйшымі — фактычна спыніць выдачу шматразовых шэнгенскіх візаў у большасьці выпадкаў. Пра гэта выданьню Politico паведамілі трое эўрапейскіх службоўцаў.

Гэты крок можа стаць яшчэ адной санкцыяй ЭЗ супраць Масквы за працяглую вайну супраць Украіны. Новыя правілы будуць азначаць, што расейцы змогуць атрымліваць толькі аднаразовыя візы, з пэўнымі выняткамі з гуманітарных прычынаў.

Брусэль ужо ўскладніў і зрабіў даражэйшым атрыманьне візаў для расейцаў, прыпыніўшы дзеяньне пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму з Масквой у канцы 2022 году, пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Некаторыя краіны ЭЗ, напрыклад краіны Балтыі, істотна абмяжоўваюць расейцам доступ на сваю тэрыторыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША апублікавалі новыя правілы атрыманьня візаў, у тым ліку для беларусаў

Аднак выдача візаў застаецца нацыянальнай прэрагатывай. Гэта значыць, што хоць Эўрапейская камісія можа ўскладніць працэс, яна ня можа ўвесьці поўнае забароны на ўезд расейскіх наведнікаў.

Паводле зьвестак Камісіі, у 2024 годзе больш за паўмільёна расейцаў атрымалі шэнгенскія візы — значны рост у параўнаньні з 2023 годам, хоць лічба усё яшчэ значна ніжэйшая за даваенны ўзровень: у 2019 годзе візаў выдалі больш за 4 мільёны.

Вугоршчына, Францыя, Гішпанія й Італія працягваюць шчодра выдаваць турыстычныя візы грамадзянам Расеі, падкрэсьлівае выданьне.

Чакаецца, што новыя, больш жорсткія, правілы ўвойдуць у пакет захадаў дзеля скарачэньня колькасьці расейцаў, якія ўяжджаюць у Эўразьвяз. Іх могуць афіцыйна прыняць і ўвесьці ў дзеяньне ўжо на гэтым тыдні.

Асобна і ў рамках свайго 19-га пакету санкцыяў ЭЗ плянуе абмежаваць перамяшчэньне расейскіх дыпляматаў, патрабуючы ад іх загадзя інфармаваць адпаведныя дзяржавы Шэнгенскай зоны. Гэта мера процістаяньня «ўсё больш варожай выведнай дзейнасьці Крамля».

Камісія апублікуе новую візавую стратэгію для ўсяго Эўразьвязу ў наступным месяцы. Там будуць агульныя рэкамэндацыі, у тым ліку заахвочваньне дзяржаваў-сяброў да больш эфэктыўнага выкарыстаньня сваёй візавай палітыкі супраць варожых краін і больш жорсткіх крытэраў уезду для расейцаў і грамадзян іншых краін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Упершыню грамадзяніна Расеі пазбавілі дазволу на жыхарства ў Літве за частыя паездкі ў Расею