Сьцісла
- Беларуска-іранскія сустрэчы — гэта пераважна імітацыя бурнай дзейнасьці.
- Могуць быць варыянты выкарыстаньня Беларусі ў якасьці эканамічнай «пракладкі».
- Калі ўявіць, што Беларусь пачне вырабляць «шахеды» і яны трапяць на ўкраінскі фронт, Украіна можа ўжыць адпаведныя захады да гэтай вытворчасьці.
- Вельмі рызыкоўна для Менску гуляць з агнём, асабліва падчас абвастрэньня сытуацыі з Эўропай на ўсім пэрымэтры.
— 2–5 лістапада Беларусь наведвала дэлегацыя вайскова-паветраных сілаў Ірану. Афіцыйныя паведамленьні пра візыт, як заўсёды, вельмі сьціплыя — «абмяняліся думкамі, абмеркавалі стан адносінаў, вызначылі далейшыя шляхі паглыбленьня супрацы». У кастрычніку быў візыт у Іран беларускай дэлегацыі на чале з старшынём беларускага Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Дзмітрыем Пантусам. Што, на вашу думку, бакам трэба адно ад аднаго ў вайсковай сфэры?
— Мне здаецца, абедзьве краіны зацікаўленыя ў дэманстраваньні дыпляматычнай актыўнасьці, у тым ліку ў кантэксьце вайсковага супрацоўніцтва.
Гэта дэманстрацыя таго, што яны нібыта самастойныя і могуць вырашаць пытаньні самастойна — то бок уся камунікацыя не адбываецца толькі праз Маскву. Зь іншага боку, мне здаецца, што гэта ўсё імітацыя бурнай дзейнасьці. Таму варта разглядаць гэта проста як частку такога дыпляматычнага прыкрыцьця.
У Іране настроеныя дастаткова скептычна наконт Расеі і дагавору, у свой час падпісанага Расеяй і Іранам. І скепсіс яшчэ больш пацьвердзіла тая акалічнасьць, што Расея аказалася няздольнай дапамагчы Ірану падчас вайны з Ізраілем у ліпені.
Але неабходна ў кожным разе дэманстраваць нейкую актыўнасьць, у тым ліку на гэтым кірунку. І Беларусь тут выглядае як цалкам прымальны партнэр, які дазволіць, з аднаго боку, трымаць руку на пульсе, зандаваць сытуацыю ў Расеі, у тым ліку празь беларускіх партнэраў.
Што тычыцца эканамічнай актыўнасьці і гандлю зброяй, дык гэта, як мне здаецца, адыгрывае другарадную ролю. Хоць не выключаю, што Беларусь у гэтым пляне можа нават быць выгадным партнэрам для Ірану. Празь Беларусь могуць ісьці нейкія продажы тэхнікі. У кожным разе, вядома, гэтыя візыты нельга разглядаць як проста імітацыю, хоць у значнай ступені гэта так і ёсьць. Можна выказаць здагадку, што тут могуць быць варыянты выкарыстаньня Беларусі ў якасьці эканамічнай «пракладкі».
— 6 сакавіка 2025 года Расея публічна прапанавала збудаваць завод для вытворчасьці бесьпілётнікаў у Беларусі. Намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Максім Арэшкін выклаў плян будаўніцтва заводу, здольнага вырабляць да 100 000 апаратаў у год. Лукашэнка, які прысутнічаў на падзеі, выказаў энтузіязм што да гэтай ініцыятывы, заявіўшы: «Мы гатовыя да таго, каб пабудаваць завод. Гарантуем: так у Расеі вы не пабудуеце, як тут».
Як у Кіеве глядзяць на гэтую пэрспэктыву? І, можа быць, у гэтым ёсьць нейкія прычыны цікавасьці Менску да Ірану?
Калі ўсё ж такі яны паспрабуюць пабудаваць гэты завод, то сытуацыя для Лукашэнкі радыкальна зьменіцца
— Калі ўявіць, што Беларусь пачне вырабляць «шахеды» і яны трапяць на ўкраінскі фронт, Украіна можа ўжыць адпаведныя захады да гэтай вытворчасьці. Сам факт размоваў пра завод Лукашэнка можа выкарыстоўваць у сваіх спробах нейкім чынам націснуць на Захад, выкарыстаць гэты момант для гандлю з Захадам. Але калі ўсё ж такі яны паспрабуюць пабудаваць гэты завод, то сытуацыя для Лукашэнкі радыкальна зьменіцца, і Ўкраіна глядзець на гэта проста так ня будзе.
— Але пакуль Украіна спакойна глядзіць на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, якія пастаўляюць нафту расейскім вайскоўцам. Бо ўсе разумеюць, што другі фронт Украіне не патрэбны, вайна зь Беларусьсю не патрэбная, таму Ўкраіна не зьбіраецца атакаваць гэтыя заводы, хоць расейскія НПЗ атакуе вельмі актыўна.
— Няма патрэбы атакаваць завод, дастаткова зьнішчаць шляхі забесьпячэньня нафтай. Украіна гэта робіць.
— То бок на сёньня іранскі чыньнік, я так разумею, ужо ня надта хвалюе афіцыйны Кіеў. З улікам таго, што Ірану даводзіцца адбівацца ад Ізраілю, адпаведна, Тэгеран ня мае магчымасьцяў маштабна дапамагаць Расеі?
— Так, я думаю, што зараз Іран больш зацікаўлены ў забесьпячэньні для сябе дастатковых магчымасьцяў ва ўмовах імавернага працягу вайны на Блізкім Усходзе.
Цяпер ідзецца пра тое, што зноў можа быць удар па Іране і па тых групах, якія Тэгеран падтрымлівае. І гэта акурат кажа, што Іран ня мае свабодных узбраеньняў і яму патрэбныя грошы. У гэтым сэнсе ці можа перадача тэхналёгіяў нейкім чынам радыкальна зьмяніць сытуацыю для Ірану? І потым: ці не зьяўляецца фармальна перадача іранскай тэхналёгіі Расеі практычна тым жа самым, што перадача тэхналёгіі Беларусі? Яны ж нібыта «саюзная дзяржава», і, адпаведна, у іх ёсьць цэлая маса дамоўленасьцяў.
Калі ўявіць сытуацыю Лукашэнкі, перад якім стаіць увесь комплекс праблемаў і задачаў… З улікам таго, што ён сутыкаецца зь неабходнасьцю ўзаемадзеяньня з Захадам і з амэрыканцамі ў першую чаргу, і амэрыканцы прапануюць Лукашэнку нейкае выйсьце, — то на ягоным месцы я б выкарыстаў усе гэтыя іранскія візыты толькі для павышэньня сваёй вартасьці ў перамовах. Ня больш за тое. То бок я б на месцы Менску не рабіў бы рэзкіх рухаў, вядома.
— На парадзе 3 ліпеня 2024 году ў Менску прадэманстравалі бесьпілётнік «Шахед-136». Гэтыя бесьпілётнікі, названыя ў расейскай намэнклятуры «Герань-2», былі паказаныя ў якасьці нібыта новай айчыннай, беларускай, распрацоўкі. Але многія экспэрты ацанілі гэта як блеф, бо пакуль няма ніякіх дакладных дазьвестакдзеных, што ў Беларусі самі распрацоўваюць уласныя дроны на базе гэтых «шахедаў».
— Я таксама на гэты конт ня маю ніякіх зьвестак. Хутчэй за ўсё, адбылася проста перадача бесьпілётнікаў Беларусі. Вельмі рызыкоўна для Менску гуляць з агнём, асабліва падчас абвастрэньня сытуацыі з Эўропай на ўсім пэрымэтры.
Менск можа гуляць, павышаць сваю вартасьць, выкарыстоўваць гэта для перамоваў з амэрыканцамі. Бо, як мне здаецца, ключавая задача Лукашэнкі — усё-ткі выйсьці з-пад санкцыяў, а не загразнуць туды яшчэ больш…
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль 700 вайсковых дронаў праляцелі над Беларусьсю за год, ёсьць выбухі і разбурэньні. Чаму ўлады гэта ўтойваюць?