Урад Беларусі заплянаваў на 2026 год больш штрафаў і канфіскацыяў маёмасьці

Ілюстрацыйнае фота

Паступленьняў ад канфіскацыі маёмасьці ўлады Беларусі плянуюць налета спагнаць у чатыры разы болей, чым сёлета.

На штрафах у 2026 годзе ўлады разьлічваюць зарабіць 310,3 млн рублёў — на 66,5 млн, ці на 27,3%, больш за плян на гэты год. Гэта вынікае з праекту закону аб бюджэце, апублікаванага на Нацыянальным праўным партале.

У даходы нацыянальнага бюджэту таксама ўключаныя падаткі на даходы (на ўлічаныя статыстыкай паступленьні для людзей і кампаніяў, у тым ліку прыбытак, а таксама дывідэнды і іншыя крыніцы), піша «Люстэрка».

Улады разьлічваюць, што ў дзяржаўны бюджэт у 2026-м годзе спагоняць 15,7 млн рублёў, або на 44% больш, чым сёлета. Агульныя паступленьні заплянаваныя ў памеры 51,5 млн.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Cанкцыі адкідваюць Беларусь назад, на іх зьняцьцё можа пайсьці 10 гадоў» : Што новыя санкцыі азначаюць для беларускай эканомікі і беларусаў

На чвэрць павялічацца паступленьні ад акцызаў. Усяго на іх чыноўнікі хочуць зарабіць 3,7 млрд рублёў. Амаль на траціну павялічацца даходы ад экалягічнага падатку — да 507,6 млн, а таксама за здабычу прыродных рэсурсаў — да 758,9 млн. Тут прырост складзе амаль 57%.

Закладзеныя ў праекце бюджэту на наступны год і пэўныя зьмяншэньні. Напрыклад, у паўтара раза зьменшылі пляны паступленьняў ад здачы ў арэнду зямельных участкаў — з 91,4 да 43,8 млн рублёў.

Затое ў пункце «даходы ад маёмасьці, сканфіскаванай і іншым чынам вернутай у даход дзяржавы», прадугледжана рэзкае павелічэньне: да 189,3 млн рублёў. Рост амаль у чатыры разы ў параўнаньні зь цяперашнімі лічбамі.

Улады зьбіраюцца павялічыць падатковую нагрузку на беларусаў. На 15% хочуць падняць памер маёмаснага плацяжу (падатку на нерухомасьць, зямельнага падатку і транспартнага падатку). Таксама ў плянах рост ставак падаходнага падатку для тых, хто здае ў арэнду жыльлё, гаражы, машына-месцы, і зямельнага падатку. Для некаторых беларусаў падаходны падатак хочуць падняць да 40%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусбанк» уводзіць абмежаваньні на зьняцьце гатоўкі бескантактным спосабам