На Саакашвілі ў ліку лідэраў апазыцыі ў Грузіі завялі новую крымінальную справу

Міхэіл Саакашвілі, 2025

Цяпер Саакашвілі ўжо адбывае некалькі судовых прысудаў, паводле якіх ён мае застацца ў зьняволеньні да 2034 году.

Пракуратура Грузіі абвінаваціла зьняволенага экс-прэзыдэнта Саакашвілі і яшчэ сем апазыцыйных палітыкаў у злачынствах супраць дзяржавы.

Былога прэзыдэнта краіны Міхэіла Саакашвілі, які знаходзіцца ў зьняволеньні, а таксама лідэра празаходняй партыі «Стратэгія Агмашанэбелі» Георгія Вашадзэ, былога міністра юстыцыі і адукацыі Ніка Гварамія і іншых апазыцыянэраў западозрылі ў сабатажы, садзейнічаньні варожай дзейнасьці замежнай дзяржавы, фінансаваньня дзеяньняў, накіраваных супраць канстытуцыйнага ладу і нацыянальнай бясьпекі, у закліках да гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага парадку і зьвяржэньня ўлады.

Акрамя таго, абвінавачваюцца нядаўна памілаваныя лідэры апазыцыйнай партыі «Лела» Мамука Хазарадзэ і Бадры Джапарыдзэ, перадае «Рэха Каўказа».

У тым ліку іх абвінавачваюць у дапамозе заходнім краінам ва ўвядзеньні санкцый супраць мясцовых бізнэсмэнаў і чыноўнікаў, у перадачы інфармацыі аб гандлі нафтапрадуктамі і аб становішчы ў грузінскім ваенным сэктары. Усё гэта зьвязалі з адмовай дзейнага грузінскага ўраду ўводзіць санкцыі супраць Расеі пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне.

Ім пагражае да пятнаццаці гадоў зьняволеньня.

Ранейшыя выракі Саакашвілі

У сакавіку 2025 году трэцяга прэзыдэнта Грузіі Міхэіла Саакашвілі прызналі вінаватым у справе аб незаконным перасячэньні мяжы. Тады яго пакаралі пазбаўленьнем волі на чатыры гады і шэсьць месяцаў.

Паколькі раней яго ўжо асудзілі агулам на 9 гадоў пазбаўленьня волі, судзьдзя паведаміў, што ў выніку колішні прэзыдэнт Грузіі будзе ў зьняволеньні 12 гадоў і 6 месяцаў. Такім чынам, Міхэіл Саакашвілі мае застацца ў зьняволеньні да 1 красавіка 2034 году.

Тэрмін пазбаўленьня волі адлічваецца ад моманту затрыманьня Міхэіла Саакашвілі — 1 кастрычніка 2021 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі вынесьлі яшчэ адзін вырак Міхэілу Саакашвілі. Ён застанецца ў зьняволеньні да 2034 году