У Гомлі восем чалавек пазбавілі волі за нібыта «прапаганду нацызму і нацыянальнай варожасьці»

Гомельскі абласны суд. Архіўнае фота

У Гомельскім абласным судзе вынесьлі вырак васьмі жыхарам Мазыра, якіх абвінавацілі ў арганізацыі і ўдзеле ў «экстрэмісцкім фарміраваньні».

Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, сямі з васьмі асуджаных на момант інкрымінаваных дзеяньняў не было 18 гадоў.

Згодна зь інфармацыяй, падлеткі прапагандавалі нацызм і датычныя да шэрагу нападаў на людзей Мазыры. Яны зьдзекаваліся над пацярпелымі і фіксавалі гэта на фота і відэа, а потым публікавалі на сваіх рэсурсах. У інтэрнэце, паводле афіцыйных крыніц, падлеткі стварылі дзясяткі Telegram-каналаў, празь якія «папулярызавалі ідэі нацызму і рэабілітавалі нацысцкіх злачынцаў, распальвалі міжнацыянальную і сацыяльную варожасьць, дыскрэдытавалі Беларусь, прапагандавалі тэрарызм».

Справу разглядалі ў закрытым рэжыме. Аднак дзяржаўнае агенцтва апублікавала фатаздымкі з судовага пасяджэньня.

Усім абвінавачаным прызначылі розныя пакараньні — ад пазбаўленьня волі на тры гады да 6 гадоў і 9 месяцаў. У групе асуджаная адна дзяўчына. Ёй прысудзілі тры гады пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў папраўнай калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Пяць фігурантаў часткова вызвалілі ад пакараньня на падставе закону аб амністыі ў сувязі 80-годзьдзем перамогі ў другой усясьветнай вайне. Адзначаецца, што вырак яшчэ не набыў юрыдычную моц і можа быць абскарджаны.

Беларускія праваабаронцы пакуль нічога не паведамляюць пра гэтую справу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: у сьпіс «экстрэмістаў» дадалі яшчэ 15 чалавек, асудзілі адвакатку Сьцяпана Латыпава