На аўкцыён выставілі маёнтак Падароск у Ваўкавыскім раёне, які раней забралі ў іншага інвэстара

Маёнтак Падарос, які выставілі на продаж. Архіўнае фота

На Беларускай унівэрсальнай таварнай біржы 14 лістапада пачнецца аўкцыён па продажы маёнтка Падароск, што знаходзіцца ў Ваўкавыскім раёне. Яго ўжо адзін раз прадавалі ў 2013 годзе, але вярнулі на балянс мясцовых уладаў празь нібыта невыкананьне інвэстыцыйных умоў.

Як адзначаецца на сайце біржы, пачатковая цана маёнтка складае 2 160 490 рублёў. Першы крок таргоў — 108 024 рублёў.

Сядзіба, якую аднаўляла ініцыятыва «Маёнтак Падароск»

Маёнтак Падароск зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Ён быў пабудаваны ў канцы XVIII стагодзьдзя. У яго было шмат уласьнікаў. Апошнія зьвязаныя з Раманам Бохвіцам — сын выдомага філёзафа Фларыяна Бохвіца. Яго сына Атона арыштавалі ў 1939 годзе, ён памёр у турме Ваўкавыска.

Згодна з умовамі, маёнтак павінны пачаць выкарыстоўваць не пазьней за тры гады з моманту падпісаньня дагавора куплі-продажу або ў тэрміны, прадугледжаныя распрацаванай праектнай дакумэнтацыяй.

У 2013 годзе маёнтак за 120 тысяч даляраў набыў бізнэсовец Павал Падкарытаў. Ён плянаваў адкрыць там турыстычны комплекс, падвёў камунікацыі, зрабіў поўную рэстаўрацыю ўязной брамы.

Уязная брама ў маёнтак

У палацы адкрылі часовую экспазыцыю на 14 заляў, якая дазваляла праводзіць комплексную экскурсію пра гісторыю шляхты Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Расейскай імпэрыі. Яна была часткова зьвязаная зь лёсам былых уладальнікаў — Бохвіцаў. Агулам у праект уклалі каля мільёна даляраў.

«Калі ў 2013 годзе я набываў Падароск, у дамове былі досыць ляяльныя варункі: за два гады мы мусілі ўвесьці аб’ект у гаспадарчы абарот, зьвязаны з турыстычнай дзейнасьцю. Мы гэта і зрабілі, запусьцілі комплекс для турыстаў, ладзілі экскурсіі, прымалі турыстаў, абсталявалі інфраструктуру. Калі кіравацца патрабаваньнямі закону — прэтэнзій да нас узьнікнуць не магло. Аднак на пэўным этапе ўлады выставілі патрабаваньне. Аказваецца, за два гады мы мусілі распрацаваць дакумэнтацыю, правесьці рэстаўрацыйныя працы і здаць аб’ект у эксплюатацыю адпаведна будаўнічым нормам», — расказваў Свабодзе бізнэсовец.

Невыкананьне ўмоў стала прычынай разрыву дамовы з боку дзяржавы. Дамова не прадугледжвала ніякага вяртаньня грошай.

«Мясцовыя ўлады зацікаўленыя, каб зь іх нехта зьняў цяжар адказнасьці за гістарычныя аб’екты. Пэўны час мы знаходзілі зь мясцовымі ўладамі агульную мову. Аднак надышла сытуацыя, калі ім паступіла каманда, што такога інвэстара тут быць не павінна. Нават ня ведаю, што ім не спадабалася. Завялі крымінальную справу, год шукалі склад злачынства і нічога не знайшлі», — дадаў Павал Падкарытаў.

У крымінальнай справе былі 6 фігурантаў:

  • заснавальнік «Маёнтку Падароск» Павал Падкарытаў;
  • дырэктар «Маёнтку Падароск» Юры Меляшкевіч;
  • фінансавы дырэктар Зьміцер Карабач;
  • бухгальтар Вольга Балтрукевіч;
  • былы дырэктар Андрэй Колас;
  • супрацоўнік фонду «Вяртаньне» Сяргей Макарэвіч.

Урэшце крымінальную справу закрылі з прычыны адсутнасьці складу злачынства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Лідчыне абрынуўся чарговы занядбаны помнік архітэктуры. ФОТА