Урад анансаваў павелічэньне мінімальнага заробку з 1 студзеня 2026 году

Ілюстрацыйнае фота

Прэм’ер-міністар Беларусі Аляксандар Турчын падпісаў пастанову аб павелічэньні з 1 студзеня 2026 году мінімальнага заробку на 18%.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, мінімальны заробак складзе 858 рублёў (цяпер — 726 рублёў).

Выданьне «Позірк» нагадала, што мінімальны заробак вызначае той аб’ём, менш за які працадаўца ня мае права плаціць за стаўку. Згодна з заканадаўствам, памер мінімальнага заробку за месяц павінен быць не ніжэйшы за 30% прагнознага значэньня намінальнага налічанага сярэднямесячнага заробку па краіне.

У верасьні 2005 году намінальны налічаны сярэдні заробак працаўнікоў склаў 2 746,4 рубля — на 16,3 рубля менш, чым у жніўні.

У сьнежні 2024 году намінальны налічаны сярэдні заробак складаў 2 693,9 рубля. Па гэтым паказьніку традыцыйна лідзіруе Менск — 3 620 рублёў. Згодна з эканамічнымі прагнозамі на 2025 год, рэальныя грашовыя даходы грамадзян павінны павялічыцца на 4%, а за 2026 год — на 4,8%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яблыкі, кава, шакаляд. Што ў Беларусі найбольш падаражэла за тры кварталы 2025 году