Невядомы бесьпілётнік парушыў працу аэрапорту ў Гётэборгу

Гётэборг, Швэцыя

Увечары 6 лістапада каля аэрапорта Гётэборгу ў Швэцыі заўважылі бесьпілётнік, у выніку чаго аэрапорт быў часова зачынены.

Некалькі рэйсаў былі скасаваныя, затрыманыя або перанакіраваныя, паведаміў апэратар аэрапорту. Прадстаўніца авіякампаніі Swedavia таксама пацьвердзіла здарэньне і заявіла, што паветраная прастора каля аэрапорту Гётэборг-Ландветэр, другога па загружанасьці ў Швэцыі, была зачыненая.

Паліцыя праводзіць расьсьледаваньне.

Гэта ня першае здарэньне са зьяўленьнем бесьпілётніка каля аэрапортаў Эўропы за апошнія месяцы. Напярэдадні аэрапорт Гановэру ў Нямеччыне быў зачынены на 45 хвілін з прычыны пралёту дрону. І гэта быў ужо трэці выпадак за тыдзень, калі аэрапорт у Нямеччыне быў зачынены з такой прычыны. 31 кастрычніка аэрапорт Бэрліну зачыняўся на дзьве гадзіны, а 2 лістапада — на гадзіну — аэрапорт Брэмэну.

Цярпелі й лётнішчы ў іншых краінах Эўразьвязу. Апошнімі тыднямі зачыняліся аэрапорты ў Бэльгіі, Нарвэгіі, Даніі і Францыі.

Улады Даніі і Нямеччыны не выключалі, што бесьпілётнікі зьвязаныя з Расеяй і крамлёўскімі правакацыямі, праверкай рэакцыі краінаў NATO на такія палёты. Данскія СМІ высьветлілі, што ў час налёту бесьпілётнікаў на мясцовыя аэрапорты побач быў карабель ВМС Расеі з выключаным транспондэрам: адлегласьць, на якой ён знаходзіўся, дазваляла запускаць бесьпілётнікі ў бок аэрапортаў. Расея адхіляе абвінавачваньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нарвэгіі пацьвердзілі, што празь невядомы бесьпілётнік павярнулі назад пасажырскі самалёт

Аэрапорты, у прыватнасьці Віленскі, рэгулярна зачыняюцца ў Літве. Там прычынай становяцца аэрастаты з кантрабанднымі цыгарэтамі, якія прылятаюць зь Беларусі. Літоўскія службы знаходзяць і затрымліваюць людзей, якія прымаюць такія апараты на літоўскай тэрыторыі. Але затрымаць і знайсьці дакладныя месцы апусканьня аэрастатаў удаецца далёк не заўсёды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У аэрапорце Вільні на паўгадзіны спынялі рух з прычыны дрону. Яго не знайшлі