— Каб патлумачыць стратэгічнае партнэрства, якое ўзьнікае паміж Іранам і Беларусьсю, я хацеў бы сказаць пра іх двухбаковыя адносіны за апошнія пару дзесяцігодзьдзяў. Пачынаючы прыкладна з 2006 году, падчас прэзыдэнцтва Махмуда Ахмадынэжада, Іран вызначыў Беларусь як патэнцыйнага партнэра, грунтуючыся на супольнай антыпатыі да ўсясьветнага парадку на чале з Захадам і супольнай прыязнасьці да Расеі, якая пачала праяўляцца ў Іране і, вядома ж, ужо існавала ў Беларусі.
Але партнэрства не пачынала разьвівацца, так бы мовіць, па-сапраўднаму да поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе. Гэта было зьвязана з шэрагам прычын. Па-першае, Расея ўдзельнічала ў перамовах наконт пагадненьня аб іранскай ядзернай праграме і ў той час не пастаўляла Ірану зброю — прынамсі, наколькі нам гэта вядома. Беларусь таксама не магла гэтага рабіць праз геаграфічныя абмежаваньні й іншыя дыпляматычныя праблемы. Вядома ж, у Беларусі бывалі свае ўласныя пэрыядычныя пацяпленьні адносінаў з Эўропай.
Іншая прычына, зь якой партнэрства сапраўды пачало разьвівацца пасьля 2022 году, палягала ў тым, што Беларусь і Іран падтрымалі поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, і гэта вельмі выразна сфармавала іхны супольны інтарэс. Замест проста дыскурсу – як я ўжо казаў, антыпатыі да ўсясьветнага парадку на чале з Захадам і іншых сымбалічных жэстаў – зьявілася істотнае практычнае пытаньне, у якім яны маглі супрацоўнічаць.
Трэцяя прычына гэтага паглыбленьня партнэрства ў тым, што Іран становіцца дзяржавай-ізгоем, гэта адбываецца ўжо некалькі гадоў, асабліва пасьля краху пагадненьня аб іранскай ядзернай праграме. Гэта прымусіла Іран шукаць зацікаўленых партнэраў. Іран знайшоў партнэраў у выглядзе Кубы і, зусім нядаўна, Кітаю, але Беларусь таксама прапанавала сябе як патэнцыйнага сябра іранскаму рэжыму. Так Беларусь стала ўсё больш актыўным гандлёвым партнэрам, экспартуючы ў Іран такія рэчы, як угнаеньні, іншыя сельскагаспадарчыя тавары. Узровень гандлю паміж дзьвюма дзяржавамі, імаверна, павялічыцца, калі зыходзіць з усіх гэтых мэмарандумаў аб узаемаразуменьні, падпісаных за апошнія пару гадоў.
— Вы згадалі, што Беларусь пастаўляе Ірану пэўныя стратэгічныя тавары. Але ў той жа час маем памятаць, што расейская дзяржава разглядае гэты від стратэгічнага партнэрства праз прызму ўласных інтарэсаў. Здаецца, я бачыў гэта ў вашым артыкуле: вы слушна заўважылі, што Расея аддае перавагу ланцужкам паставак бліжэй да сваіх межаў і далей ад лініі агню Захаду і Ізраіля. Наколькі рэальна, каб Беларусь магла вырабляць іранскія бесьпілётнікі-камікадзэ для задавальненьня ўласных патрэбаў і адначасова пастаўляць іх расейскай арміі?
— Гэта вельмі добрае пытаньне. Пэрспэктыву кожнай краіны ў гэтым стратэгічным партнэрстве, а яно нарастае, пачну разглядацьз Расеі. Вядома ж, поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну Іран зьмястоўна падтрымлівае — у выглядзе, як вы згадалі, дронаў-камікадзэ, боепрыпасаў і, цягам пэўнага часу, тэхнічных кансультантаў, зьвязаных з дронамі. Як вы сказалі, Расея хоча мець шчыльнейшы ланцужок паставак, бо імпарт бесьпілётнікаў непасрэдна з Ірану прыводзіць да ўскладненьняў праз патэнцыйнае ўмяшаньне Ізраілю ды іншых бакоў, а таксама да іншых праяваў неэфэктыўнасьці, зьвязаных з доўгім ланцужком паставак.
Каб палепшыць справы, Расея і Іран сумесна працуюць над стварэньнем інфраструктуры для вытворчасьці дронаў у Расеі. На расейскай тэрыторыі ёсьць шэраг заводаў, якія вырабляюць бесьпілётнікі «Шахед». Украінцы цэляць у гэтыя аб’екты — часам пасьпяхова — і гэта стварае праблемы.
Як я ўжо казаў у сваім артыкуле, гэта матывуе Расею заахвочваць супрацу паміж Іранам і Беларусьсю. Калі б Іран зрабіў нешта падобнае ў Беларусі — вырабляў там «Шахеды», ён мог бы, тэарэтычна, абараніць вытворчасьць дронаў ад умяшаньня іншых бакоў, такіх як Украіна ці Ізраіль. На гэты момант Беларусь усё яшчэ ня ёсьць актыўным удзельнікам канфлікту. Яны афіцыйна нэўтральныя, хоць разьмяшчаюць расейскія войскі і аказваюць іншую падтрымку ўварваньню.
Пераходжу да разгляду пазыцыі Беларусі. З пачатку вайны ва Ўкраіне ў 2022 годзе Беларусь імкнецца пачаць вытворчасьць іранскіх бесьпілётнікаў, каб умацаваць сваю адсталую абаронную прамысловасьць і пашырыць свой уплыў як глябальнага пастаўніка зброі. Мы бачылі, як гэтае амбіцыйнае жаданьне выяўляецца ў экспарце іншай вайсковай прадукцыі Беларусі, а зусім нядаўна ў разьмяшчэньні ў краіне элемэнтаў арганізацыі, якая раней была кампаніяй «Вагнэр».
Аднак, калі б Беларусь пачала вырабляць уласную вэрсію «Шахеда» ў вялікіх маштабах, гэта ў пэўным сэнсе падарвала б інтарэсы Ірану. Іран хоча захаваць сваю пазыцыю глябальнага пастаўніка зброі, і яго бесьпілётнікі ўжо маюць шырокі ахоп — іх знаходзілі ў Этыёпіі, Судане і нават Вэнэсуэле. Таму Іран не зацікаўлены ў тым, каб Беларусь вырабляла «Шахед» у вялікіх колькасьцях.
Таксама гэта неканечне і ў інтарэсах Расеі, бо гэта магло б паменшыць залежнасьць Беларусі ад Масквы ў пляне бясьпекі. Аднак з гледзішча Расеі патрэба ў шчыльнейшым ланцужку паставак можа ўрэшце пераважыць гэтыя праблемы.
Цяпер пра пункт гледжаньня Ірану — як я ўжо згадваў раней, Іран шукае партнэраў у сфэры бясьпекі. Краіна робіцца ізгоем, а крах «восі супраціву», сканцэнтраванай вакол рэжыму Асада, пакінуў Тэгерану мала магчымасьцяў для дыпляматычнай або вайсковай супрацы. Вось чаму Іран імкнецца паглыбіць сувязі з такімі арганізацыямі, як ШАС на чале з Кітаем, і ўмацаваць супрацоўніцтва ў галіне бясьпекі з Расеяй — мы бачылі, як яны сёлета падпісалі пагадненьне аб бясьпецы.
Іран дагэтуль вагаўся, ці варта даваць Беларусі магчымасьць вырабляць «Шахеды» ў вялікіх маштабах, але ён працягвае паглыбляць супрацу праз вайсковых аташэ, абмены і візыты, падобныя да цяперашняга. Урэшце, Іран можа дазволіць Беларусі вырабляць «Шахед», калі палічыць гэта адпаведным сваім уласным інтарэсам, асабліва ў сувязі з аднаўленьнем супрацьпаветранай абароны пасьля нядаўняй 12-дзённай вайны з Ізраілем.
— Калі б вам трэба было назваць толькі адну ключавую матывацыю кожнага боку — Менску і Тэгерану — што гэта было б?
— Цяпер найважнейшай матывацыяй для Ірану ёсьць аднаўленьне яго вайсковага патэнцыялу, аслабленага ў выніку абмену ўдарамі з Ізраілем. Для Менску гэта рост яго ўнутранага вайсковага патэнцыялу, магчыма, за кошт вытворчасьці іранскіх бесьпілётнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі ў Беларусі паспрабуюць пабудаваць завод для вырабу «шахедаў», Украіна глядзець на гэта проста так ня будзе, — украінскі экспэрт— ЗША нядаўна зрабілі вынятак у санкцыях супраць Беларусі што да запасных частак, якія вырабляе кампанія Boeing. Іранская авіяцыйная прамысловасьць моцна пацярпела ад санкцыяў. Наколькі, на вашу думку, магчымасьць набываць празь Беларусь запасныя часткі для самалётаў матывуе Іран умацоўваць сувязі зь Менскам?
— Іран даўно імкнецца абысьці міжнародныя санкцыі, у прыватнасьці, каб набыць самалёты Boeing і дэталі для свайго авіяцыйнага флёту, які зношваецца, — як для Iran Air, так і для невялікіх авіякампаніяў, такіх як Mahan Air.
Каб купляць дэталі і самалёты, яны абыходзілі санкцыі праз угоды зь дзяржавамі Лацінскай Амэрыкі і Афрыкі, а таксама праз пасярэднікаў на чорным рынку.
Зыходзячы з гэтага, цалкам імаверна дапусьціць, што Іран паспрабуе нешта падобнае зь Беларусьсю, калі Беларусь пачне набываць запчасткі або самалёты Boeing. Аднак Злучаныя Штаты прадэманстравалі гатоўнасьць перахопліваць такія ўгоды і спыняць гешэфты на чорным рынку. Напрыклад, мы бачылі, як у Аргентыне прызямлілі Boeing 737, які Mahan Air купляла ў вэнэсуэльскай авіякампаніі. ЗША ўрэшце арыштавалі і сканфіскавалі гэты самалёт.
Мы можам убачыць нешта падобнае і зь Беларусьсю. Пытаньне ў тым, ці палічыць Менск мэтазгодным спрабаваць прадаць дэталі Boeing Ірану, ведаючы пра патэнцыйныя наступствы, асабліва з увагі на пастаянныя намаганьні Менску дасягнуць абмежаванага збліжэньня з Вашынгтонам. Нядаўна мы бачылі «пагадненьне аб закладніках» паміж ЗША і Беларусьсю, а потым пэўнае паслабленьне санкцыяў. Застаецца пытаньне, ці рызыкне Менск ладзіць шчыльнейшыя сувязі з Іранам у сфэры, якая можа прывесьці да ўскладненьняў з Эўропай і Злучанымі Штатамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскі бок трымае слова, аслабляючы санкцыі адносна «Белавія», — амэрыканіст Пянькоўскі— І Беларусь, і Іран адкрыта выказалі падтрымку Расеі ў яе вайне супраць Украіны. Як іхнае усё шчыльнейшае партнэрства ўспрыме вонкавы сьвет, асабліва Злучаныя Штаты і Эўрапейскі Зьвяз?
— Злучаныя Штаты і Эўропа разглядаюць усё большае партнэрства паміж Іранам і Беларусьсю як пагрозу бясьпецы, зважаючы на ўплыў, які падтрымка з боку абедзьвюх дзяржаваў аказвае на ўварваньне Расеі ва Ўкраіну. Кожная зь іх паспрыяла таму, каб узмацніць ваенную сілу Расеі.
Глыбейшае ўзаемадзеяньне паміж імі можа ўзмацніць пагрозы бясьпецы, якія існуюць цяпер. Ідзецца пра спробы Беларусі разьмясьціць зброю на сваёй мяжы з Польшчай і іншымі ўсходнеэўрапейскімі дзяржавамі, каб дэстабілізаваць усходні флянг NATO. Гэта таксама павялічыць імавернасьць таго, што іранскай вайсковай тэхнікі стане больш ува Ўсходняй Эўропе, асабліва ў кантэксьце вайны ва Ўкраіне.
— Якім, на вашую думку, будзе наступны этап дзеяньняў Эўропы і ЗША ў адказ на рост гэтай пагрозы?
— Каб даць адказ, важна ўлічваць, якім будзе наступны крок у гэтым стратэгічным партнэрстве. Я думаю, вельмі падобна, што Іран будзе імкнуцца палепшыць свае магчымасьці радыёэлектроннай барацьбы праз партнэрства зь Беларусьсю. Здаецца, менавіта пра гэта паведамляюць іранскія СМІ, зьвязаныя з рэжымам, іншыя ацэнкі пацьвярджаюць гэтае меркаваньне.
Калі мэта Ірану такая, то ён, відавочна, імкнецца ўмацаваць свой вайсковы патэнцыял пасьля ўдараў Ізраілю і падтрымаць свае праграмы распрацоўкі балістычных ракет і дронаў. Электронная вайна мае вырашальнае значэньне для паветранай бясьпекі, супрацьпаветранай абароны і паляпшэньня ракетных і бесьпілётных апэрацыяў.
Калі гэта так, то мы пабачым, як Вашынгтон падтрымае будучыя ўдары Ізраілю па Іране, бо Ізраіль заявіў пра гатоўнасьць прыняць меры супраць ракетнай праграмы Ірану. Што да Эўропы, то мы можам бачыць працяглы супраціў новым перамовам з Іранам аб зьняцьці санкцыяў і, магчыма, увод дадатковых санкцыяў пры разьвіцьці сытуацыі.