Пра сьмерць Маі Яніцкай Свабодзе стала вядома ад яе калег-мастацтвазнаўцаў, гэта здарылася 15 кастрычніка. 17 кастрычніка адбылося пахаваньне. Ёй было 94 гады.
Мая Яніцкая нарадзілася 22 траўня 1931 году ў фальварку Валянцінава на Лагойшчыне. Скончыла Ўсесаюзны інстытут савецкага гандлю па спэцыяльнасці эканоміка (1950 – 1955) і асьпірантуру Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Акадэміі навук Беларусі (1966 – 1970). Кандыдат мастацтвазнаўства (1974).
З 1969 году працавала ў газэце «Зьвязда», іншых газэтах і часопісах Беларусі; у 1971 – 1974 — у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру АН Беларусі, у 1974 – 1977 — у выдавецтве «Беларуская савецкая энцыкляпэдыя», у 1977 – 1991 — у Музэі старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у 1991 – 2008 — у Цэнтры дасьледаваньня беларускай культуры імя Францішка Скарыны.
Мая Яніцкая была сярод стваральнікаў Музэю старажытнабеларускай культуры, яна аб’ехала ў экспэдыцыйных вандроўках усю Беларусь, ратуючы ад зьнішчэньня ўнікальныя скарбы старажытнабеларускага мастацтва.
З 1975 г. яна сябра Саюзу мастакоў Беларусі. Сябра мастацкай суполкі «Пагоня» зь першых дзён стварэньня гэтага творчага аб’яднаньня Беларускага саюзу мастакоў, укладальніца шэрагу каталёгаў выставаў суполкі «Пагоня» (1996, 2000). Мастацкую суполку зьліквідавалі ў 2023 годзе.
Яніцкая адна з аўтараў і рэдактараў «Беларускай савецкай энцыкляпэдыі» ў 12 тамах (1969 – 1975), «Энцыкляпэдыі літаратуры і мастацтва Беларусі» ў 5 тамах (1984 – 1987), «Гісторыі беларускага мастацтва» у 6 тамах (1987 – 1994). Апублікавала каля тысячы артыкулаў аб праблемах старажытнабеларускага мастацтва і культуры, беларускага мастацкага шкла, сучаснага мастацтва Беларусі.
Аўтарка канцэпцыі і рэдактарка мультымэдыйнага выданьня «Беларуская культура. Лепшыя старонкі. Іканапіс. Традыцыйны касьцюм. Архітэктура. 100 рарытэтаў з музэяў Беларусі» (Менск, 2000, на расейскай і ангельскай мовах). Удзельніца Другога Міжнароднага кангрэсу беларусістаў, даклад на тэму «Вяртаньне страчанай спадчыны» (1995).
Яніцкая падрыхтавала і выдала шэраг манаграфіяў: «Беларускае мастацкае шкло XVI–XVIIІ стст.» (Менск, 1977); «Вытокі шкларобства Беларусі» (Менск, 1977); «Беларускае мастацкае шкло. ХІХ — пачатак ХХ ст.» (Менск, 1984), «Гісторыя шкляной вясёлкі» (Менск, 1986); «Художественное стекло Советской Белоруссии», «Фёдар Зільберт» (Менск, 1981), «Людміла Мягкова» (Менск, 1984).
Яна ўкладальніца і аўтарка тэксту альбому «Слуцкія паясы. В градѣ Слуцкѣ» (Менск, 2006), прысьвечанага славутым слуцкім паясам.
У 1970-80-я гады Мая Яніцкая змагалася супраць зьнішчэньня старажытнай Нямігі — гістарычнай часткі беларускай сталіцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мая Яніцкая: «Слуцкія паясы ня мецьмуць попыту» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр беларускі этноляг Міхаіл Піліпенка ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі клясыкаў запісваюць у «экстрэмісты». Як Маскве прадаюць беларускую гісторыю