«У пакоі для дэпартаваных асобаў у аэрапорце Кішынёва аўтар youtube-канала „ЗУХ Zmicier“ правёў амаль суткі. Уначы з 6 на 7 лістапада супрацоўнікі памежнай службы адправілі яго самалётам у Эрэван, адкуль ён прыбыў у Малдову», — гаворыцца ў рэлізе.
Грынкевіч жыве ў Армэніі ад траўня. Да гэтага ён жыў два гады ў Батумі, але паўгады таму па вяртаньні з чарговага візарану (кароткатэрміновы выезд з краіны з мэтай абнуленьня тэрміну бязьвізавага знаходжаньня праз паўторны ўезд) яго не ўпусьцілі назад у Грузію.
Блогеру ўручылі дакумэнт аб забароне на ўезд па «іншых прычынах», нагадвае БАЖ.
Грынкевіч лічыць, што сапраўднай падставай для забароны ўезду ў Грузію стала яго актыўнасьць: «У сваім блогу я здымаў акцыі грузінскай апазыцыі, беларускія акцыі».
«У Грузіі візаран трэба рабіць раз на год, у Армэніі — раз на паўгода. Зь візай у эўрапейскую краіну пакуль не атрымліваецца. Таму паляцеў у Малдову. Пасьля прызямленьня мяне затрымалі супрацоўнікі памежнай службы і адвялі на допыт», — цытуе яго БАЖ.
«У прынцыпе, як я потым даведаўся з тэлеграм-чату „Беларусы Малдовы“, да беларусаў, якія зараз прылятаюць у Малдову, стаўленьне аднолькавае — доўгая праверка і, па магчымасьці, адпраўка назад. Можна назваць дыскрымінацыяй па пашпарце, але малдоўскія службы можна і зразумець: пад бокам вайна ва Ўкраіне, Прыднястроўе, а Беларусь — саюзьніца Расеі», — дадаў актывіст.
- Зь Беларусі Зьміцер Грынкевіч зьехаў у 2023-м. Паходзіць зь Берасьцейшчыны. Прычынай ад’езду стала цікавасьць з боку сілавікоў, апошняй кропляй стаў іхны візыт дадому да актывіста. Зьміцер расказвае, што спачатку спрабаваў атрымаць польскую візу і выехаць у гэтую краіну, аднак калі зрабіць гэтага ня змог, выйсьцем стаў ад’езд у Грузію, дзе ўжо жылі знаёмыя беларусы.
Паводле блогера, яму «не далі ніякіх папер, нічога не тлумачылі, проста завялі ў дэпартацыйны пакой і сказалі чакаць рашэньня»: «Стаўленьне — карэктнае, можна карыстацца тэлефонам, схадзіць у буфэт».
Цягам дня да сытуацыі падключыўся Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, адзначае БАЖ, але «на рашэньне малдоўскіх памежнікаў гэта не паўплывала».
«Уначы мяне пасадзілі на самалёт да Эрэвана, сказалі, што не ставяць у пашпарт адзнаку пра дэпартацыю, рашэньне прынята з фармулёўкай „няпропуск у Малдову“. Але армянскія памежнікі сказалі мне, што ў базе пазначана мая дэпартацыя з Малдовы», — дадаў Грынкевіч.
Паводле блогера, ніякіх афіцыйных папер яму не далі і не зачытвалі, а ў прыватнай размове малдоўскія памежнікі «адкрыта сказалі яму, што беларусы — непажаданыя асобы ў Малдове, правяраюць і дапытваюць усіх».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грамадзянін Беларусі рыхтаваў малдаван для дэстабілізацыі перад парлямэнцкімі выбарамі