«Калі б мяне з цяперашняй турмы пусьцілі ў "Воўчыя норы" 2011 году, я б падумаў, што я на свабодзе», — Павал Вінаградаў

Папраўчая калонія № 22, вядомая як «Воўчыя Норы». Івацэвіцкі раён, Берасьцейская вобласьць, 2013 год. Ілюстратыўнае фота

«Сухоты я падхапіў у турме. Не ведаю дакладна, дзе, але думаю, што гэта было Баранавіцкае ШЫЗА, стары корпус. Хто быў там, той ведае, што ў так званых „канюшнях“ людзей трымаць нельга.

Маленькая дэталь для разуменьня, што там за памяшканьне: там ніколі ў камэрах падсьледныя ня мыюць падлогу. Таму што падлога заўжды мокрая і так», — распавядае грамадзкі актывіст і былы палітвязень Павал Вінаградаў у вялікім інтэрвію Свабодзе.

Паўла затрымалі ў сьнежні 2021 году, у 2022-м асудзілі на пяць гадоў зьняволеньня за допіс у Facebook з крытыкай Аляксандра Лукашэнкі, Франака Вячоркі, Паўла Латушкі і Дзяніса Дудзінскага. У верасьні 2025 году яго разам з групай іншых палітзьняволеных вызвалілі і гвалтоўна вывезлі зь Беларусі ў Літву.

У вялікім інтэрвію Свабодзе Павал Вінаградаў распавядае пра гэта, а таксама параўноўвае ўмовы ў сучаснай турме з тымі, якія былі за кратамі 10 гадоў таму (у 2011 годзе Павал быў асуджаны на 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году).

Вось невялікі ўрывак з інтэрвію:

— Калі б мяне з тых умоваў, у якіх я быў зараз, адпусьцілі ў «Воўчыя норы» узору 2011 году, дзе я сядзеў раней, я бы падумаў, што мяне адпусьцілі на свабоду. Настолькі вялікая розьніца.

Што было ў мяне зараз: пастаянны ціск, праблемы з адміністрацыяй і з асуджанымі, якіх яны на мяне нацкоўвалі, у мяне — гэта 467 содняў у ШЫЗА. У зонах, дзе я быў — у адной лячыўся ад сухотаў, у другой у мяне «прапіска», у Ваўкавыскай, — ва ўсіх гэтых зонах агулам я правёў 60 дзён у атрадзе. Увесь астатні час альбо карантыны, ізалятары, ПКТ… Двойчы мяне адпраўлялі на турэмны рэжым — відавочна, хацелі даць мне магчымасьць пасядзець у турме, пакуль я сяджу ў турме. Вось так прыкладна.

Павал таксама распавядае, як у ягонай справе Лукашэнку зрабілі «пацярпелым», тлумачыць, як адміністрацыя турмы выкарыстоўвае «нізкі статус» для прыніжэньня і кантролю над палітвязьнямі, і чаму ён сьвядома застаўся ў Беларусі, хоць меў магчымасьць зьехаць.

Інтэрвію з Паўлам Вінаградавым цалкам глядзіце тут:

Павал таксама дзеліцца думкамі пра стан беларускай эміграцыі, пра тое, чаму палітвязьні могуць выйсьці на волю раней за тэрмін і чаму галоўнае пытаньне для Беларусі — не «ці зьменіцца ўлада», а «калі яна зьменіцца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ня мелі агентуры сярод сілавікоў», — Дзядок аналізуе памылкі 2020 году
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не Лукашэнка вінаваты. І не сілавікі». Мацкевіч пра працу над памылкамі