Дэсантна-штурмавыя войскі Ўкраіны: Расейская армія зьнізіла актыўнасьць у Пакроўску, спрабуе наладзіць лягістыку

Абарона Пакроўска. Лістапад 2025.

Сілы абароны ў зоне адказнасьці 7-га корпуса хуткага рэагаваньня Дэсантна-штурмавых войскаў Узброеных сіл Украіны працягваюць пошукава-ўдарныя апэрацыі ў Пакроўску, паведаміла камандаваньне корпуса 7 лістапада.

Паведамляецца, што сілы бесьпілётных сыстэм, штурмавых і дэсантна-штурмавых падразьдзяленьняў, сіл спэцыяльных апэрацый, падразьдзяленьняў Службы бясьпекі Ўкраіны, Нацыянальнай гвардыі і Нацыянальнай паліцыі працягваюць баявыя дзеяньні ў горадзе і яго ваколіцах.

«Вораг зьнізіў сваю актыўнасьць у горадзе і скараціў колькасьць перамяшчэньняў. Такім чынам, вораг хоча мінімізаваць колькасьць стратаў і чакае папаўненьня асноўнымі сіламі», — гаворыцца ў паведамленьні.

Украінскае камандаваньне адзначае, што гэтую тэндэнцыю пацьвярджаюць спробы Расейскай Фэдэрацыі наладзіць лягістыку праз паўднёвыя ўскраіны Пакроўска:

«У прыватнасьці, у гэтым раёне праціўнік некалькі разоў спрабаваў перакінуць асабісты склад з выкарыстаньнем аўтамабіляў і матацыклаў. Сілы абароны гэтага не дазволілі. Усяго з пачатку лістапада ўкраінскія вайскоўцы ліквідавалі ў Пакровску 71 акупанта, яшчэ 36 атрымалі раненьні».

Дадаецца, што ў апошнія дні расейцы некалькі разоў спрабавалі пранікнуць у Грышына. Для гэтага яны мелі намер увесьці ў зман украінскіх вайскоўцаў і ўвайсьці ў населены пункт пад выглядам мірных жыхароў. Украінская вайскоўцы паведамляюць, што спынілі гэтую спробу.

«Сытуацыя ў раёне Мірнаграда застаецца напружанай. Паводле нашых дадзеных, пасьля шматлікіх няўдалых спроб праціўніка штурмаваць горад з усходу, праціўнік паспрабуе зьмяніць вэктар удару», — дадае ўкраінскае камандаваньне.

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны 5 лістапада заявіў, што абарона Пакроўска-Мірнаградскай агламэрацыі працягваецца, і «нашы часткі і падразьдзяленьні не акружаны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад Пакроўскам, дзе загінула беларуска Марыя Зайцава, за суткі адбылося больш паўсотні баёў
  • Да гэтага Амэрыканскі інстытут вывучэньня вайны ў сваёй справаздачы заявіў, што расейскія войскі працягваюць прасоўвацца ў Пакроўскім кірунку і дзейнічаюць «з усё большай камфортнасьцю» унутры самога горада. Адначасова ўкраінскія войскі працягваюць абарончыя намаганьні і контратакі ў Пакроўскім кірунку, а таксама вызвалілі значную частку тэрыторыі, куды праніклі расейскія войскі ў Дабрапольскім кірунку.
  • Пакроўск, горад з насельніцтвам каля 1250 чалавек (мясцовыя ўлады на канец кастрычніка падлічылі, што да паўнамаштабнага расейскага ўварваньня яно было больш за 60 000), зьяўляецца важным аўтамабільным і чыгуначным вузлом і большую частку года знаходзіцца пад пагрозай акружэньня расейскімі войскамі.