У Польшчы, уздоўж мяжы зь Беларусьсю, разгортваюць амэрыканскія сыстэмы супрацьдзеяньня бесьпілотнікам

Ілюстрацыйны здымак

У Польшчу прыбылі амэрыканскія сыстэмы супрацьдзеяньня бесьпілотнікам MEROPS, якія ўжо пачалі ўсталёўваць уздоўж усходняга флянгу NATO.

Сыстэма MEROPS (Multispectral Extended Range Optical Sight) прызначаная для выяўленьня і змаганьня з бесьпілотнымі лятальнымі апаратамі, паведамляе Польскае радыё.

«Амэрыканскія сыстэмы супрацьпілотавай абароны MEROPS ужо ў Польшчы! Уздоўж усходняга флянгу NATO разгорнутыя сыстэмы, якія павысяць нашыя здольнасьці ў выяўленьні і зьнішчэньні дронаў. Наша саюзьніцкая супраца прыносіць канкрэтныя вынікі», — напісаў віцэ-прэм’ер і міністар абароны Польшчы Ўладзіслаў Касіняк-Камыш.

Міністар падкрэсьліў, што разам з усталёўкай сыстэмаў адбываецца інтэнсіўная падрыхтоўка польскіх жаўнераў, каб яны маглі апэратыўна працаваць з новымі сродкамі абароны.

Сыстэма MEROPS ня толькі выяўляе бесьпілотнікі, але і перадае дадзеныя пра іхнае разьмяшчэньне наземным і паветраным падразьдзяленьням, якія могуць іх зьбіваць.

Акрамя Польшчы, падчас працы па ўмацаваньні ўсходняга флянгу NATO такую сыстэму таксама плянуецца разгарнуць у Румыніі і Даніі.

Разьмяшчэньне гэтых сыстэмаў адбываецца на фоне павелічэньня пагрозы з боку Расеі. Апошнія месяцы польскія ўлады неаднаразова фіксавалі залёты расейскіх бесьпілотнікаў на тэрыторыю Польшчы з боку Беларусі, што выклікала дыпляматычныя ноты і ўзмацненьне патруляў уздоўж усходняй мяжы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чалы: Для Лукашэнкі кантрабанда важнейшая за макраэканоміку, але ён перайграў сам сябе