Расея атакавала некалькі рэгіёнаў Украіны 500 дронамі і ракетамі

Горад Дніпро, Украіна. Верасень 2025 года

Расея ноччу нанесла камбінаваны ўдар дронамі і ракетамі па цэлях на тэрыторыі некалькіх рэгіёнаў Украіны. Былі атакаваныя Днепрапятроўская, Сумская, Кіеўская, Кіраўградзкая, Мікалаеўская, Палтаўская, Харкаўская вобласьці і Кіеў.

Ва ўдары выкарыстоўваліся 458 бесьпілотнікаў і 45 ракетаў, паведаміла ўкраінская армія. Гэта адзін з самых моцных удараў за апошні час. Украінскі бок сьцьвярджае, што зафіксаваныя трапленьні 26 ракетаў і 52 дронаў.

Паведамляецца пра ўдары па некалькіх электрастанцыях. У Харкаве спынена мэтро, зафіксаваныя перабоі з электрычнасьцю і вадой. Электрычны транспарт заменены аўтобусамі, у горадзе адчынены пункты абагрэву.

У Крэменчугу, як паведамляе мэр Віталь Малецкі, у выніку атакі зьнікла электрычнасьць. Да вайны насельніцтва гораду перавышала 200 тысяч чалавек. Абясточаны разьмешчаны паблізу горад Гарышнія Плаўні (да перайменаваньня — Камсамольск).

У выніку атакі па Палтаўскай вобласьці пашкоджаная чыгуначная інфраструктура, затрыманыя некалькі цягнікоў, якія злучаюць Харкаў з Заходняй Украінай і Кіевам.

У Дняпры расейскі дрон трапіў у дзевяціпавярховы жылы дом, разбураныя кватэры на двух паверхах. Адзін чалавек загінуў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы, уздоўж мяжы зь Беларусьсю, разгортваюць амэрыканскія сыстэмы супрацьдзеяньня бесьпілотнікам