Турэччына выдала ордэр на арышт прэм'ера Ізраіля

Біньямін Нэтаньягу

Галоўная пракуратура Стамбула выдала ордэры на арышт 37 ізраільскіх палітыкаў і вайскоўцаў, у тым ліку прэм'ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньягу, па абвінавачваньні ў генацыдзе і ваенных злачынствах у сэктары Газа, паведамляе Daily Sabah.

Рассьледаваньне датычыцца ўдараў Ізраіля па Газе, у выніку якіх, паводле зьвестак турэцкага боку, загінулі больш за 68 тысяч палестынцаў, пераважна жанчыны і дзеці.

Старшыня Стамбульскай калегіі адвакатаў Ясін Шамлы заяўляе, што Ізраіль нясе адказнасьць за «генацыд, злачынствы супраць чалавечнасьці і парушэньне міжнародных пагадненьняў». Шамлы падкрэсьліў, што такія злачынствы ня маюць тэрміну даўнасьці і падпадаюць пад юрысдыкцыю нацыянальных судоў Турэччыны.

Кіраўнік МЗС Ізраіля Гідэон Саар назваў дзеяньні Анкары «піяр-ходам тырана» Рэджэпа Эрдагана, прэзыдэнта Турэччыны. Ізраільскі міністар заявіў, што турэцкая судовая сыстэма «даўно ператварылася ў інструмэнт прыгнёту палітычных апанэнтаў».

Раней Міжнародны крымінальны суд таксама выдаў ордэр на арышт Нэтаньягу, падазраючы яго ў ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасьці, учыненых у Газе ў пэрыяд з кастрычніка 2023 па май 2024 году. У Ізраілі назвалі гэтыя меры праявай антысэмітызму.

Ізраіль пачаў баявую апэрацыю ў сэктары Газа пасьля 7 кастрычніка 2023 года. Тады палестынскія тэрарыстычныя групоўкі напалі на поўдзень Ізраіля. У выніку нападзення загінулі больш за тысячу чалавек, больш за 250 былі захоплены ў закладнікі і вывезеныя ў Газу. Частка закладнікаў была вызваленая ў выніку зьдзелак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы, уздоўж мяжы зь Беларусьсю, разгортваюць амэрыканскія сыстэмы супрацьдзеяньня бесьпілотнікам