«Сюррэалістычная атмасфэра, як у антыўтопіі». Як выглядае Нагорны Карабах праз два гады пасьля вайны

Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў у траўні 2025 году перарэзаў зялёную стужку падчас адкрыцьця Лачынскага міжнароднага аэрапорту. Гэта трэцяе лётнішча, адкрытае з 2021 году ў Нагорным Карабаху, адваяваным у этнічных армянаў.

Усе тры аэрапорты разьмешчаныя менш як за 100 км адзін ад аднаго і практычна не выкарыстоўваюцца, піша RFE/RL.

Аэрапорт Лачын, травень 2025 году

Практычна ўсё насельніцтва гэтых тэрыторыяў — а гэта больш за 100 тысячаў этнічных армянаў — уцякло ў выніку вайсковых апэрацыяў Баку.

У 2023 годзе Азэрбайджан канчаткова ўзяў пад кантроль тэрыторыю Нагорнага Карабаху, якую не кантраляваў больш за 30 гадоў.

Тэрытарыяльная спрэчка паміж Армэніяй і Азэрбайджанам з нагоды Нагорнага Карабаху цягнецца з канца 1980-х гадоў. Пасьля распаду СССР населеная ў асноўным этнічнымі армянамі Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласьць пры падтрымцы Армэніі заявіла пра выхад з Азэрбайджанскай ССР, а ў верасьні 1991 году абвясьціла пра стварэньне «Нагорна-Карабаскай рэспублікі».

Падчас першага ўзброенага канфлікту 1988–1994 гадоў у рэгіёне загінулі 30 тысяч чалавек. У выніку Нагорны Карабах і некалькі прылеглых да яго раёнаў Азэрбайджану перайшлі пад фактычны кантроль узброеных сілаў Армэніі. Сотні тысяч чалавек, у асноўным этнічныя азэрбайджанцы, сталі ўцекачамі і вымушанымі перасяленцамі. Нягледзячы на абвяшчэньне «Нагорна-Карабаскай рэспублікай» незалежнасьці, афіцыйна яна не была прызнаная ніводнай з краінаў ААН, у тым ліку Армэніяй. У 1993 годзе ААН прыняла чатыры рэзалюцыі з патрабаваньнямі вываду армянскіх войскаў з Карабаху і прызнаньнем тэрыторыі часткай Азэрбайджану.

У канцы верасьня 2020 году за рэгіён пачалася другая вайна. Азэрбайджан вярнуў пад свой кантроль раёны вакол Нагорнага Карабаху і ўзяў старажытны і сымбалічна значны горад Шуша (па-армянску Шушы). Пасьля гэтага Азэрбайджан пачаў блякаду раёнаў Карабаху, населеных этнічнымі армянамі, справакаваўшы масавы выезд з Карабаху ў Армэнію і іншыя краіны.

19 верасьня 2023 году Азэрбайджан пачаў новую «антытэрарыстычную апэрацыю» ў раёнах Карабаху, населеных этнічнымі армянамі. 28 верасьня кіраўнік непрызнанай Нагорна-Карабаскай рэспублікі Самвэл Шахраманян падпісаў указ пра спыненьне існаваньня рэспублікі з 1 студзеня 2024 году. Афіцыйныя асобы ў Ерэване цяпер прызнаюць Карабах сувэрэннай тэрыторыяй Азэрбайджану.

Пасьля другой вайны за Карабах Армэнія і Азэрбайджан зрабілі значныя крокі па аднаўленьні адносінаў.

8 жніўня 2025 году ў Вашынгтоне прэзыдэнт Азэрбайджан Ільхам Аліеў і прэм’ер‑міністар Армэніі Нікол Пашыньян дамовіліся пра адмову ад вайсковага супрацьстаяньня і аднаўленьне дыпляматычных адносінаў.

«Яны ваявалі 35 гадоў. Цяпер яны сябры», — заявіў Трамп па выніках трохбаковай сустрэчы.

Пашыньян і Аліеў прапанавалі высунуць Трампа на Нобэлеўскую прэмію міру.

Вернік моліцца ў пацярпелым ад вайны саборы Сьвятога Збаўцы ў Шушы ў кастрычніку 2020 году, перад масавым сыходам з Нагорнага Карабаху этнічнага армянскага насельніцтва

Гістарычна Нагорны Карабах быў населены пераважна этнічнымі армянамі, але пасьля распаду Савецкага Саюзу быў прызнаны часткай Азэрбайджану.

У выніку Першай нагорна-карабаскай вайны ў канцы 1980-х гадоў Азэрбайджан страціў кантроль над рэгіёнам, мясцовае азэрбайджанскае насельніцтва ўцякло.

Цяпер Баку заяўляе пра «вялікае вяртаньне» азэрбайджанцаў.

Новая мячэць у адваяваным Агдэрынскім раёне, сакавік 2025 году

На некалькіх нядаўніх фатаздымках новых аб’ектаў у Нагорным Карабаху і ягоных ваколіцах, апублікаваных адміністрацыяй Азэрбайджану, можна пабачыць невялікія групы людзей, якія сабраліся на цырымоніі адкрыцьця.

Аднак аэрафатаздымкі з гэтых месцаў уражваюць бязьлюднасьцю.

Нядаўна пабудаванае сяло ў Лачынскім раёне Азэрбайджану, травень 2025 году

Азэрбайджанскі эканаміст Тагрул Валіеў паведаміў RFE/RL, што, паводле сьцьвярджэньняў Баку, у рэгіёны вярнулася ад 30 да 40 тысячаў азэрбайджанцаў, аднак праз абмежаваньні на паездкі ў гэты раён «цяжка знайсьці дакладныя зьвесткі».

Нядаўна пабудаванае сяло ў Агдамскім раёне Азэрбайджану, сакавік 2025 году

Італьянец Матэа Чывільліні — адзін зь нешматлікіх заходніх журналістаў, якія наведалі гэтыя тэрыторыі, — зрабіў рэпартаж з Нагорнага Карабаху пасьля афіцыйнага візыту ў красавіку 2024 году.

Комплекс адпачынку «Лачын», адкрыты ў траўні 2025 году

Чывільліні апавёў Радыё Свабода, што ўдзельнікі прэс-туру прайшлі празь некалькі кантрольна-прапускных пунктаў, дзе ў журналістаў «старанна правяралі дакумэнты».

Паводле яго, на тэрыторыі Нагорнага Карабаху панавала «сюррэалістычная атмасфэра, крыху як у антыўтопіі», якая нагадвала вялізную будаўнічую пляцоўку: «Уразіла, як мала людзей, відаць, там жыве».

Сяло ў Агдамскім раёне падчас цырымоніі адкрыцьця ў траўні 2025 году

Чывільліні бачыў «толькі некалькі машынаў на дарозе», паводле ягоных словаў, там «існаваў відавочны дысананс паміж маштабам будаўніцтва і відавочнымі мясцовымі патрэбамі».

Комплекс чыгуначнага і аўтавакзала Агдаму ў часе адкрыцьця ў траўні 2025 году

Мясцовым азэрбайджанцам, якія ўцяклі падчас першай нагорна-карабаскай вайны, прапанавалі жытло за кошт дзяржавы пры ўмове пераезду на адваяваныя тэрыторыі на сталае жыхарства.

Аднак шмат хто ня стаў вяртацца, кажучы, што ў рэгіёне няма дзе працаваць.

Прэзыдэнт Ільхам Аліеў (зьлева на пярэднім пляне) глядзіць прадстаўленьне ў Шушы ў верасьні 2025 году

«Я і думаць ня буду пра вяртаньне, бо ў мяне праца тут, у Баку», — заявіў адзін з былых жыхароў Лачынскага раёну.

Іншыя перасяленцы кажуць, што іхныя вёскі сталі непазнавальнымі пасьля будаўнічай кампаніі ў стылі Дубаю.

Нядаўна адрэстаўраваная мячэць у Агдамскім раёне Азэрбайджану

Былая жыхарка сяла Ходжалы, якая ўцякла адтуль у 1990-х гадах, апавяла азэрбайджанскай службе Радыё Свабода, што ўлады ўзводзяць будынкі, якія «прыгожыя, але там няма нам як трымаць нават курыцу. Мы не ў Маскве жылі, мы жылі ў [вёсцы]».

Будаўніцтва «Аркі Перамогі» ў Ханкендзі, найбуйнейшым горадзе ў Нагорным Карабаху, раней вядомым як Сьцяпанакерт

Прагназуецца, што на крабаскую праграму аднаўленьня і перасяленьня вылучаць каля 19,5 мільярдаў даляраў.

Нядаўна пабудаваная шаша каля вадасховішча ў раёне Агдэра, сакавік 2025 году

Азэрбайджанскі эканаміст Тагрул Валіеў лічыць, што маштабнае будаўніцтва ёсьць спосабам «пераразьмеркаваньня рэсурсаў» з плыні нафтадаляраў, якая напаўняе дзяржаўны скарб Азэрбайджану. «Раней Баку [аднаўлялі], а цяпер — Карабах», — кажа ён.

Яшчэ на гэтую тэму

Пацяпленьня не адбылося: Пашыньян, як і раней, ігнаруе Савет кіраўнікоў урадаў СНД, што праходзіць у МенскуАрмэнія прыбрала выяву гары Арарат з пашпартоў, што выклікала спрэчкі ў грамадзтвеАБСЭ закрывае «Менскую групу» ў выніку падпісаньня мірнай дамовы паміж Азэрбайджанам і АрмэніяйАзэрбайджан зьбіваў армянскія бесьпілётнікі ў Карабаху з дапамогай беларускай сыстэмы СПА