Парлямэнцкая канфэрэнцыя краін Балтыйскага мора (ПКБМ) можа надаць Беларусі статус назіральніка, заявіў сёньня журналістам старшыня канфэрэнцыі Яніс Вуцанс, які з 12 па 14 красавіка знаходзіцца ў Менску:
«Мінулай восеньню мы пачалі разглядаць гэтае пытаньне, а сёлета вырашылі зрабіць візыт у Менск, каб на свае вочы паглядзець, што тут адбываецца. Тут мы з калегамі хочам задаць свае пытаньні, паслухаць беларускі бок. Мы гатовыя супрацоўнічаць зь Беларусьсю найперш у пытаньнях экалёгіі, адукацыі і навукі».
Балтыйская дэлегацыя ўжо сустракалася з групай чальцоў Нацыянальнага сходу Беларусі, некаторымі палітыкамі і грамадзкімі дзеячамі. Сярод іх і адзін зь лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў:
«Я распавёў суразмоўцам пра новую палітычную рэчаіснасьць у Беларусі, падзел на рэфарматараў і рэтраградаў, важнасьць эканамічных і сацыяльных рэформаў, стан спраў з правамі чалавека і неабходнасьць большай празрыстасьці ў дачыненьнях паміж Эўрапейскім Зьвязам і Рэспублікай Беларусь.
Асобнай тэмай размовы сталі парлямэнцкія выбары, якія адбудуцца сёлета ў верасьні. „Гавары праўду“ падтрымлівае разьвіцьцё дачыненьняў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам па ўсіх напрамках. Таму мы за тое, каб надаць статус назіральніка ў Канфэрэнцыі Нацыянальнаму сходу. Але прымаць гэтае рашэньне трэба будзе толькі ў залежнасьці ад таго, як пройдзе выбарчая кампанія».
«На гэтым прыкладзе мы бачым, што Эўропа пачала актыўны працэс размоваў з рознымі роўнямі ўлады ў Беларусі», — камэнтуе сытуацыю для Свабоды намесьнік старшыні руху «За свабоду», палітоляг Алесь Лагвінец:
«І тут абысьці Нацыянальны сход немагчыма. Зважаючы на тое, што агульнаэўрапейскія арганізацыі, кшталту Рады Эўропы, яшчэ не зрабілі падобных прапановаў, такія абяцаньні варта разглядаць як спробу эўрапейцаў уцягнуць беларускія ўлады ў працэс абмеркаваньня. І яшчэ раз нагадаць, што поўнафарматны ўдзел у эўрапейскіх арганізацыях будзе залежаць ад дэмакратычнасьці сёлетніх парлямэнцкіх выбараў.
І яшчэ ёсьць бюракратычны бок справы. Любая міжнародная структура, якая мае свой прынцып фармаваньня, хоча супрацоўнічаць з тымі, хто мае, няхай і фармальна, гэткі самы прынцып. У Беларусі фармальна нібыта выбіраюць дэпутатаў. І таму Парлямэнцкай канфэрэнцыі краін Балтыйскага мора хочацца супрацоўнічаць з дэпутатамі».
ПКБМ была заснаваная ў 1991 годзе. Статус сталага ўдзельніка ў ёй маюць Данія, Ісьляндыя, Латвія, Літва, Нарвэгія, Нямеччына, Польшча, Расея, Фінляндыя, Швэцыя, Эстонія, а таксама пяць міжпарлямэнцкіх арганізацыяў. Статусам назіральніка валодаюць каля 30 арганізацыяў.