«Ніякіх перамоваў з Беларусьсю ня будзе. Гэта ня тая краіна, зь якой можна размаўляць і весьці перамовы. Мы ўсе разумеем, што большую частку паветраных балёнаў можна затрымаць на тэрыторыі самой Беларусі. Калі суседняя краіна гэтага ня робіць, то і з нашага боку павінна быць адпаведная рэакцыя», — заявіла, паводле BNS, кіраўніца ўраду Літвы Інга Ругінене ў этэры Žinių radijas 23 кастрычніка.
У ноч на 22 кастрычніка ў Літву з тэрыторыі Беларусі прыляцела некалькі дзясяткаў паветраных балёнаў. У выніку была парушана праца Віленскага аэрапорту, што закранула каля 30 рэйсаў і больш за 4 тысячы пасажыраў, а два апошнія пункты пропуску на мяжы Літвы зь Беларусьсю былі часова закрытыя. У выпадку паўтарэньня такой сытуацыі прэмʼерка Ругінене абяцае поўнае закрыцьцё межаў зь Беларусьсю.
22 кастрычніка, першы раз камэнтуючы масавы прылёт паветраных балёнаў у Літву, Ругінене сказала, што хоча, каб «Беларусь таксама адказна паставілася да гэтых падзеяў, якімі б ні былі палітычныя адносіны».
Пазьней яна адказала на крытыку апазыцыі ў яе адрас за тое, што яна нібыта не разумее, наколькі наіўна чакаць добрай волі ад менскага рэжыму.
«Тое, што я раблю — мае рашэньні і дзеяньні — дэманструе выразнае стаўленьне. Ніякіх перамоваў зь Беларусьсю ня будзе, і калі мы ўбачым дзеяньні супраць, калі ўбачым, што кантрабанда і надалей свабодна ідзе церазь мяжу, нашы службы будуць рэагаваць жорстка тут і цяпер», — заявіла прэмʼер-міністар Літвы Інга Ругінене.
Рэакцыя на інцыдэнт у МЗС Беларусі
Тым часам у тэлеграм-канале «Глас МИДа», блізкім да Міністэрства замежных справаў Беларусі, зьявіўся допіс, які можна лічыць камэнтаром да першых выказваньняў літоўскай прэмʼер-міністаркі Інгі Ругінене. У допісе — прапанова сядаць за стол перамоваў.
«Пасьля многіх гадоў удумлівага ігнараваньня ўсіх нашых прапановаў сесьці і па-суседзку абмеркаваць, як разам ахоўваць гэты самы комплекс, зь Вільні даляцеў першы за гады здаровы пасыл.
Спадарыня прэмʼер-міністар Інга Ругінене асьцярожна намякае, што трэба ўзаемадзейнічаць „тэхнічна“. Што ж, гэта прагрэс.
Магчыма, зьмена кадраў ва ўрадзе дапамагла разьвеяць той самы „туман вайны“, які перашкаджаў разглядзець відавочнае: бясьпека мяжы — гэта праца, а не палітычны хэштэг.
Нашы прапановы ляжаць на стале. Так што, калегі, калі вырашыце спусьціцца зь нябёсаў палітыкі на зямлю тэхнічных дэталяў, мы вас чакаем. Чайнік закіпяцім. Абмяркуем і зонды, і іншыя выклікі. Без туману», — піша ТГ-канал «Глас МИДа».
Літва пагражае цалкам закрыць мяжу зь Беларусьсю
22 кастрычніка прэм’ер-міністар Літвы Інга Ругінене абяцала поўнае закрыцьцё межаў зь Беларусьсю, калі падобныя значныя парушэньні мяжы паветранымі балёнамі паўторацца. Гэтай праблеме было прысьвечана паседжаньне Камісіі нацыянальнай бясьпекі.
Пасьля таго як дзясяткі паветраных зондаў з кантрабандай уначы прыляцелі зь Беларусі ў Літву і парушылі працу Віленскага аэрапорту, кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустамас Любаевас заявіў, што літоўскія памежнікі перахапілі 12 такіх мэтэазондаў і затрымалі чатырох чалавек.
Балёны, якія выкарыстоўваюць для кантрабанды цыгарэт зь Беларусі, запускалі не з аднаго месца, гэта была скаардынаваная апэрацыя, заявіў кіраўнік літоўскага Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызісамі (НЦУК) Вілмантас Віткаўскас.
«Інтэнсіўнасьць запуску зондаў таксама вельмі высокая, і, хутчэй за ўсё, гэта быў не адзін пункт, гэта была скаардынаваная апэрацыя».
Агенцтва BNS паведамляла, што праз пагрозу ад гэтых паветраных балёнаў Віленскі міжнародны аэрапорт быў закрыты зь вечара аўторка да 6.30 серады, а рух праз абодва дзейныя памежныя пункты пропуску з Беларусьсю — Меднікі і Салечнікі — уначы часова прыпынілі.
Перад гэтым кантрабандныя балёны спынялі працу аэрапорту ў пачатку кастрычніка. Тады паветраную прастору Літвы парушылі больш за 20 мэтэазондаў.
Пасьля таго як Літва закрыла частку памежных пераходаў зь Беларусьсю, паставіла фізычную загароду на мяжы і ўзмацніла яе ахову, мэтэазонды сталі адным з самых папулярных спосабаў перавозу кантрабандных цыгарэт.
Мігранцкі крызіс працягваецца
За мінулыя содні на мяжы з Беларусьсю літоўскія памежнікі не зафіксавалі ніводнай спробы незаконнага пранікненьня мігрантаў у Літву, паведаміла 23 кастрычніка Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
У сераду латвійскія памежнікі разьвярнулі 7 мігрантаў, а польскія памежнікі ў панядзелак не прапусьцілі ў краіну 33 іншаземцаў.
Сёлета ў Літву не былі прапушчаныя больш за 1,4 тысячы мігрантаў. Летась было зафіксавана 1002 спробы пранікненьня ў краіну зь Беларусі ў несанкцыянаваных месцах.
Наплыў мігрантаў ува ўсходнія краіны Эўразьвязу зь Беларусі пачаўся ў 2021 годзе, і ў яго арганізацыі Захад абвінавачвае менскі рэжым.
Мігранцкі крызіс 2021-2025. Асноўнае
- У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
- Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
- Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
- У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
- Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
- Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
- Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
- 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
- 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
- На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
- 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
- У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
- 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
- 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
- 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
- Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
- 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
- Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
- 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
- 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
- На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
- На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
- За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
- Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.