У Воршы 3 чалавекі памерлі ад каранавірусу
На 17 красавіка ў Аршанскім раёне зарэгістравалі 57 выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі, памерлі 3 чалавекі. Пра гэта піша «Аршанская газэта» са спасылкай на галоўнага доктара Аршанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялёгіі Сяргея Белага.
У трох памерлых людзей каранавірус абцяжарыў хранічныя захворваньні, сказаў Белы. Пасьля праходжаньня лячэньня паправіліся 2 чалавекі, іх выпісалі. Аршанскія мэдыкі правялі больш за 780 тэстаў на COVID-19. Пасьля атрыманьня паўторнага адмоўнага выніку на каранавірус і адсутнасьці клінічных праяў захворваньня зьнялі з мэдычнага назіраньня 131 чалавека.
Ва Ўкраіне пацьвердзілі больш 5,1 тысячы выпадкаў Covid-19
На раніцу 18 красавіка ва Ўкраіне пацьвердзілі 5 106 выпадкаў захворваньня на каранавірус, памерлі 133 чалавекі, 275 чалавек вылечыліся. Пра гэта паведамілі ва ўкраінскім Цэнтры грамадзкага здароўя.
Сярод памерлых пераважаюць людзі ад 50 гадоў (87%).
19 мільярдаў даляраў для амэрыканскіх фэрмэраў, якія пацярпелі ад пандэміі
Трамп прадставіў праграму дапамогі фэрмэрам, якія пацярпелі ад пандэміі. На гэтыя мэты выдаткавалі 19 мільярдаў даляраў. Зь іх 16 мільярдаў накіруюць на прамыя выплаты вытворцам сельскагаспадарчай прадукцыі, а 3 мільярды — на закупку іх прадукцыі: гародніны, фруктаў, малака мяса.
Апошнімі тыднямі амэрыканскія фэрмэры зьнішчалі вырабленыя імі прадукты раз адсутнасьць попыту, выкліканага каранавірусам. Некалькі мясакамбінатаў спынілі вытворчасьць праз захворваньне сваіх супрацоўнікаў.
Ад каранавірусу за суткі ў Беларусі памерлі яшчэ 3 чалавекі
Міністэрства аховы здароўя назвала новыя лічбы па хворых і памерлых на каранавірус, не назваўшы агульнай колькасьці захварэлых. Вядома, што на 18 красавіка ад каранавірусу ў Беларусі памерлі 45 чалавек.
Акрамя агульнай колькасьці зафіксаваных выпадкаў Covid-19 Мінздароўя не назвала:
- колькасьць хворых, якіх адправілі лячыцца дома;
- колькасьць хворых у цяжкім стане і на апаратах штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
На стацыянарным лячэньні каранавіруса знаходзіцца 3282 чалавекі. Ачунялі і выпісаныя 458 пацыентаў. У дачыненьні да 510 праводзіцца удакладняючая дыягностыка. Усяго ў Беларусі правялі 92 709 тэстаў на Covid-19.
«Што робіць нашая краіна?! Навошта заніжаць статыстыку?» Сын памерлага фэльчара хуткай дапамогі жорстка адказаў міністру Караніку
Усе рытуальныя службы і залі ў Барысаве адмовіліся правесьці разьвітаньне, калі даведаліся, што ў памерлага быў каранавірус. Адпяваць 50-гадовага фэльчара хуткай дапамогі Васіля Ліпіліна пагадзіўся толькі адзін сьвятар.
У Таджыкістане і Туркмэністане афіцыйна каранавірусу няма. У іх суседзяў — ёсьць
Захворваньне на пнэўманію сярод насельніцтва ўзрасло з прычыны сэзоннай перамены клімату, заявілі тамтэйшыя ўлады.
4 патрулі ДАІ выставілі паміж Лунінцам і Пінскам праз каранавірус. ФОТА
Праз эпідэмію каранавірусу на дарогах паміж Лунінцам і Пінскам выстаўленыя патрулі міліцыі. На кожным ёсьць таксама супрацоўнік цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі. Ён мерае тэмпэратуру кіроўцаў і пасажыраў і правярае, ці няма гэтых людзей у сьпісе тых, хто мусіць знаходзіцца ў самаізаляцыі. Зь месца перадаюць карэспандэнты Свабоды.
Жыхарам аграгарадка ля Старых Дарогаў «рэкамэндавана не выяжджаць», ад паездак туды таксама раяць устрымацца
У аграгарадку Языль нібыта праводзяцца прафіляктычныя мерапрыемствы, бо вырасла колькасьць тых, хто захварэлі на вострую рэсьпіраторную вірусную інфэкцыю.
Пад пагрозай 75 млн працоўных месцаў у турыстычнай індустрыі
Паводле Сусьветнай арганізацыі турызму, агулам 75 мільёнаў працоўных месцаў у турыстычнай галіне пад пагрозай праз каранавірусны крызіс. Найбольш гэта можа закрануць эўрапейскія краіны.
«Радыяцыя была страшнай, ды прывыклі. А гэтая зараза яшчэ мудрэйшая». Як Буда-Кашалёва, дзе ўспышка каранавірусу, рыхтуецца да Вялікадня
Жыхары Буда-Кашалёва ўстрывожаныя ўспышкай каранавірусу ў райцэнтры. Тут захварэлі мэдыкі — ад санітаркі да лекараў. Не абмінула зараза і «простых сьмяротных». Паводле неафіцыйнай інфармацыі, «зьлеглі» мэдычныя работнікі з тэрапэўтычнага і рэанімацыйнага аддзяленьня.
Як у Беларусі і іншых краінах будзе сьвяткавацца праваслаўны Вялікдзень ва ўмовах пандэміі
Усяленскі патрыярх Варфаламей заклікаў праваслаўных вернікаў заставацца на Вялікдзень дома. Аднак, да гэтых рэкамэндацыяў Канстантынопальскага патрыярха прыслухаліся ня ўсе.
Некалькі соцень чалавек прыйшлі на ўсяночную ў Менску
Некалькі соцень чалавек прыйшлі на ўсяночную ў храм «Абразы Божай Маці ўсіх тужлівых радасьці», што на праспэкце Прытыцкага ў Менску. Праўда, адна пара засталася і малілася звонку на дыстанцыі некалькі дзясяткаў мэтраў ад будынку храма. Перад начным богаслужэньнем прайшоў крыжовы шлях з удзелам казакоў.
Канскі кінафэстываль пройдзе ў онлайн-фармаце
Кіраўніцтва Канскага фэстывалю вырашыла правесьці кінафорум у онлайн-фармаце. Прычынай сталі эпідэмія COVID-19 і абмежавальныя меры, прынятыя ўрадам Францыі.
У сумеснай заяве арганізатары канстатавалі, што правядзеньне маштабнай імпрэзы ў сёньняшніх умовах немагчымае, але адначасова яны выказалі гатоўнасьць забясьпечыць падтрымку фільмаў, адабраным у сёлетнія конкурсы. Тэрміны онлайн-праглядаў абмяркоўваюцца.
Праваслаўныя вернікі сьвяткуюць Вялікдзень у Віцебску
Напярэдадні сьвята Беларуская праваслаўная царква заклікала вернікаў адмовіцца ад наведваньня храмаў на Вялікдзень. На афіцыйнай старонцы Віцебскай эпархіі быў апублікаваны заклік трымацца масачнага рэжыму і захоўваць сацыяльную дыстанцыю ў храмах. І па магчымасьці ўстрымацца ад наведваньня храмаў у пэрыяд ускладненьня эпідэміялягічнай сытуацыі. Асабліва ў сьвяточныя дні.
Прамая трансьляцыя сьвяточнага набажэнства вялася на мясцовым тэлеканале «Віцебск». Большасьць вернікаў скарысталася магчымасьцю сачыць за ўрачыстасьцямі дыстанцыйна — з дому.
Ад каранавірусу ў Беларусі памерлі 47 чалавек. 86 у цяжкім стане
Мінздароўя зноў назвала толькі тых, хто лечыцца стацыянарна. На стацыянарным лячэньні каранавірусу знаходзіцца 3538 чалавек. Ачунялі і выпісаныя 494 пацыенты. У адмысловай увазе спэцыялістаў, у сувязі з цяжарам захворваньня, маюць патрэбу 86 пацыентаў. Усяго ў Беларусі правялі 98 231 тэст на COVID-19.
Трамп пагражае наступствамі, калі кітайскія ўлады сапраўды хавалі праўду пра каранавірус
Кітайскія ўлады «панясуць адказнасьць», калі высьветліцца, што «сьвядома» хавалі дадзеныя аб каранавірусе, заявіў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Ён перакананы, што небясьпечны вірус можна было спыніць у Кітаі яшчэ да пачатку пандэміі, але цяпер праз гэта пакутуе ўвесь сьвет.
Акрамя таго, Дональд Трамп ставіць пад сумнеў афіцыйную статыстыку сьмяротнасці ў КНР, лічачы яе істотна заніжанай. Пасьля пералікаў колькасьці ахвяраў ва Ўхані гэтая колькасьць была павялічаная на 50%, аднак, на думку экспэртаў, і новая лічба не адпавядае рэальнасьці.
Лукашэнка ўпэўнены ў тактыцы барацьбы з каранавірусам
Аляксандар Лукашэнка выказаў упэўненасьць што «беларусы пройдуць гэты пэрыяд годна». Галоўнае, падумаць, як пераадольваць наступствы «псыхозу».
«Аднаму цяжка ў сьвеце, асабліва ісьці супраць плыні, — сказаў ён. — Але я ўсё ж прыняў рашэньне, што мы ня мусім закрывацца, павінны працаваць. А як можна зачыніцца і не працаваць, калі на вёсцы сяляне сеюць? І калі не пасеюць, значыць, есьць ня будзе чаго. Нават тыя, хто зачыніліся, пачалі адкрываць заводы, фабрыкі, дзіцячыя дамы, школы. А ў гэты час у іх яшчэ гінуць — да шасьцісот чалавек у суткі. Навошта, пытаюся, было спыняць жыцьцё?» — задаўся пытаньнем Лукашэнка.
Расея падаравала Ўзбэкістану тэсты на каранавірус. Раней іх раскрытыкаваў Лукашэнка
Расея бясплатна перадала Ўзбэкістану тэставыя сыстэмы для дыягностыкі каранавіруснай інфэкцыі COVID-19, заявіла афіцыйная прадстаўніца расейскага Ммністэрства замежных спраў Марыя Захарава.
Як паведамляе тэлеканал «Настоящее время», паводле Захаравай, тэст-сыстэмы расейскага навуковага цэнтру «Вэктар» накіраваныя расейскім бокам для дапамогі Ўзбэкістану ў барацьбе з распаўсюджваньнем інфэкцыі. Захарава ўдакладніла, што ўзаемадзеяньне вядзецца і зь Беларусьсю — дзяржкарпарацыя «Расатам» перадала тэст-сыстэмы шпіталям Астравецкага раёну Горадзенскай вобласьці.
Раней прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што тэст-сыстэмы расейскага навуковага цэнтру «Вэктар» даюць усяго 30% дакладных вынікаў.
ФАКТОГРАФ: Ці праўда, што ў краінах былога СССР няма інфэкцыйных шпіталяў?
17 красавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што інфэкцыйныя шпіталі «на постсавецкай прасторы ва ўсіх дзяржавах зьнішчылі». Ці праўда, што ў краінах былога СССР няма інфэкцыйных шпіталяў? Мы праверылі гэтае выказваньне.
Лічбы на раніцу 20 красавіка
- У сьвеце зафіксавалі звыш 2,4 мільёна выпадкаў COVID-19: 764 тысячы ў ЗША, 198,5 тысячы ў Гішпаніі, амаль 179 тысяч у Італіі, амаль 153 тысячы ў Францыі, звыш 145,5 тысячы ў Нямеччыне, 120 тысяч у Вялікай Брытаніі, звыш 86 тысяч у Турэччыне, амаль 84 тысячы ў Кітаі, 82 тысячы ў Іране.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 165 073 чалавекі. Зь іх 40 565 у ЗША, 23 660 у Італіі, 20 453 у Гішпаніі, 19 718 у Францыі, 16 060 у Вялікай Брытаніі, 5683 у Бэльгіі, 5118 у Іране, 4636 у Кітаі.
- Выпісалі 625 тысяч пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца больш за 1,6 млн, зь іх каля 54 тысяч у цяжкім стане.
- У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 17 красавіка, пацьверджаныя 4779 выпадкаў COVID-19, 575 выпадкаў за дзень. Пасьля колькасьць выпадкаў перасталі паведамляць. На 19 красавіка ад каранавірусу ў Беларусі прызналі сьмерць 47 чалавек. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Міністэрства здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.