Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

21:54 21.4.2020

Аўстрыя адной зь першых у Эўропе адкрые рэстараны

Канцлер Аўстрыі Сэбасьцян Курц абвясьціў у аўторак, 21 красавіка, што рэстараны і гатэлі ў краіне адкрыюцца з 15 траўня. Акрамя таго, пачынаючы з 15 траўня ў краіне паступова пачнуць адкрывацца школы.

Да гэтага, 1 траўня, у Аўстрыі адкрыюцца вялікія крамы, гандлёвыя цэнтры і цырульні.

Больш падрабязны плян выхаду з карантыну будзе прадстаўлены на наступным тыдні. Аднак, як папярэдзіў Курц, жыхары Аўстрыі павінны будуць па-ранейшаму выконваць дыстанцыю.

Аўстрыя пачала паступова здымаць абмежавальныя меры тыдзень таму, 14 красавіка. Тады ў краіне адкрыліся невялікія крамы плошчай да 400 квадратных мэтраў, крамы для садаводаў і крамы будаўнічых тавараў, а таксама сады і паркі.

08:13 22.4.2020

Лічбы на раніцу 22 красавіка

  • У сьвеце зафіксавалі звыш 2,55 мільёна выпадкаў COVID-19: звыш 819 тысяч у ЗША, 204 тысячы ў Гішпаніі, амаль 184 тысячу ў Італіі, 158 тысяч у Францыі, каля 148,5 тысячы ў Нямеччыне, 129 тысяч у Вялікай Брытаніі, звыш 95,5 тысяч у Турэччыне, каля 85 тысяч у Турэччыне, каля 84 тысяч у Кітаі.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 177 674 чалавекі. Зь іх 45 343 у ЗША, 26 648 у Італіі, 21 282 у Гішпаніі, 20 796 у Францыі, 17 337 у Вялікай Брытаніі, 5998 у Бэльгіі, 5297 у Іране, 5086 у Нямеччыне, 4636 у Кітаі.
  • Выпісалі больш за 695 тысяч пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца больш за 1,6 млн, зь іх больш за 57 тысяч у цяжкім ці крытычным стане.
  • У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 21 красавіка, пацьверджаныя 6723 выпадкі​ COVID-19 (плюс 459 за дзень). Ад каранавірусу ў Беларусі прызналі сьмерць 55 чалавек.​ Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Міністэрства здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
09:54 22.4.2020

Трамп: выдачу «грын-картаў» прыпыняць на 60 дзён

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп расказаў 21 красавіка аб рашэньні пра часовую забарону іміграцыі ў краіну: яе плянуюць увесьці на 60 дзён і найперш у дачыненьні ахвочых атрымаць «грын-карту». Указ можа быць падпісаны ўжо 22 красавіка.

Забарона ня будзе тычыцца турыстаў, студэнтаў і іншых уладальнікаў неіміграцыйных візаў. Указ будзе перагледжаны па заканчэньні 60-дзённага пэрыяду. У залежнасьці ад сытуацыі, забарона можа быць падоўжаная яшчэ на 60 дзён або на большы пэрыяд.

Паводле Трампа, рашэньне прадыктавана імкненьнем абараніць амэрыканскі рынак працы ад наплыву замежных рабочых. Крызіс, які выклікала пандэмія каранавірусу, прывёў да абвалу рынку працы.

09:57 22.4.2020

Лекар-рэаніматоляг: менскія рэанімацыі запоўненыя, афіцыйная статыстыка моцна заніжаная

«У нас трохі больш за 20 рэанімацыйных ложкаў. Пэрыядычна зьяўляюцца вольныя месцы. Пацыенты пастаянна паступаюць, мы як бы на мяжы магчымасьцяў, але два-тры ложкі на сёньня, калі я сыходзіў з працы, былі вольныя», — на ўмовах ананімнасьці лекар-рэаніматоляг аддзяленьня рэанімацыі расказаў, што адбываецца ў адным зь менскіх шпіталяў.

«„Кавідныя“ пацыенты пачалі да нас паступаць у канцы сакавіка, — кажа лекар. — Але як толькі дыягназ COVID-19 пацьвярджаўся, іх у нас забіралі ў шпіталі, якія ўжо былі перапрафіляваныя пад такіх пацыентаў. Але зь мінулага тыдня ўсе пазытыўныя застаюцца ў нас. Так што цяпер мы ўжо сталі запаўняцца, як лякарня з COVID-19.

Практычна ўсе аддзяленьні запоўненыя пнэўманіямі. Цяпер ідзе сартаваньне пацыентаў паміж аддзяленьнямі. У адны пераводзяцца каранавірусныя пнэўманіі, у іншыя — нявысьветленыя».

Чытаць далей >>

09:58 22.4.2020

У ААН заявілі пра магчымы голад «біблейскіх маштабаў» праз COVID-19

Пра гэта заявіў выканаўчы дырэктар Усясьветнай харчовай праграмы (УХП) ААН Дэвід Бізьлі. Паводле УХП, да канца 2020 году з вострай нястачай харчаваньня ў сьвеце могуць сутыкнуцца 265 мільёнаў чалавек. Гэта лічба ўдвая больш за леташнюю — ад каранавірусу на мяжы голаду апынуліся 130 млн чалавек.

Па словах вядучага эканаміста праграмы Арыфа Хусэйна, рэжым самаізаляцыі і эканамічная рэцэсія ўжо ўдарылі па жыхарах краінаў, якія галадаюць.

Гаворка ідзе найперш пра краіны Афрыкі, дзе жыве палова галадоўнікаў. Яшчэ 43 млн чалавек, якія сутыкаюцца з голадам, пражываюць на Блізкім Усходзе і ў Азіі. 18,5 млн — у краінах Карыбскага басэйну і Лацінскай Амэрыкі.

У аўтараў дакладу Глябальнай сеткі барацьбы з харчовымі крызісамі (у яе ўваходзіць УХП) асьцярогу выклікае таксама сытуацыя на паўднёвым усходзе Ўкраіны. Бізлі назваў пандэмію каранавірусу «найгоршым гуманітарным крызісам з часоў Другой усясьветнай вайны».

10:02 22.4.2020

Дзяржаўныя СМІ не расказалі пра тыя рэкамэндацыі WHO, якіх Беларусь не выконвае

Сусьветная арганізацыя здароўя (WHO) апублікавала 21 красавіка сьпіс рэкамэндацый для Беларусі па выніках місіі экспэртаў, якія ацэньвалі, як краіна змагаецца з каранавірусам.

БелТА, «СБ. Беларусь сегодня», «Минск-новости» і «Беларусь-1» перадалі, за што Беларусь пахвалілі, і згадалі сярод іншага параду «дапоўніць гэтыя захады мерамі фізычнага дыстанцыяваньня». Але не згадалі, што гэтыя рэкамэндаваныя захады ўключаюць скасаваньне буйных сходаў, у тым ліку спартовых, рэлігійных і культурных мерапрыемстваў; дыстанцыйную адукацыю ў школах і ўнівэрсытэтах; зьмяншэньне не неабходных перамяшчэньняў, асабліва сярод людзей з групаў рызыкі.

Ды неагучаныя рэкамэндацыі на некалькі сэкундаў трапілі ў кадр БТ, хай сабе па-ангельску і дробным шрыфтам.

10:04 22.4.2020

Урад часова забараніў вываз зь Беларусі дыхальнай апаратуры

Урад часова забараніў вываз зь Беларусі апаратуры для кіслароднай тэрапіі, штучнага дыханьня або іншай тэрапэўтычнай дыхальнай апаратуры.

Гэтая забарона не закране апаратуры, якая выкарыстоўваецца выключна для азонавай або аэразольнай тэрапіі.

Дакумэнт набыў моц пасьля яго афіцыйнага апублікаваньня і распаўсюджвае сваё дзеяньне на адносіны, якія ўзьніклі з 20 красавіка бягучага году.

17 сакавіка ўрад часова забараніў вываз зь Беларусі некаторых мэдычных тавараў, у тым ліку мэдычных масак. Ды 21 красавіка Аляксандар Лукашэнка даручыў наладзіць экспарт ахоўных масак пасьля насычэньня беларускага рынку. Паводле яго, «калі меркаваць па Магілёўшчыне», «мы практычна насыцілі рынак» ахоўнымі маскамі. Інтэрнэт-пошук паказвае наяўнасьць мэдычных масак толькі ў 9% аптэкаў Беларусі.

10:05 22.4.2020

Чэмпіёна ў самба, прадпрымальніка Япрынцава шпіталізавалі з каранавірусам

Чэмпіён сьвету ў самба, сябра выканкаму Міжнароднай фэдэрацыі самба Ўладзімер Япрынцаў заразіўся каранавірусам. Ён расказаў, што шпіталізаваны з двухбаковым запаленьнем лёгкіх і праходзіць лячэньне ў інтэнсіўнай тэрапіі.

«Цяпер няпросты час, многія знаходзяцца ў самаізаляцыі, каб не заразіць сваіх блізкіх. Мне таксама, можна сказаць, „пашанцавала“: я апынуўся ў палаце інтэнсіўнай тэрапіі з двухбаковым запаленьнем лёгкіх і каранавірусам», — прызнаўся ён, запэўніўшы, што пік хваробы пройдзены.

Паводле былога адзінаборца, лекары ўжо дазволілі яму займацца невялікімі фізычнымі практыкаваньнямі. Цяпер ён бярэ ўдзел у онлайн-эстафэце On A Wave Stay Live. Яе сутнасьць у тым, што вядомыя спартоўцы віртуальна трэнуюць усіх ахвотных, перадаючы такім чынам эстафэту здароўя і ўзаемападтрымкі.

12:12 22.4.2020

Расея заявіла, што будзе дапамагаць Беларусі змагацца з каранавірусам, «як і раней»

Расея будзе дапамагаць Беларусі ў барацьбе з каранавірусам. Пра гэта ў эфіры тэлеканалу «Россия-24» паведаміла віцэ-прэм’ерка Расеі Вікторыя Абрамчанка.

«Мы, як і раней, будзем аказваць брацкаму народу Рэспублікі Беларусь неабходнае садзейнічаньне і дапамогу», — сказала яна.

У прыватнасьці, паводле яе, 21 красавіка міністар аховы здароўя Расеі Міхаіл Мурашка патэлефанаваў свайму калегу зь Беларусі Ўладзімеру Караніку. Яны абмеркавалі тактыку вядзеньня хворых з каранавіруснай інфэкцыяй і дамовіліся працягваць узаемадзеяньне.

У чым мае быць дапамога, апрача абмеркаваньня мэтадаў лячэньня, расейская віцэ-прэм’ерка не ўдакладніла.

Раней Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША вырашыў надаць Беларусі дапамогу ў памеры 1,3 мільёна даляраў. Грошы будуць выдзеленыя на патрэбы аховы здароўя ў сувязі з пандэміяй каранавірусу.

12:18 22.4.2020

Што такое «рэагент» і чаму ён стрымлівае пашырэньне тэстаў на каранавірус?

На кончыку кожнай палачкі ў тэставым наборы, якім бяруць мазок на каранавірус, ёсьць рэагенты.

Гэта мудрагелістае слова азначае асноўныя складнікі любога хімічнага тэсту, а ў выпадку цяперашняй пандэміі яно ўключае неарганічныя растворы, такія як фэрмэнты ці праймэры, створаныя ў адпаведнасьці з геномам каранавірусу.

Яны патрэбныя для правядзеньня каранавірусных тэстаў, якія ў сваю чаргу жыцьцёва неабходныя для барацьбы з COVID-19.

Попыт на рэагенты у многіх месцах будзе і надалей перавышаць іх рэальныя запасы. Гэта ўсё адбываецца на фоне няспыннага змаганьня за стварэньне бясьпечных і эфэктыўных вакцынаў, лекаваньня хворых ды рэгулярных заклікі да праверкі з боку ўрадаў, якія адначасова спрабуюць вывесьці мільярды людзей з маштабнага карантыну.

Чытаць цалкам >>

12:34 22.4.2020

29 з 75. Амаль палова артыстаў капэлі імя Шырмы маюць каранавірус, аднаго шпіталізавалі

У Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлі імя Рыгора Шырмы ў 29 артыстаў з 75 выявілі каранавірус.

«Адзін чалавек шпіталізаваны, у іншых хвароба працякае практычна бессымптомна, — сказаў генэральны дырэктар Белдзяржфілярмоніі Аляксандар Нікіта. — Многія адмовіліся ад шпіталізацыі, зыходзячы са свайго стану. Дагэтуль артысты працавалі дыстанцыйна. У прынцыпе, з 13 красавіка гэтыя артысты не знаходзяцца на тэрыторыі Белдзяржфілярмоніі, і такая сытуацыя лякальная, менавіта ў гэтым калектыве».

Філярмонія знаходзіцца на вакацыях (з захаваньнем 80% усяго заробку) у сувязі з рэкамэндацыямі Міністэрства аховы здароўя, абмежавана таксама колькасьць канцэртаў. Цалкам чытайце па спасылцы.

12:35 22.4.2020

58 памерлі. У Беларусі прызналі 7281 выпадак COVID-19, плюс 558 за дзень

Міністэрства аховы здароўя Беларусі 22 красавіка апублікавала ў сваім Telegram-канале статыстыку распаўсюду COVID-19 у Беларусі.

Паводле міністэрства, на раніцу 22 красавіка ў Беларусі:

  • агулам 7281 выпадак інфікаваньня людзей новым каранавірусам зафіксаваны з пачатку эпідэміі;
  • памерлі 58 пацыентаў з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй, якія, як сьцьвярджае міністэрства, мелі «шэраг хранічных захворваньняў»;
  • паправіліся і выпісаныя 769 пацыентаў, плюс 192 за дзень;
  • гэта значыць, зафіксавалі за дзень 558 новых выпадкаў і 3 новыя сьмерці;
  • ад пачатку эпідэміі праведзена 114 955 тэстаў на каранавірус, іх робяць у 25 дзяржаўных і прыватных установах, за дзень правялі 6410 тэстаў, што на чатыры сотні больш, чым у мінулы дзень
  • колькасьць пацыентаў у цяжкім ці крытычным стане, а таксама колькасьць хворых, выпраўленых дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
14:46 22.4.2020

На парушальнікаў самаізаляцыі склалі 200 пратаколаў. Што новага Мінздароўя расказала пра каранавірус у Беларусі. ВІДЭА

Прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя 22 красавіка ладзілі чарговы брыфінг пра «найбольш актуальныя тэмы і пытаньні аб COVID-19», яго трансьлявалі ўжывую на Youtube. Асноўнае з брыфінгу чытайце па спасылцы.

14:47 22.4.2020

Кампанія ByCovid19 запускае службу псыхалягічнай падтрымкі мэдыкаў

Кампанія дапамогі беларускім лекарам ByCovid19 пачынае пошук псыхолягаў і псыхатэрапэўтаў-валянтэраў, якія гатовыя працаваць на гарачай лініі для мэдыкаў.

Для ахвотных дапамагчы прадугледжаны гнуткі графік, да 5 гадзін занятасьці штодзень. Канец прыёму і разгляду заявак — 27 красавіка. На наступны дзень апоўдні трэнэр Ігар Ільюкевіч правядзе навучальны трэнінг. Заяўкі на аказаньне псыхалягічнай падтрымкі можна пасылаць сюды.

14:49 22.4.2020

У менскім манастыры абвясьцілі карантын. Кажуць, што каранавірус ні пры чым

У менскім Сьвята-Елісавецінскім манастыры ўведзены карантын, паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook праваслаўны сьвятар Аляксандар Шрамко. Па яго зьвестках, на пнэўманію хварэюць 4 клірыкі і многія сёстры.

У манастыры зьвесткі пра карантын Свабодзе пацьвердзілі, там запэўніваюць, што гаворка не пра каранавірус, а пра вострую рэсьпіраторную інфэкцыю. Пытаньне пра шпіталізаваных папрасілі даслаць у пісьмовым выглядзе. Цалкам чытайце па спасылцы.

14:50 22.4.2020

З манастыра і сэмінарыі ў Жыровічах шпіталізавалі больш за 40 чалавек

У Слонімскую цэнтральную раённую лякарню з манастыра і сэмінарыі ў Жыровічах дастаўлены 41 чалавек, гэта кантакты першага ўзроўню. У лякарні цяпер знаходзіцца і архіепіскап Наваградзкі і Слонімскі Гурый, у якога пацьвердзілі каранавірус. Цалкам чытайце тут.

14:54 22.4.2020

Нечаканасьці каранавіруснай статыстыкі: найбольш у Эўропе хварэюць у Люксэмбургу, паміраюць — у Бэльгіі

Хаця СМІ шырока паведамляюць пра хаду пандэміі ў Італіі і Гішпаніі, самы высокі ўзровень захворваньня ня ў іх, а ў Люксэмбургу, Гішпанія ж на трэцім месцы. А ў паказьніку сьмерцяў адносна колькасьці насельніцтва на першым месцы — Бэльгія. Паміж узроўнем распаўсюду хваробы і сьмяротнасьцю ад яе ёсьць пэўныя карэляцыя, але не наўпроставая. Чым больш хворых — тым больш памерлых, агулам кажучы, гэта ня так. Цалкам чытайце па спасылцы.

14:55 22.4.2020

Ва Ўкраіне падоўжылі карантын да 11 траўня, умовы могуць зьмякчыць

Урад Украіны пагадзіўся з прапановай Міністэрства аховы здароўя аб падаўжэньні карантыну да 11 траўня ўключна. Гэты дзень можа стаць апошнім карантынным у тым выпадку, калі цягам 10 дзён да таго колькасьць новых выпадкаў COVID-19 ня будзе перавышаць 5%.

Згодна з рашэньнем ураду, ва Ўкраіне ад 11 траўня плянуецца адкрыць шэраг грамадзкіх месцаў для наведваньня — паркі, музэі і бібліятэкі. Але іхныя наведнікі абавязаныя сувора выконваць іншыя карантынныя патрабаваньні — трымацца дыстанцыі, насіць маскі і праходзіць тэмпэратурны кантроль на ўваходзе ў грамадзкія месцы, рабіць захады дэзынфэкцыі. Падрабязнасьці тут.

14:56 22.4.2020

У Нямеччыне дазволілі клінічныя выпрабаваньні вакцыны супраць каранавірусу

Інстытут імя Паўля Эрліха выдаў першы дазвол на клінічныя выпрабаваньні магчымай вакцыны супраць новага каранавірусу SARS-CoV-2. Яго атрымала кампанія Biontech з Майнца, якая цяпер будзе тэставаць дзеяньне вакцыны на добраахвотніках.

Дасьледаваньні вакцын у сьвеце праводзяцца вельмі інтэнсіўна, цяпер у распрацоўцы больш за 20 вакцын.

14:59 22.4.2020

МУС Беларусі: сярод зьняволеных няма хворых на COVID-19

Прэс-сакратарка Міністэрства ўнутраных спраў Вольга Чамаданава заявіла падчас брыфінгу Мінздароўя 22 красавіка, што ў лячэбна-працоўных прафілякторыях, турмах, калёніях і сьледчых ізалятарах «няма захварэлага спэцкантынгенту». Цалкам чытайце тут.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG