Новая ўспышка каранавірусу на Віцебшчыне: у Пастаўскім раёне 32 хворыя, за суткі рост у 1,5 раза
У Пастаўскім раёне, які знаходзіцца па суседзтве з Докшыцкім, дзе цяпер сур’ёзная ўспышка каранавірусу (72 выпадкі), на 22 красавіка пацьвердзілі 32 выпадкі заражэньня каранавірусам. Яшчэ 20 красавіка ў Пастаўскім раёне быў 21 выпадак заражэньня, за суткі колькасьць хворых павялічылася ў 1,5 раза — 21 красавіка газэта паведаміла ўжо пра 31 пацыента.
Колькасьць хворых у іншых раёнах Віцебскай вобласьці — глядзіце тут.
Памёр супрацоўнік кампаніі А1, які меў каранавірус
Ён працаваў у кампаніі 18 гадоў начальнікам упраўленьня інжынірынгу, памёр сёньня ўначы. Апошнія некалькі дзён ён знаходзіўся ў бальніцы з пацьверджаным вынікам тэставаньня на COVID-19, да моманту выхаду на бальнічны і шпіталізацыі працаваў дыстанцыйна ў адпаведнасьці з унутраным рэглямэнтам кампаніі ў пэрыяд эпідэміі, распавёў Свабодзе начальнік аддзелу карпаратыўных камунікацый Мікалай Брэдзелеў.
З Узбэкістану эвакуявалі 18 беларусаў
Група з 18 грамадзянаў Беларусі вылецела з Ташкенту ноччу 22 красавіка, паведаміла амбасада Беларусі ва Ўзбэкістане, пры ўдзеле якой зладзілі пералёт. Сам палёт зладзіла расейская авіякампанія, самалёт сядзе ў Маскве, адтуль грамадзянаў Беларусі даставяць дамоў ужо пры ўдзеле амбасады ў Расеі.
З Ташкенту ў Беларусь раней вярнулі 46 грамадзянаў Беларусі. Узбэкістан пры тым прыпыніў авіязлучэньне зь іншымі краінамі яшчэ 16 сакавіка.
45-гадовая мэдсястра памерла ад пнэўманіі у Докшыцах, дзе зафіксавалі ўспышку каранавірусу
Гэта першая сьмерць мэдычнага супрацоўніка ў райцэнтры Докшыцы Віцебскай вобласьці. Вядома, што мэдсястра Ксенія Р. працавала ў цэнтральным раённым шпіталі. Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзілі адначасова некалькі мэдыкаў з Докшыцаў.
Афіцыйных камэнтароў пакуль няма. У прыёмнай Докшыцкага цэнтральнага раённага шпіталя кінулі тэлефонную трубку, калі пачулі пытаньне карэспандэнта Свабоды.Цяпер нам вядома, што памерлай мэдсястры было 45 год. У апошнія дні яна знаходзілася ў цяжкім стане і была падключаная да апарату штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Акрамя пнэўманіі, яна мела іншыя, хранічныя захворваньні. Цалкам чытайце тут.
У Віцебску хворых з каранавірусам пачалі лячыць студэнты мэдунівэрсытэту
Каля 100 студэнтаў старэйшых курсаў Віцебскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту пачалі працаваць у паліклініках і бальніцах Віцебску, у тым ліку — у аддзяленьнях інтэнсіўнай тэрапіі з хворымі на каранавірус.
«У абласную клінічную бальніцу пайшлі 36 чалавек, яны працуюць мэдбратамі і мэдсёстрамі. Некаторыя зь іх працуюць у аддзяленьні інтэнсіўнай тэрапіі непасрэдна з хворымі на каранавірус. Больш за 50 чалавек аформілі на працу ў паліклінікі, у іх зьмена — 12 гадзін», — сказала БелТА прарэктарка ўнівэрсытэту па выхаваўчай і ідэалягічнай працы Вольга Сырадоева.
Візыт Высокага прадстаўніка Эўразьвязу ў Беларусь адклалі праз каранавірус
Высокі прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жазэп Барэль меў наведаць Беларусь у канцы красавіка. Як піша Міністэрства замежных справаў Беларусі, візыт адклалі празь «неспрыяльную эпідэміялягічную абстаноўку». Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей 22 красавіка правёў з Барэлем тэлефонную размову, дамовіўся ўзгадніць дату візыту пазьней.
Мінздароўя заклікала беларусаў застацца дома на вялікія выходныя і не наведваць могілкі
Міністэрства аховы здароўя заклікае на вялікія выходныя застацца дома і не наведваць могілкі, заявіла намесьніца начальніка аддзелу гігіены, эпідэміялёгіі і прафіляктыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан на чарговым брыфінгу 22 красавіка.
«Кожны чалавек ня ведае, інфікаваны ён ці не. Разам з тым некаторыя зьбіраюцца ехаць да пажылых бацькоў, — адзначыла Іна Карабан. — Чарговы раз Міністэрства аховы здароўя заклікае людзей на вялікія выходныя застацца дома, не наведваць могілкі, каб максымальна зьменшыць магчымасьць інфікаваньня навакольных».
Урад Літвы падоўжыў карантын да 11 траўня
Урад Літвы падоўжыў карантын да 11 траўня, аднак на наступным тыдні пачнецца другі этап зьмякчэньня яго ўмоваў. Пры выкананьні пэўных правілаў, пачнуць працаваць вулічныя кавярні, салёны прыгажосьці, бібліятэкі, заапаркі. Падрабязьней тут.
У Буда-Кашалёве памерла 45-гадовая фэльчарка хуткай дапамогі, яе маці ў цяжкім стане
У райцэнтры Буда-Кашалёва Гомельскай вобласьці 21 красавіка памерла 45-гадовая фэльчарка хуткай дапамогі Галіна Н. Пра гэта Свабодзе паведамілі адразу некалькі вартых даверу крыніц. Вядома, што ў яе была пнэўманія.
«Яе ў цяжкім стане пераводзілі ў Гомель, але ўратаваць не ўдалося. У Гомлі яна знаходзілася на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Захварэла і яе маці, яна цяпер у адным з абласных шпіталяў на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх», — паведамілі Свабодзе калегі нябожчыцы. Цалкам чытайце па спасылцы>>
«Некаторыя сфэры ўжо леглі». Як бізнэс перажывае пандэмію і хто неўзабаве можа закрыцца
Дробны бізнэс чакае крызісу неплацяжоў і дае катастрафічныя прагнозы. Паводле Віктара Маргелава, сустаршыні Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва, цяпер многія думаюць: закрываць свой бізнэс ці не. Многія прадпрымальнікі касуюць дамовы арэнды, перавозяць тавары на склады, каб перачакаць пандэмію. Свабода паглядзела, па кім эпідэмія ўдарыла найбольш. Чытайце па спасылцы >>
Трох сьвятароў менскай царквы шпіталізавалі з пнэўманіямі
Тры сьвятары менскага Петрапаўлаўскага сабору шпіталізаваныя з пнэўманіямі. Паводле крыніцаў Tut.by, мінімум у аднаго дыягнаставалі Covid-19.
Паводле намесьніка старшыні Сінаідальнага інфармацыйнага аддзелу БПЦ Яўгена Грамыкі, трох сьвятароў сапраўды шпіталізавалі з пнэўманіямі, аднак ён ня ведае, ці дыягнаставалі ў іх каранавірус. У вялікодных службах сьвятары ня ўдзельнічалі, бо іх шпіталізавалі раней.
Прэс-сакратар БПЦ Сяргей Лепін сказаў, што ў яго няма інфармацыі, наконт інфікаваных у прыходзе Петрапаўлаўскага сабору. Аднак адзначыў, што да Вялікадня было распараджэньня ня ўдзельнічаць у службах духавенству з прыкметамі рэсьпіраторных інфэкцый.
«Суботнік — гэта блюзьнерства». Незалежныя прафсаюзы абвінавачваюць праўладных калегаў у замаху на жыцьці беларусаў
Як сказаў Свабодзе старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук, арганізацыя суботніку не прадыктаваная ніякімі жыцьцёва важнымі патрэбамі. Яго сапраўдная мэта — цынічна залезьці ў разгар крызісу ў кішэню працоўных. Ці гэта не блюзьнерства? — зьвяртаецца прафсаюзны лідэр да ўладаў і заклікае бюджэтнікаў масава байкатаваць суботнік.
«У свой выходны дзень вы маеце поўнае права адмовіцца ад удзелу ў гэтым мерапрыемстве. Па-першае, удзел у суботніку нясе рэальную пагрозу вашаму здароўю і жыцьцю, ніводзін лекар не адважыцца гэта абвергнуць. Па-другое, суботнік — справа добраахвотная, ніводзін юрыст таксама ня будзе гэта адмаўляць. Мы заклікаем сказаць рашучае „не“ вымагальніцтву грошай і ўтрыманьням з заробкаў на рахункі суботніку, што стала паўсюднай практыкай».
Шэф эўрапейскай дыпляматыі пацьвердзіў, што Беларусь мае атрымаць 60 млн эўраў на змаганьне з наступствамі каранавірусу
21 красавіка намесьнік старшыні Эўрапейскай камісіі Жузэп Барэль пагутарыў праз тэлефон зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем. Яны абмеркавалі глябальныя захады рэагаваньня на пандэмію каранавірусу, падтрымку Беларусі з боку ЭЗ у сьвятле гэтага выкліку і іншыя пытаньні стасункаў паміж ЭЗ і Беларусьсю.
Нямеччына пачынае тэставаць вакцыны ад COVID-19 на добраахвотніках
У Нямеччыне пачынаюць тэставаць на добраахвотніках вакцыну супраць каранавірусу. Такое рашэньне прыняў Інстытут Паўля Эрліха — інстытут вакцынаў і біямэдычных лекавых прэпаратаў.
Стваральнік вакцыны — кампанія BioNTech з Майнцу. На першай стадыі дасьледаваньня ў тэставаньні возьмуць удзел прыкладна 200 добраахвотнікаў.
Лічбы на раніцу 23 красавіка
- У сьвеце зафіксавалі звыш 2,63 мільёна выпадкаў COVID-19: 849 тысяч у ЗША, 208 тысяч у Гішпаніі, 187 тысяч у Італіі, амаль 160 тысяч у Францыі, звыш 150,5 тысячы ў Нямеччыне, 133,5 тысячы ў Вялікай Брытаніі, 98,5 тысячы ў Турэччыне, 86 тысяч у Іране, каля 84 тысяч у Кітаі.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 184 248 чалавек. Зь іх 47 681 у ЗША, 25 085 у Італіі, 21 717 у Гішпаніі, 21 340 у Францыі, 18 100 у Вялікай Брытаніі, 6262 у Бэльгіі, 5391 у Іране, 5315 у Нямеччыне, 4636 у Кітаі.
- Выпісалі 722 тысячы пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца звыш 1,73 млн, зь іх больш за 56 тысяч у цяжкім ці крытычным стане.
- У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 22 красавіка, пацьверджаны 7281 выпадак COVID-19 (плюс 558 за дзень). Ад каранавірусу ў Беларусі прызналі сьмерць 58 чалавек. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Міністэрства здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
Суседзі Беларусі працягнулі забароны на ўезд у сувязі з пандэміяй
У сувязі з працягам пандэміі COVID-19 суседзі Беларусі Ўкраіна і Літва працягнулі дзеяньне карантынных захадаў, у тым ліку забарону ўезду замежнікаў (за выключэньнем кіроўцаў грузавога транспарту, дыпляматаў і некаторых іншых катэгорый грамадзян).
- Расія закрыла межы на пэрыяд з 18 сакавіка па 30 красавіка, забарону могуць і працягнуць.
- Польшча — да 3 траўня.
- Украінская мяжа закрытая з 17 сакавіка да 11 траўня.
- У Літву замежнікі таксама ня змогуць заехаць прынамсі да 11 траўня.
- У Латвію — да 12 траўня.
У сувязі з карантынам дыпляматычныя прадстаўніцтвы Польшчы, Літвы (а таксама візавыя цэнтры гэтых краінаў) і Латвіі спынілі прыём дакумэнтаў на візы. Візавыя цэнтры Літвы ў Менску і Горадні прымаюць дакумэнты ў кіроўцаў, якія робяць грузаперавозкі.
Беларусь свае межы не закрывала, аднак тыя, хто ўяжджае ў краіну, абавязаныя два тыдні знаходзіцца на самаізаляцыі.
Трамп падпісаў указ, які забараняе іміграцыю ў ЗША на час эпідэміі каранавірусу
Указ будзе дзейнічаць сама меней 60 дзён. Абмежаваньні ня тычацца мэдыцынскіх работнікаў і людзей іншых спэцыяльнасьцяў, чыя дапамога можа спатрэбіцца для барацьбы з эпідэміяй.
Паводле прэзыдэнта Трампа, указ выдалі ў мэтах падтрымкі амэрыканскіх работнікаў, многія зь якіх за апошні месяц страцілі працу з прычыны пандэміі каранавірусу і масавага закрыцьця прадпрыемстваў. Акрамя таго, Трамп лічыць, што гэты захад дапаможа краіне зьберагчы мэдыцынскія рэсурсы. Па заканчэньні 60 дзён дзеяньне ўказу могуць падоўжыць.
Згодна з указам, улады ЗША прыпыняюць разгляд і ўхваленьне ўсіх запытаў ад іншаземцаў на права жыць і працаваць у ЗША; змогуць адмаўляць ва ўезьдзе ў ЗША замежным працаўнікам, якія ўжо атрымалі візы, што дазваляюць ім працаваць у ЗША.
Абяцаньне зьнізіць міграцыю ў ЗША было адным з галоўных перадвыбарных абяцаньняў Трампа. У цэлым яму ўдалося скараціць колькасьць выдадзеных іміграцыйных візаў для ўезду ў ЗША за час свайго тэрміну на 25%: з больш чым 617 тысяч у 2016 годзе да толькі 462 тысяч у 2019 годзе.
«У кіраўніцтва няма адзінай стратэгіі». Што кажуць настаўнікі школаў у Віцебску пра першыя дні вучобы пасьля вакацый
Паводле афіцыйных зьвестак, у першы дзень пасьля падоўжаных вакацый у першую зьмену прыйшло 35,5% вучняў Віцебскай вобласьці. Прысутнасьць дзяцей у розных навучальных установах вагаецца ад 20 да 60%.
Як цяпер працуюць у школах абласнога цэнтру, які стаў другім пасьля Менску асяродкам распаўсюду COVID-19 у Беларусі? Свабода спытала пра гэта ў віцебскіх настаўнікаў.
Беларускім лекарам прызначылі даплаты за працу з 5 інфэкцыямі
Міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік падпісаў пастанову аб сьпісе інфэкцыяў, за працу зь якімі мэдыкам належаць надбаўкі да заробкаў. Дакумэнт апублікавалі 23 красавіка, ён распаўсюджваецца на працоўныя стасункі, якія ўзьніклі ад 1 красавіка.
Штомесячны дадатак да заробку работнікаў бюджэтных установаў аховы здароўя даецца за працу ва ўмовах, зьвязаных зь пяцьцю інфэкцыямі:
- COVID-19;
- блізкаўсходні рэсьпіраторны сындром (MERS);
- халера;
- чума;
- гемарагічная ліхаманка Эбола.
Колькі даплоцяць, рэгулюе не пастанова Мінздароўя, а ранейшы ўказ Аляксандра Лукашэнкі. Паводле ўказу ад 16 красавіка, штомесячныя надбаўкі абяцаюць такія:
- за дапамогу пацыентам у амбуляторных умовах: лекарам — 1000 рублёў, мэдычным работнікам зь сярэдняй спэцыяльнай адукацыяй — 500 рублёў, іншым працаўнікам — 300 рублёў;
- за працу ў інфэкцыйных аддзяленьнях, прыёмных аддзяленьнях лякарняў, санітарна-эпідэміялягічных арганізацыях у асяродках інфэкцыі, на памежных пераходах і санітарна-карантынных пунктах, у лябараторыях з дасьледаваньнем на вірусныя інфэкцыі, кабінэтах рэнтгену і кампутарнай тамаграфіі, патолягаанатамічных аддзяленьнях — 1500 / 1300 / 900 рублёў;
- у аддзяленьнях інтэнсіўнай тэрапіі, рэанімацыі, анэстэзіялёгіі, на «хуткай дапамозе» — 3000 / 2000 / 1000 рублёў;
- у пераведзеных на закрыты 3-зьменны рэжым працы аддзяленьнях рэанімацыі і анэстэзіялёгіі, лябараторыях з дасьледаваньнямі на вірусныя інфэкцыі — 4000 / 3000 / 1500 рублёў.
Ні слова пра сьмерці мэдыкаў. Што дзяржаўныя тэлеканалы распавялі пра каранавірус
22 красавіка прыкладна палова выпускаў навінаў на дзяржаўных тэлеканалах была прысьвечаная тэме каранавірусу.
На дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» былі толькі «станоўчыя навіны»: пра адкрыцьцё новай лябараторыі ў Ратамцы, дзе праводзяць тэсты на COVID-19; пра робат-цеплавізар у Нацыянальным аэрапорце; пра флэшмоб дэсантнікаў; дапамогу беларусаў на барацьбу з каранвірусам; пра тое, што тэсты на антыцелы зьявяцца пры канцы красавіка.
Таксама было паказанае інтэрвію з акушэрам-гінэколягам 6-га гарадзкога клінічнага шпіталя Менска Дзьмітрыем Нікіціным, дзе цяпер знаходзіцца 16 інфікаваных жанчын. Частка зь іх ужо нарадзіла здаровых дзяцей, частка ў чаканьні.
Былі агучаныя лічбы афіцыйныя лічбы Мінздароўя: «Зарэгістраваны 7281 чалавек са станоўчым тэстам на каранавірус, 58 памерла з шэрагам хранічных захворваньняў з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй».