САЗ: Няма доказаў таго, што на COVID-19 нельга захварэць паўторна
Сусьветная арганізацыя здароўя заявіла ў суботу ў рэгулярным навуковым аглядзе, што ў цяперашні час «няма доказаў» таго, што людзі, якія ачунялі ад каранавірусу, абаронены ад паўторнага заражэньня гэтай інфэкцыяй — нават калі ў іх ёсьць антыцелы супраць яе, паведамляе Reuters.
У сваёй заяве агенцтва здароўя ААН засьцерагае ад выдачы «пашпартоў імунітэту» або «сэртыфікатаў без рызыкі» для інфікаваных людзей. Паводле САЗ, гэта практыка можа фактычна павялічыць рызыку распаўсюджваньня COVID-19, бо такія людзі могуць ігнараваць стандартныя рэкамэндацыі.
САЗ таксама нагадала, што дакладнасьць і надзейнасьць тэстаў на антыцелы да каранавірусу ня ёсьць абсалютна пацьверджанымі.
Як паведамляе Reuters, на мінулым тыдні Чылі заявіла, што пачне раздаваць «пашпарты здароўя» людзям, якія, як лічыцца, акрыялі ад COVID-19. Пасьля праверкі, якая мае вызначыць наяўнасьць у іх антыцелаў да новага каранавірусу, яны могуць вярнуцца да звычайнага ладу жыцьця.
Але, па словах САЗ, «на дадзеным этапе пандэміі недастаткова дадзеных аб эфэктыўнасьці антыцела-апасродкаванага імунітэту, каб гарантаваць дакладнасьць „пашпартоў імунітэту“.
Людзі, якія лічаць, што ў іх ёсьць імунітэт да другой інфэкцыі, таму што яны атрымалі станоўчы вынік тэсту, могуць ігнараваць рэкамэндацыі органаў аховы здароўя. Таму выкарыстаньне такіх сэртыфікатаў можа павялічыць рызыкі далейшай перадачы каранавірусу».
АПТЭЧКА. 29 новых адказаў пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкі
Пандэмія каранавірусу ахапіла ўсе кантынэнты і ўжо забрала дзясяткі тысячаў жыцьцяў. Як засьцерагчыся ад хваробы, як быць з працай, як захаваць спакой і раўнавагу. Вось адказы на многія пытаньні, што ўзьнікаюць падчас пандэміі. Гэтая інфармацыйная база будзе ўвесь час дапаўняцца.
Лекар-вірусоляг: «Другая хваля пандэміі непазьбежная»
Вірусоляг унівэрсытэту ў Лянкастары Махамад Мунір папярэджвае пра рызыку заўчаснага зьняцьця абмежаваньняў і кажа, што другі раз увесьці локдаўн будзе нашмат цяжэй.
БРСМ, міліцыя і «Дынама»: як у Менску прайшоў суботнік у часе пандэміі. ФОТА
Нягледзячы на рэкамэндацыі САЗ для беларускіх уладаў адмовіцца ад правядзеньня масавых мерапрыемстваў, у Беларусі адбыўся рэспубліканскі суботнік. Па папярэдніх дадзеных, у ім прынялі ўдзел за 2,3 мільёна беларусаў, сабрана каля 8,7 мільёна рублёў, паведаміў журналістам намесьнік прэм'ер-міністра Беларусі Ўладзімір Кухараў.
Фотарэпартаж Свабоды зь Менску.
Колькасьць памерлых ад каранавірусу па ўсім сьвеце перавысіла 200 тысяч чалавек
Агульная колькасьць сьмерцяў ад каранавірусу ў сьвеце на раніцу 26 красавіка перавысіла 203 тысячы чалавек. Сумарная колькасьць выпадкаў захворваньня ва ўсіх краінах — больш за 2,9 мільёна чалавек.
25 красавіка больш за ўсё выпадкаў каранавірусу пацьвердзілі ў ЗША, Бразыліі і Расеі: 35,4 тысяч, 6,2 тысячы, 5,9 тысяч адпаведна. За апошнія суткі ад каранавірусу памерлі 6069 чалавек, траціна сьмяротных выпадкаў за гэты час прыпадае на ЗША — 2065 чалавек. Падрабязьней тут.
330 тысяч рэсьпіратараў набыў Wargaming для беларускіх лекараў
У ноч на 26 красавіка ў Менск з Кітаю прыляцеў самалёт з 50 тонамі гуманітарнага грузу. Паводле Міністэрства аховы здароўя, груз сабралі беларускія і кітайскія прадпрыемствы і арганізацыі. На грузавым самалёце даставілі 330 тысяч рэсьпіратараў, якія набыла для беларускіх мэдыкаў кампанія Wargaming. Рэсьпіратары KN95 атрымаюць мэдыкі з усіх рэгіёнаў.
Таксама грузавым бортам прыбылі лекі — ўпакоўкі супрацьвіруснага сродку Фавіпіравір (для лячэньня ад COVID-19). Гэты груз, а таксама 200 тысяч рэсьпіратараў і рэагенты для тэстаў перадала Міністэрству аховы здароўя кампанія «Энэрга-Оіл» бізнэсоўцы Аляксея Алексіна.
Прадпрыемства «Белмэдтэхніка» прывезла гэтым грузам 300 тысяч рэсьпіратараў.
20 красавіка кампаніі EPAM і Wargaming ужо перадалі Міністэрству аховы здароўя 700 тысяч рэсьпіратараў FFP2 ад вядучага сусьветнага вытворцы 3M.
Ва Ўкраіне амаль 1,7 тысячы мэдыкаў захварэлі на COVID-19
Ва Ўкраіне зарэгістравана 1676 выпадкаў захворваньня мэдыкаў на COVID-19. Як паведамляе UNIAN, найбольш хворых — у Чарнавецкай, Цярнопальскай і Ровенскай абласьцях.
Міністар аховы здароўя Ўкраіны Максім Сьцяпанаў зазначыў, што найбольш выпадкаў COVID-19 зарэгістравана ў Чарнавецкай вобласьці. Рэгіён быў першым, куды прыйшоў каранавірус.
За апошнія суткі ва Ўкраіне зарэгістраваны амаль 500 новых выпадкаў каранавірусу. Па стане на 26 красавіка лябараторна пацьверджаны 8617 выпадкаў інфэкцыі. 209 чалавек памерлі, 840 — выздаравелі.
Ва Ўхані, адкуль пачалася эпідэмія каранавірусу, з бальніц выпісалі ўсіх пацыентаў з COVID-19
У кітайскім горадзе Ухань, які быў эпіцэнтрам распаўсюджваньня каранавірусу, з бальніц выпісалі ўсіх пацыентаў з каранавірусам, паведамляе кітайскае агенцтва «Сіньхуа».
Нядаўна ўлады горада Ўхань перагледзелі колькасьць ахвяраў каранавірусу і дадакова пацьвердзілі 1290 сьмерцяў ад COVID-19. Агульная колькасьць ахвяраў узрасла да 3869 чалавек, а колькасць тых, хто заразіўся, да больш чым 50 тысяч.
Рэкордны прырост за дзень. Колькасьць выпадкаў каранавірусу ў Беларусі перавысіла 10 тысяч
- У Беларусі зарэгістраваныя 10 463 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19, паведаміла Міністэрства аховы здароўя Беларусі 26 красавіка.
- За ўвесь пэрыяд распаўсюджваньня інфэкцыі на тэрыторыі краіны памерлі 72 пацыенты «з шэрагам хранічных захворваньняў з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй».
- Праведзена 147 525 тэстаў, каранавірус пацьвердзілі ў 7.1 працэнта ад усіх пратэставаных.
- Выздаравелі і выпісаныя са шпіталёў 1 695 чалавек.
- За апошнія суткі пацьверджаныя 873 новыя выпадкі заражэньня (на раніцу 25 красавіка было 9590 хворых на COVID-19) і 5 сьмерцяў ад каранавірусу.
85 беларусаў, якія захрасьлі ў Індыі ў сувязі з каранавірусам, вярнуліся дадому
26 красавіка завяршыўся эвакуацыйны рэйс «Белавія» з Гоа (Індыя). Самалёт вывез з Індыі 180 чалавек: 85 грамадзян Беларусі і 95 грамадзян іншых краін: Аўстрыі, Армэніі, Грузіі, Літвы, Латвіі, Румыніі, Расеі і Ўкраіны, паведаміла амбасада Беларусі ў Індыі.
Рэйс «Белавія» арганізаваны ў адпаведнасьці з указам Лукашэнкі аб вывазе грамадзян Беларусі з краін з напружаным эвакуацыйным становішчам. Згодна зь ім, беларусы павінны пакрыць выдаткі на арганізацыю рэйсу да 31 сьнежня 2020 году.
Беларусы Польшчы і іншых краінах Эўразьвязу перадалі гуманітарную дапамогу Беларусі
Беларуская дыяспара ў Польшчы і іншых краінах Эўразьвязу закупілі для Беларусі мэдыцынскія тавары, паведамляе амбасада Беларусі ў Польшчы.
«Пасольства Беларусі ў Варшаве пры садзейнічаньні беларускага Генэральнага консульства ў Беластоку перадало Рэспубліканскаму цэнтру арганізацыі мэдыцынскага рэагаваньня гуманітарную дапамогу ад беларускай дыяспары, якая пражывае ў Польшчы і іншых краінах Эўразьвязу», – гаворыцца ў паведамленьні. Там адзначаецца, што 93 электронныя бескантактавыя тэрмомэтры і 280 пульсаксімэтраў закупілі ў рамках валянтэрскага руху # ByCovid19.
У Расеі банкі падрыхтаваліся перавесьці частку супрацоўнікаў на пастаяннае пражываньне ў офісах падчас каранавірусу
Расейскія банкі прадугледзелі магчымасьць пераводу часткі супрацоўнікаў на рэжым пастаяннага пражываньня ў офісах ва ўмовах эпідэміі каранавірусу, піша РБК.
Так, у «Совкомбанке» на працу з пражываньнем ужо перавялі каля 10 супрацоўнікаў, якія адказваюць за штодзённыя разьлікі: яны «цалкам ізаляваныя, сьпяць, ядуць, мыюцца ў банку, не кантактуюць са сваякамі, пакуль пандэмія ня скончыцца», распавялі ў банку. Рашэньне жыць у банку супрацоўнікі прымалі добраахвотна, для іх прадугледзелі павышаныя выплаты.
«Ахвяраваньне Сьвятланы Алексіевіч пойдзе на дапамогу адзінокім пажылым інвалідам» — прадстаўніца Чырвонага Крыжу
«Мы вельмі ўдзячныя Сьвятлане Аляксандраўне за падтрымку тых, хто мае найбольшую патрэбу ў дапамозе», — кажа Марына Харытонава, спэцыялістка ў пытаньнях партнэрства Беларускага Чырвонага Крыжа, каардынатарка праекту па COVID-19 з дабрачыннай плятформай «ІМЁНЫ».
Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч вырашыла падтрымаць найбольш уразьлівую групу — пажылых самотных інвалідаў. І зрабіла гэта празь Беларускі Чырвоны Крыж, які шмат гадоў сыстэмна дапамагае пажылым людзям і мае значны досьвед i інфармацыю пра людзей, якім патрэбны сталы спэцыялізаваны догляд.
Спэцыялістка Чырвонага Крыжа па партнэрстве Марына Харытонава спадзяецца, што ініцыятыву нобэлеўскай ляўрэаткі падтрымаюць і іншыя людзі і арганізацыі.
— Мы ўжо атрымалі ахвяраваньне ад нобэлеўскай ляўрэаткі. Сьвятлана Аляксандраўна прасіла, каб гэтыя сродкі пайшлі на тое, што неабходна старым людзям. Нашым падапечным патрэбныя падгузьнікі, сродкі дагляду, напрыклад для апрацоўкі пролежняў. Мы дамовіліся, што яе грошы пойдуць на гэта.
Марына Харытонава расказвае Свабодзе, як у Чырвоным Крыжы дапамагаюць пажылым людзям падчас пандэміі каранавіруснай інфэкцыі.
У Таджыкістане вырашылі прыпыніць футбольны чэмпіянат
Усе футбольныя спаборніцтвы Таджыкістану прыпыненыя да 10 траўня з прычыны каранавіруснай інфэкцыі, хоць у краіне яшчэ ня выяўлена ніводнага выпадку заражэньня.
Усе футбольныя спаборніцтвы Таджыкістану прыпыненыя да 10 траўня з прычыны пандэміі каранавірусу. Да гэтага першынство краіны не прыпынялася — нароўні з нацыянальнымі турнірамі ў Беларусі, Нікарагуа, Тайвані і Туркмэністане.
Ва Ўкраіне каранавірус пацьвердзілі ў 1 676 мэдыкаў
Ва Ўкраіне па стане на раніцу 26 красавіка каранавірусную інфэкцыю пацьвердзілі ў 1676 мэдыцынскіх работнікаў. На працягу дня іх колькасьць павялічылася на 101. Пра гэта на брыфінгу паведаміў міністар аховы здароўя Ўкраіны Максім Сьцяпанаў.
Ва Ўкраіне па стане на 26 красавіка было пацьверджана 8 617 выпадкаў COVID-19. 209 чалавек (108 мужчын і 101 жанчына) памерлі ад COVID-19, 840 акрыялі.
Міністар адукацыі дапусьціў магчымасьць пасунуць тэрміны ўступнай кампаніі
Абмяркоўваецца пытаньне адкладу тэрмінаў уступнай кампаніі. Пра гэта ў інтэрвію тэлеканалу «Беларусь 1» паведаміў міністар адукацыі Ігар Карпенка, паведамляе БЕЛТА.
«У тым ліку абмяркоўваем пытаньне магчымага адкладу тэрмінаў правядзеньня уступнай кампаніі ў разе неабходнасьці. Але, ва ўсякім разе, пакуль будзем назіраць за той сытуацыяй, якая разгортваецца», — сказаў міністар.
Інтэрнат №17 БНТУ вызвалілі для разьмяшчэньня студэнтаў хворых на COVID-19
Сярод студэнтаў, якія пражываюць у інтэрнаце № 6 БНТУ (Менск, вул. Я. Коласа, 26) былі зарэгістраваныя выпадкі інфэкцыі COVID-19. Пасьля рэгістрацыі першага выпадку, кіраўніцтва унівэрсытэту прыняло рашэньне аб пераводзе студэнтаў, якія пражываюць у гэтым інтэрнаце, на дыстанцыйную форму навучаньня. Уведзена забарона на іх наведваньне.
Дзеля таго, што ў інтэрнаце № 6 забясьпечыць поўную самаізаляцыю было немагчыма, кіраўніцтва ўнівэрсытэту разам з прадстаўнікамі санэпідслужбы, прыняло рашэньне перавесьці студэнтаў, у якіх пацьверджана інфэкцыя COVID-19 і захворваньне працякае ў бессымптомнай лёгкай форме, у інтэрнат № 17
У Кіева-Пячорскай лаўры ўсе сьвятары заразіліся каранавірусам
Таксама захварэлі манахі, выкладчыкі і студэнты Кіеўскай духоўнай акадэміі, якая месьціцца на тэрыторыі лаўры, - усяго каля 150-200 чалавек.
Паводле мітрапаліта Клімента, цяпер ужо большасьць клірыкаў ідуць на папраўку. Памерлі ад каранавірусу трое чалавек, дадаў ён.
У Гішпаніі — паслабленьні для дзяцей, у Нью-Ёрку — тэсты ў аптэках. Як у сьвеце змагаюцца з каранавірусам
- У Гішпаніі ўлады зь нядзелі дазволілі дзецям выходзіць на вуліцу — упершыню за шэсьць тыдняў. У гэты пэрыяд толькі дарослыя маглі пакідаць свае дамы для неадкладных пакупак, але зараз іх могуць суправаджаць дзеці. Такія прагулкі могуць доўжыцца ня больш за гадзіну, прычым дзецям забаронена кантактаваць з іншымі дзецьмі.
- Жыхары штату Нью-Ёрк неўзабаве змогуць прайсьці тэст на каранавірус у мясцовай аптэцы, заявіў у суботу губэрнатар Эндру Куома. Паводле яго, тэсты змогуць праводзіць 5 тысяч аптэкаў, і мэта — рабіць каля 40 тысяч тэстаў штодня.
- Акрамя таго, лекары чатырох нью-ёрскіх шпіталяў, якія працуюць з пацыентамі з COVID-19, пройдуць тэсты на антыцелы да вірусу, паведаміў губэрнатар.
- Усяго, па дадзеных Унівэрсытэту Джонса Хопкінса, у сьвеце зарэгістравана 2,8 мільёна выпадкаў захворваньня. Больш за 200 тысяч чалавек памерлі.
- Чакаецца, што прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Борыс Джонсан, у якога раней быў дыягнаставаны COVID-19, вернецца да працы ў панядзелак.
- Індыя, дзе ўводзіўся адзін з самых жорсткіх карантынаў у сьвеце, дазволіла некаторым мясцовых крамам аднавіць працу, але не ў найбольш пацярпелых гарадах.
- Паўднёвая Карэя паведаміла, што колькасьць новых інфікаваных дзявяты дзень запар не перавышае 20.
- Іран, які найбольш пацярпеў ад пандэміі зь блізкаўсходніх краінаў, у суботу папярэдзіў пра «новую ўспышку» на пачатку мусульманскага сьвятога месяца Рамадан. Раней Іран пачаў аднаўляць працу бізнэсу, які быў закрыты 11 красавіка праз вірус.
Адзін з апошніх вязьняў Асьвенціма памёр праз каранавірус
У Бэльгіі ахвярай Covid-19 стаў адзін з апошніх ацалелых сьведак Галакосту. 94-гадовы Анры Кічка памёр у суботу ў брусэльскім доме для састарэлых. Анры Кічка ў гады Другой сусьветнай вайны быў сярод выжылых вязьняў нацысцкага канцлягеру Асьвенцім, які знаходзіўся на поўдні акупаванай гітлераўцамі Польшчы.
У студзені 2020 году ён распавядаў ВВС пра свой жыцьцёвы досьвед, у прыватнасьці, назваўшы Асьвенцім увасабленьнем сьмерці. Яго сын Майкл Кічка напісаў у Фэйсбуку: «Мікраскапічны каранавірус дамогся таго, чаго не дамаглася цэлая нацысцкая армія. Мой бацька выжыў падчас „маршу сьмерці “, але сёньня завяршыўся ягоны марш жыцьця».