Навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 26 красавіка
- Усяго ў сьвеце зарэгістравана 2,8 мільёна выпадкаў захворваньня. Больш за 200 тысяч чалавек памерлі
- Рэкордны прырост за дзень — 873. Колькасьць выпадкаў каранавірусу ў Беларусі перавысіла 10 тысяч
- Аляксандар Лукашэнка паўтарыў, што неабходнасьці ў карантыне ў Беларусі няма
- Інтэрнат № 17 БНТУ вызвалілі для разьмяшчэньня студэнтаў хворых на COVID-19
- У Беларусі могуць пасунуцца тэрміны ўступнай кампаніі ў ВНУ
- Ва Ўкраіне каранавірус пацьвердзілі ў 1 676 мэдыкаў
- Ва Ўхані, адкуль пачалася эпідэмія каранавірусу, зь лякарняў выпісалі ўсіх пацыентаў з COVID-19
- У Таджыкістане вырашылі з прычыны пандэміі прыпыніць футбольны чэмпіянат. У Беларусі працягваюць.
Прадстаўніца афіцыйных прафсаюзаў распавяла, колькі заплацяць хворым на COVID-19 мэдыкам
Мэдыкі будуць атрымліваць з адмысловага прафсаюзнага фонду страхаваньня ад 600 да 5 000 рублёў. Пра гэта ў эфіры СТВ паведаміла намесьніца старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Алена Манкевіч, паведамляе БЕЛТА. Паводле яе, гэта будзе тычыцца і лекараў, якія непасрэдна працуюць з хворымі на каранавірус, сярэдняга мэдпэрсаналу, кіроўцаў хуткай дапамогі і іншых.
«Хто сыходзіць на бальнічны ліст праз тое, што заразіўся каранавірусам, выконваючы свае прафэсійныя абавязкі, будзе атрымліваць 600 рублёў з гэтага фонду», — прывяла прыклад Алена Манкевіч. Паводле яе, дапамогу мэдыкам будуць аказваць і непасрэдна прафсаюзныя арганізацыі аховы здароўя. 200 рублёў атрымаюць мэдыкі, якія будуць знаходзіцца на бальнічным да 21 дня і тым, хто перанясе каранавірус у больш лёгкай форме.
Лічбы на раніцу 27 красавіка
- У сьвеце зафіксавалі звыш 2,995 мільёна выпадкаў COVID-19: звыш 987 тысяч у ЗША, звыш 227,5 тысячы ў Гішпаніі, звыш 197,5 тысячы ў Італіі, 162 тысячы ў Францыі, звыш 157,5 тысячы ў Нямеччыне, вмаль 153 тысячы ў Вялікай Брытаніі, 110 тысяч у Турэччыне, каля 90,5 тысячы ў Іране, амаль 84 тысячы ў Кітаі.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 207 008 чалавек. Зь іх 55 415 у ЗША, 26 644 у Італіі, 23 190 у Гішпаніі, 22 856 у Францыі, 20 732 у Вялікай Брытаніі, 7094 у Бэльгіі, 5976 у Нямеччыне, 5710 у Іране, 4637 у Кітаі.
- Выпісалі звыш 881,5 тысячы пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца звыш 1,9 млн, зь іх больш за 57,5 тысячы ў цяжкім ці крытычным стане.
- У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 26 красавіка, пацьверджаныя 10 463 выпадкі COVID-19 (плюс 873 за дзень). Ад каранавірусу ў Беларусі прызналі сьмерць 72 чалавек.Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Міністэрства здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
COVID-19: У некалькіх краінах Эўразьвязу за суткі зьнізіліся паказьнікі
У чатырох эўрапейскіх краінах з найбольш высокімі паказчыкамі сьмерцяў ад каранавірусу SARS-CoV-2 зафіксаванае значнае зьніжэньне колькасьці сьмяротных зыходаў.
- У Францыі за апошнія суткі ад COVID-19 памерлі 242 чалавекі, зь іх 152 у бальніцах і 90 у дамах састарэлых, паведаміла ў нядзелю, 26 красавіка, міністэрства аховы здароўя. Днём раней гэты паказьнік складаў 369 чалавек.
- У Італіі за суткі зарэгістравана 260 сьмяротных зыходаў праз каранавірус. Гэта самая нізкая сьмяротнасьць у краіне з 14 сакавіка. Усяго ў краіне ад эпідэміі памерлі 26.644 чалавек. Колькасьць новых пацыентаў, якія трапілі за мінулыя суткі ў бальніцы, складае 2324 чалавека, гэта самая нізкая лічба з 20 сакавіка, калі эпідэмія ў Італіі была на піку, паведамляе RFI.
- Дэпартамэнт аховы здароўя Вялікабрытаніі зарэгістраваў самы нізкі паказьнік сьмяротнасьці ад COVID-19 з 31 сакавіка. За мінулыя суткі ў брытанскіх шпіталях памерлі 413 чалавек. Агульная колькасьць ахвяр эпідэміі 20 732. Аднак, як адзначае «Нямецкая хваля», рэальны паказьнік сьмяротных выпадкаў ад каранавіруск ў Злучаным Каралеўстве можа быць вышэйшым — цяперашняя афіцыйная статыстыка ня ўлічвае колькасьць памерлых у сваіх дамах і кватэрах, а таксама ў дамах састарэлых.
- У Гішпаніі за апошнія суткі ад наступстваў заражэньня каранавірусам памерлі 288 чалавек — гэта менш, чым за любы дзень ад 20 сакавіка. Напярэдадні, у суботу 25 красавіка, колькасьць сьмяротных зыходаў склала ў Гішпаніі 378. Агульная колькасьць ахвяр эпідэміі 23 190.
Беларусь папросіць крэдыты на 2,5 млрд даляраў на падтрымку эканомікі, — віцэ-прэм’ер
Урад Беларусі рыхтуе новы пакет сацыяльнай падтрымкі. Неабходнае істотнае перафарматаваньне бюджэту. На сфэру аховы здароўя (закупку абсталяваньня, тэст-сыстэмаў, даплаты мэдыкам) патрэбныя дадаткова 800 млн рублёў. Яшчэ 300 млн — на дапамогу людзям зь нізкімі даходамі.
Грошы на гэта будуць прасіць у міжнародных фінансавых арганізацыяў, расказаў віцэ-прэм’ер Дзьмітры Круты. Паводле яго, падрыхтаваныя два пакеты падтрымкі эканомікі і сацыяльнай сфэры, якія на наступным тыдні перададуць на разгляд Аляксандру Лукашэнку.
У Італіі аб'явілі аб зьмякчэньні карантыну з 4 траўня
У Італіі з 4 траўня пачнуць здымаць абмежаваньні, уведзеныя з прычыны эпідэміі каранавірусу, заявіў прэмʼер-міністар краіны Джузэпэ Контэ.
Праз тыдзень у краіне адкрыюцца паркі, будуць дазволеныя сямейныя наведваньні і жалобныя цырымоніі пры ўдзеле ня больш за 15 чалавек і захаваньні сацыяльнай дыстанцыі. Таксама з 4 траўня будзе ізноў дазволена праца будаўнічых кампаній, вытворцаў і некаторых аптавікоў.
«Мы працуем у цяперашні час над тым, каб можна было аднавіць працу вялікай часткі прамысловай і будаўнічай дзейнасьці», – растлумачыў Контэ у інтэрвію газэце La Repubblica.
Пры гэтым кампаніям будзе загадана выконваць жорсткія санітарныя нормы. Далей з 18 траўня чакаецца адкрыцьцё крам розьнічнага гандлю, музэяў і бібліятэк, а з чэрвеня – рэстаранаў, бараў, салёнаў прыгажосьці і цырульняў. Школы застануцца зачыненымі да пачатку наступнага навучальнага года ў верасьні, дадаў прэмʼер-міністар.
Міністар адукацыі: Адзіная плятформа дыстанцыйнага навучаньня школьнікаў можа зьявіцца да канца 2020 года
Міністар адукацыі Ігар Карпенка заявіў, што плятформа не заменіць клясычнай адукацыі ў клясах і ствараецца для школьнікаў, якія хварэюць ці знаходзяцца на хатняй адукацыі.
Ён адзначыў, што ня бачыць праблемы ў аднаўленьньні школьных заняткаў 20 красавіка. Паводле яго, у школах выкарыстоўваюцца ўсе неабходныя захады бясьпекі, а працуючым бацькам ня трэба турбавацца, дзе знаходзяцца дзеці.
Пасьля трох тыдняў вакацый заняткі ў школах Беларусі аднавіліся 20 красавіка. Аляксандар Лукашэнка 17 красавіка заявіў, што з 20 сакавіка трэба пачынаць вучыцца ў школах.
За дзьве гадзіны перадачы БТ не знайшлі часу на антырэкордную статыстыку каранавірусу
У «Галоўным эфіры», выніковай нядзельнай праграме тыдню на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1», не знайшлося часу на статыстыку пра распаўсюд каранавірусу: рэкордныя 873 выяўленых выпадкаў і 5 прызнаных сьмерцяў за дзень. Працытавалі Лукашэнку, «нашыя людзі трывалыя, перажылі Чарнобыль і ніякімі эпідэміямі іх не запалохаць».
У праграме дзьве аптымістычныя гісторыі жанчынаў, якія перанясьлі каранавірус, а таксама рэпартаж у жанры, які ў савецкі час называўся «журналіст мяняе прафэсію»: маладая рэпартэрка БТ паспрабавала на фабрыцы «Сьвітанак» шыць мэдычныя маскі.
Таксама ў «Галоўным эфіры» паўтарылі самыя яскравыя цытаты Лукашэнкі падчас наведваньня яшчэ ў аўторак бабруйскай «Славянкі» і нарады з чальцамі ўраду, што адбылася ў чацьвер. І дадаліся новыя.
Расея абагнала Кітай паводле колькасьці хворых на COVID-19
Усяго ў краіне заразіліся 87147 чалавек. Паводле стану на раніцу 27 красавіка ў Расеі зафіксаваныя 6198 новых выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі, паведаміў апэратыўны штаб. Гэта на 163 выпадкі менш, чым на дзень раней.
Паводле агульнай колькасьці тых, хто захварэў, Расея абагнала Кітай, дзе, паводле афіцыйных дадзеных, было зарэгістравана 83 912 выпадкаў захворваньня COVID-19.
За мінулыя суткі ў Расеі памерлі 50 чалавек, у якіх быў пацьверджаны дыягназ «каранавірусная інфэкцыя», напярэдадні памерлі 66 чалавек. Усяго з моманту пачатку эпідэміі ў краіне ад новага каранавірусу загінулі 794 чалавекі.
Японія забараніла ўезд зь Беларусі
Такія меры зьвязаныя з пандэміяй каранавірусу. Раней у гэты сьпіс ужо былі ўключаныя ЗША, Кітай, Паўднёвая Карэя і краіны ЭЗ.
Японія праз пандэмію каранавірусу пашырыла сьпіс краін, адкуль забаронены ўезд, уключыўшы ў яго Беларусь, Расею, Ўкраіну і яшчэ 11 краін Блізкага Ўсходу, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі. Адпаведнае рашэньне зацьвердзіў у панядзелак урадавы штаб па мерах супраць каранавірусу.
«Меры ў дачыненьні да гэтых 14 краін набудуць моц з 29 красавіка», — заявіў па выніках пасяджэньня прэм’ер-міністар Японіі Сіндза Абэ.
Таксама кіраўнік урада зацьвердзіў працяг прыпыненьня выдачы віз усім замежнікам да канца траўня.
Плюс 826 хворых і 3 памерлых. У Беларусі зафіксавалі 11 289 выпадкаў COVID-19
Паводле Мінздароўя, на раніцу 27 красавіка ў Беларусі зафіксавалі:
- агулам 11 289 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць вылекаваныя і памерлыя);
- 75 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (удава аднаго з памерлых кажа, гэта ня так);
- 1740 выпісаных пацыентаў, у якіх была каранавірусная інфэкцыя;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 826 выпадкаў і прызналі яшчэ 3 сьмерці, выпісалі 45 чалавек;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 153 845 тэстаў, плюс 6320 за дзень;
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісаныя дамоў на «амбуляторнае лекаваньне», не паведамляецца.
У Таджыкістане забаранілі масавыя мерапрыемствы і аб'явілі канікулы. Афіцыйна там няма каранавірусу
Улады Таджыкістана вырашылі спыніць заняткі ў школах і чэмпіянат краіны па футболе з фармулёўкамі «ў сувязі з пагрозай эпідэміі», нягледзячы на тое, што афіцыйна пакуль не абвешчана пра выпадкі каранавіруса ў краіне.
Вымушаныя канікулы ў сувязі абвешчаныя ва ўсіх дашкольных і агульнаадукацыйных
установах з 27 красавіка па 10 траўня. Заняткі ў школах аднавіліся 1 красавіка, і тады ўлады краіны запэўнівалі, што гэта бясьпечна.
На двухтыднёвыя вакацыі, па дадзеных Мінадукацыі краіны, адправяцца больш за 2 мільёны 245 тысяч дзяцей і падлеткаў і 143 тысячы настаўнікаў і пэдагогаў. Заняткі ў ВНУ працягнуцца ў звычайным рэжыме.
На пасяджэньні Рэспубліканскага штаба па прафіляктыцы каранавіруса COVID-19 таксама было вырашана забараніць па ўсёй краіне арганізацыю і правядзеньне ўсіх відаў масавых мерапрыемстваў. Двухтыднёвая паўза наступіла ў чэмпіянаце краіны па футболе.
Пакуль улады Таджыкістана адмаўляюць факты інфікаваньня каранавірусам, хоць з пачатку лютага ў карантын з падазрэньнем на COVID-19 было зьмешчана больш за 8 тысяч чалавек.
Джонсан папярэдзіў брытанцаў пра рызыку другой хвалі пандэміі
Прэмʼер-міністар Вялікабрытаніі Барыс Джонсан выступіў з заявай, у якім папярэдзіў пра максымальную рызыку другой успышкі вірусу, калі карантын будзе зьняты занадта хутка.
Прэмʼер-міністар заявіў, што Брытанія наблізілася да выкананьня першай мэты ў барацьбе з Covid-19 — зьберагчы сыстэму аховы здароўя ад празьмернай нагрузкі.
Праз эпідэмію каранавірусу ўвялі новыя правілы выдачы бальнічных
24 красавіка 2020 году Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Пра падтрымку эканомікі». У ім ёсьць новыя правілы наконт афармленьня бальнічных.
Так, бацькам дзяцей да 10 гадоў, якія наведваюць установу дашкольнай ці агульнай сярэдняй адукацыі аплоцяць бальнічны, калі гэтае дзіця стала кантактам першага ці другога ўзроўню і мае рэсьпіраторныя сымптомы.
У манастыры, дзе на Вялікдзень быў Лукашэнка, выпадкі каранавірусу, — Tut.by
Такую інфармацыю выданьню паведамілі ў Смалявіцкім шпіталі. Барысаўская япархія гэта адмаўляе, але манастыр закрыты.
Мужчынскі манастыр знаходзіцца ў вёсцы Малыя Ляды Смалявіцкага раёна. На праваслаўны Вялікдзень Аляксандар Лукашэнка разам з сынам Мікалаем наведаў мясцовую Сьвята-Дабравешчанскую царкву.
4 франты вайны з COVID: што новага за тыдзень
Як у сьвеце на гэтым тыдні прасоўваліся справы ў чатырох ключавых момантах змаганьня з пандэміяй: захадах прафіляктыкі, стварэньні патэнцыйных лекаў, мерах паратунку эканомікі і выпрабаваньні вакцынаў.
Улады Новай Зэляндыі абвясьцілі пра перамогу над эпідэміяй COVID-19
Прэм’ер-міністар Новай Зэляндыі Джасінда Ардэрн заявіла, што краіне «удалося пазьбегнуць горшага» ў сувязі з эпідэміяй каранавіруснай інфэкцыі, і цяпер эпідэмія ў краіне спыненая.
На працягу некалькіх апошніх дзён у Новай Зэляндыі выяўляюць толькі адзінкі новых выпадку заражэньня. Усяго ў краіне зафіксавана менш за 1500 тых, хто захварэў, памерлі 19 чалавек.
Патрыярх Кірыл прыгразіў «царкоўна-адміністрацыйнай адказнасьцю» сьвятарам, якія не трымаюцца карантыну
Кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы, часткай якой зьяўляецца Беларуская праваслаўная царква, патрыярх Кірыл усталяваў адказнасьць для сьвятароў Маскоўскай япархіі, якія не выконваюць меры ў сувязі з эпідэміяй каранавірусной інфэкцыі і прыгразіў ім за гэта як царкоўным судом, гэтак і «царкоўна-адміністрацыйнай» адказнасьцю. Адпаведнае распараджэньне апублікавана на сайце Маскоўскага Патрыярхату.
Лічбы на раніцу 28 красавіка
- У сьвеце зафіксавалі каля 3,065 мільёна выпадкаў COVID-19: звыш 1,01 млн у ЗША, каля 229,5 тысячы ў Гішпаніі, каля 199,5 тысячы ў Італіі, каля 166 тысяч у Францыі, звыш 158,5 тысячы ў Нямеччыне, 157 тысяч у Вялікай Брытаніі, звыш 112 тысяч у Турэччыне, каля 91,5 тысячы ў Іране, 87 тысяч у Расеі, амаль 84 тысячы ў Кітаі.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 211 611 чалавек. Зь іх 56 803 у ЗША, 26 977 у Італіі, 23 521 у Гішпаніі, 23 293 у Францыі, 21 092 у Вялікай Брытаніі, 7207 у Бэльгіі, 6126 у Нямеччыне, 5806 у Іране, 4637 у Кітаі.
- Выпісалі звыш 922 тысяч пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца звыш 1,9 млн, зь іх больш за 56 тысяч у цяжкім ці крытычным стане.
- У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 27 красавіка, пацьверджаныя 11 289 выпадкаў COVID-19 (плюс 862 за дзень). Ад каранавірусу ў Беларусі прызналі сьмерць 75 чалавек (плюс 3 за дзень), выпісалі здаровымі 1740 пацыентаў. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Міністэрства здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
Заслужаная артыстка Беларусі Надзея Мікуліч паправілася ад каранавірусу
Былая вакалістка гуртоў «Чараўніцы» і «Верасы», 67-гадовая сьпявачка і кампазытарка Надзея Мікуліч захварэла не пазьней за 23 сакавіка. У пачатку красавіка яе паклалі ў 6-ы шпіталь Менску, выявілі каранавірус і двухбаковую пнэўманію.
Раней яна расказвала Свабодзе, што ня ведае, дзе заразілася, пры тым, што асьцерагалася каранавірусу, адчувала небясьпеку. Але хадзіла ў госьці перад тым, як захварэла, «муж хадзіў на працу, езьдзіў у мэтро, у грамадзкім транспарце». 21 сакавіка яна дала канцэрт у санаторыі ва Ўзьдзенскім раёне, адчула сябе кепска праз два дні